VI б
Гэтага было досыць, каб адпудзіць нападаючых так, што яны ўжо больш не соваліся.
Тым часам пачуліся крыкі ззаду. Брук азірнуўся і ўбачыў, як некалькі чалавек уцякалі ад агарожы: яны былі кінуліся наперад, наляцелі на калючы дрот і з жахам пабеглі назад. Услед ім пачалася страляніна, адзін зваліўся, — і ўсё сціхла.
Рэшта ночы прайшла ўжо спакойна.
Зранку сабраліся ўсе чацвёра разам і доўга абмяркоўвалі здарэнне.
— Праўду кажучы, — гаварыў Брук, — мне ўжо боязна зрабілася, калі яны, як мухі, палезлі з усіх бакоў. Круціцца за кожным з іх паасобку з кулямётам — немагчыма. Каб не калючая агарожа, дрэнная была б справа.
— Затое цяпер мы можам думаць, што яны больш не палезуць, — сказаў Гуд. — Яны пераканаліся ўжо, што ні з якога боку падступіцца нельга.
І сапраўды, ноч прайшла спакойна, другая — таксама. Нідзе не відаць было аніякіх адзнак прысутнасці чалавека. Падарожнікі хадзілі нават на паляванