I а
Адважныя падарожнікі. - У моры. - Крушэнне карабля. - Падарожжа ў вадзе. - Невядомы бераг. - Падлік маёмасці.
- Кіруй туды, вунь у той лясок! Цікава паездзіць у чоўне па лесе.
Доўгі Мірон сядзеў на кукішках на дне выдзеўбанага чоўна - «душагубкі». Калені яго датыркаліся да самага носа; рукамі ён трымаўся за бакі чоўна. Раптам ён падняў рукі, паказаў на лес і нават крыху прыўстаў. Човен захістаўся.
- Ды не хістай! Бачыш, што...
Віктар, які стаяў і кіраваў чоўнам, не паспеў скончыць і паваліўся на дно. Душагубка яшчэ больш захісталася, зачарпнула вады. Абодва хлопцы прыціснуліся да дна і не толькі рухацца, але і дыхаць перасталі. Нарэшце човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада.
- Ну вось, бачыш, што ты зрабіў! - з дакорам сказаў Віктар. - Навошта было ўставаць ды варушыцца? Вычэрпвай цяпер ваду!
- Дык ты ж сам вінаваты, - агрызнуўся Мірон. - Перад кім было фанабэрыцца, што спрытна спраўляешся з гэтай праклятай душагубкай?
- Ну і справіўся б, каб ты сядзеў ціха.
- Я ж і сядзеў, а вось ты забыўся, у якім чэрапе едзеш. Навошта стаяў ва ўвесь рост?
Пры гэтым Мірон прыпадняўся. Зноў захістаўся човен.
- Зноў устаеш?! - грозна крыкнуў Віктар. - Калі хочаш тапіцца, дык лезь у ваду сам адзін, а я яшчэ пачакаю.
Мірон крыху засаромеўся.
- Ну-ну, - адказаў ён лагодна. - Давай лепш вычарпаем ваду.
- А чым будзеш вычэрпваць? Чарпак узяў?
- А ты ўзяў?
- Ды хто ж ведаў, што гэтая калода будзе цячы.
- Цячы не пацякла, а зверху, бачыш, налілося.
Хлопцы нерухома сядзелі адзін супраць аднаго, нібы буслы ў гняздзе, і пазіралі то на дно лодкі, дзе было пальцы на чатыры вады, то адзін аднаму ў вочы.
Човен, які і без таго мала высоўваўся з вады, цяпер яшчэ больш апусціўся. І яшчэ больш небяспечным быў кожны рух.
А навакол разляглося неабсяжнае каламутнае мора. Далёка ззаду ледзь віднеўся бераг, ад якога яны ехалі, а наперадзе, яшчэ далей, паўставаў той лес, на які хацеў паглядзець Мірон. Да лесу гэтага было яшчэ далёка, але затое ехаць туды было цікавей. Улетку тут канчалася возера і пачыналася непраходнае балота, якое цяпер было заліта вадой. Гэтай вадзе не відаць было канца-краю, апрача той палоскі лесу на даляглядзе. І на ўсёй гэтай прасторы то там, то там вытыркаліся з вады верхавіны дрэў і кустоў - то паасобку, то групамі.
Надвор'е было ціхае, цёплае. Веснавое сонца грэла ўжо як след. Дрэвы зелянеліся. То была ўжо другая паводка на Палессі ў гэтым годзе. Першы раз адбылася яна з месяц назад, з крыгамі, замаразкамі. Пасля таго тыдні са два трымалася сапраўдная, цёплая вясна. Вада амаль сышла, але потым зноў пачаліся дажджы і снег. Ужо тыдзень, як скончылася і гэтая непагадзь. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх аколіц, асабліва з поўначы.
У такі час і трапілі сюды гэтыя два хлопцы. Яны былі аднагодкі і мелі абодва разам гадоў трыццаць пяць. Але выгляд, а таксама і характары іх былі зусім адметныя. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Віктар, наадварот, - прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам.
Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар - жвавы, імклівы. Яны заўжды спрачаліся паміж сабою, але былі найлепшымі сябрамі і жыць не маглі адзін без аднаго.
Абодва вучыліся ў тэхнікуме ў адным з акруговых гарадоў Беларусі і былі самымі стараннымі ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка. Можа, таму яны так і цікавіліся краязнаўствам, што нарадзіліся ў горадзе і ўвесь свой век пражылі ў ім.
З маленства яны былі суседзямі і таварышамі, таксама як і іхнія бацькі. Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара - на шкляной гуце.
Прыроду, лес, вёску хлопцы ведалі толькі з тых экскурсій, якія рабілі, калі вучыліся ў сямігодцы. Далей як за дзесяць кіламетраў ад горада ім ніколі не даводзілася быць.
Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх - Жуля Верна, Майн Рыда, Купера і г.д. Цікавілі іх розныя далёкія краіны, дзікуны, індзейцы, якіх цяпер бадай ужо зусім няма. Захапляліся рознымі прыгодамі з іх жыцця, што адбываліся гадоў 60-80 назад. Марылі пра пальмы, джунглі, а не бачылі добрай пушчы, якая была за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад іх. Уяўлялі сабе розныя паляванні на тыграў, сланоў, ільвоў, а вавёркі на волі не бачылі. Марылі пра мора, караблі, а не бачылі вялікага возера, якое ляжала за кіламетраў дваццаць ад іх.
У краязнаўчым гуртку яны даведаліся, што ў Беларусі наогул, а ў іх раёне асабліва, ёсць шмат куткоў, не горшых ад заморскіх. Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры.
Паступова выявілася, што Мірон цікавіўся больш батанікай, а Віктар - заалогіяй. Чытаючы кнігі, кожны з іх галоўную ўвагу звяртаў на сваю галіну навукі. У жывым кутку Віктар важдаўся з трусамі, мышамі, жабамі, а Мірон - з рознымі раслінамі. Паступова кожны з іх досыць сур'ёзна азнаёміўся са сваім любімым прадметам.
Калі прыйшла вясна і дзесяцідзённыя канікулы, хлопцам вельмі захацелася зрабіць вылазку за горад, куды-небудзь падалей, на некалькі дзён, пабачыць славутае палескае разводдзе. Такая вылазка ім здавалася цікавейшай, чым арганізаваная экскурсія ўлетку.
- Там усё ідзе па раскладзе, як заняткі ў класе, - казалі яны. - Загадзя ведаеш, дзе калі будзеш і што цябе там чакае. Не можаш пайсці, куды захочаш, спыніцца, дзе сам хочаш, рабіць, што табе падабаецца. Такія падарожнікі ў дарозе адчуваюць сябе як дома, не ведаюць незвычайных прыгодаў і небяспек. Якое ж гэта падарожжа? ! Калі яны сказалі аб сваім плане некаторым з таварышаў, дык тыя паднялі іх на смех: - Ну і выдумалі! Якая карысць ад такога падарожжа, які сэнс?
- Нічога вы не разумееце! - пакрыўдзіліся сябры і больш ужо ні з кім не распачыналі гаворкі на гэтую тэму.
Але цвёрда пастанавілі выканаць свой намер чаго б гэта ні каштавала, каб даказаць усім, што незвычайнае падарожжа цікавей, чым звычайнае.
І вось нашы падарожнікі апынуліся ў чоўне сярод бязмежнага мора. І пакуль што былі задаволены.
- Давай вычарпаем ваду шапкамі, - прапанаваў Мірон.
- Ды нічога іншага не застаецца, - згадзіўся Віктар. - Толькі баюся, што ты пачнеш варочацца, як мядзведзь, і перакуліш лодку.
- А я баюся, каб яна не перакулілася ад руху твайго языка, - спакойна сказаў Мірон і, зняўшы шапку, пачаў вычэрпваць ваду.
Зараз жа далучыўся Віктар, і вада хутка была вычарпана. Можна было ехаць далей.
- А да таго лесу, мусіць, далёка, - прамовіў Мірон.
- А што, можа, спалохаўся? Можа, назад хочаш ехаць? - упікнуў Віктар.
- Каб толькі ты не спалохаўся, - насмешліва адказаў Мірон.
- Ну, гэтага, брат, не дачакаешся! - свіснуў Віктар. - Першы раз па моры еду.
- Толькі карабель наш псуе падарожжа, - уздыхнуў Мірон.
- А ты сядзі спакойна, і ўсё будзе добра, - сказаў Віктар і ўзяўся за вясло.
- Ды навошта ты зноў становішся? - крыкнуў Мірон. - Дай лепш буду я, а ты адпачні.
- Паглядзім, - усміхнуўся Віктар і аддаў вясло.
Мірон асцярожна, але цвёрда прыладзіўся на каленях і пачаў веславаць.
- Ну, і якая ж розніца? - засмяяўся Віктар, - Ты на каленях стаіш нават вышэй, як я на нагах.
- Розніца ёсць, - сур'ёзна адказаў Мірон. - Цэнтр цяжару ніжэй, калі памятаеш фізіку.
- Наўрад ці сам ты ведаеш, дзе ў цябе цэнтр цяжару, - нездаволена буркнуў Віктар.
Асцярожна, мерна і моцна гроб Мірон, і човен пасоўваўся досыць шпарка. Вось наблізіліся першыя кусты, часам сухі чаротнік вытыркаўся з-пад вады: значыцца, скончылася возера і пачаўся бераг. Але праз некаторы час зноў выехалі ў другое, меншае возера.
- Бач, як яно тут - па некалькі азёраў ідзе, - заўважыў Віктар.
- Гэта яшчэ невядома. А можа, гэта толькі балота? Хто яго цяпер разбярэ? - сказаў Мірон.
Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек ім дарогу і пачаў адносіць човен убок. Мірон упарта стаў з ім змагацца.
- Сцеражыся! - раптам крыкнуў Віктар.
На іх нёсся вялізны, рагаты корч. Сутычка была немінучая: праскочыць з такім нязграбным чоўнам было ўжо нельга.
- Кладзіся! - крыкнуў Мірон і сам прыціснуўся да дна.
Потым працягнуў наперад вясло, упёрся ў корч і паступова пачаў паслабляць руку, каб зменшыць штуршок. Корч не стукнуўся аб човен, але затое яны сашчапіліся і далей паплылі ўжо абодва разам.
- Вось прынесла яго ліха на нашу галаву! - злаваў Віктар. - Як жа цяпер ад яго адчапіцца?
- Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, - спакойна сказаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен.
Мінулі азярцо, зноў пайшлі кусты. Часам яны здаваліся астравамі, а калі човен пад'язджаў бліжэй, то мог праехаць праз іх проста па вадзе. Трапляліся і больш вялікія дрэвы: бярэзінкі, алешыны, нават елкі.
Наперадзе, ужо недалёка, вызначаўся густы, сіні бор.
- А ён, здаецца, стаіць высока, на сухім месцы, - сказаў Віктар і ціхенька ўстаў, каб паглядзець. - Хочацца ногі выпрастаць, здранцвелі зусім.
- Ды пачакай ты, не ўставай, зараз прыедзем, - сказаў Мірон, але і сам не ўтрымаўся, прыпыніўся і пачаў прыглядацца.
- Здаецца, там нібы пясчаны ўзгорак відаць, - прамовіў ён, гледзячы з-пад рукі.
А човен тым часам наехаў на вір. Не паспелі хлопцы звярнуць на яго ўвагу, як ён панёс іх убок і стукнуў аб альховае дрэва. Штуршок быў невялікі, і нічога б не здарылася, каб абодва хлопцы сядзелі на дне. А цяпер - Віктар адразу паляцеў у ваду, пад алешыну.
- У-ух! - крыкнуў ён не то ад жаху, не то ад неспадзеўкі, не то ад холаду. Мусіць, ад усяго разам.
А човен ад яго руху так захістаўся ды закруціўся, што Мірон ледзь уседзеў, ухапіўшыся рукамі за бакі яго. Але пры гэтым ён выпусціў з рук вясло. Струмень падхапіў бездапаможны човен і панёс яго далей, да другой алешыны. Падплываючы да яе, Мірон перахіліўся цераз борт і ўчапіўся рукамі за галіну. Тут ён адчуў, што човен нібы выслізгвае з-пад яго. Трымаючыся за галіну бадай што над вадой, Мірон стараўся падцягнуць да сябе човен нагамі, але скончылася гэтая справа тым, што галіна абламалася, хлопец паляцеў у ваду дагары нагамі, а човен, атрымаўшы апошні штуршок і паварочваючыся ў розныя бакі, жвава панёсся наперад. Пакуль Мірон зноў учапіўся за дрэва ды агледзеўся, човен быў ужо так далёка, што дагнаць яго не было ніякай магчымасці, тым больш чалавеку адзетаму і абутаму.
Усё гэта адбылося так хутка, што Віктар, які таксама выбіраўся з вады і ўзлазіў на дрэва, нават не заўважыў, што робіцца за яго спіной, тым больш што Мірон за ўвесь гэты час не падаў аніводнага гуку.
Азірнуўся Віктар - ні чоўна, ні Мірона няма! Што за дзіва такое?
- Міро-о-он! - гукнуў ён.
- Ну! - адгукнулася зусім блізка.
- Дзе ты?
- Тут!
Глянуў Віктар - і вачам сваім не верыць.
- А дзе ж човен?
- Не ведаю.
- Як жа так?
- Ды так. Паплыў.
- Што ж гэта такое? - у роспачы крыкнуў Віктар.
- Прыгода, - спакойна азваўся Мірон са свайго дрэва.
- Што ж ты нарабіў?
- А можа, гэта ты нарабіў?
- Ты ж у чоўне застаўся!
- Хацеў бы я паглядзець, як ты застаўся б, каб цябе так штурханулі, - адказаў Мірон.
Так спрачаліся яны, пакуль не прайшло першае ўражанне ад няшчасця. Ніхто нікога сур'ёзна не вінаваціў, ды і карысці ніякай ад гэтага не было б, але ж трэба было па прывычцы аднаму аднаго папікнуць. І толькі пасля таго сталі яны абмяркоўваць, як выйсці са становішча.
А становішча было такое, што ім нікуды нельга было падацца, апрача таго лесу, што віднеўся наперадзе за кіламетр ці трохі болей. Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. А на залітым вадою балоце яны мелі шмат «станцый» для адпачынку - дрэвы, кусты і проста неглыбокія мясціны.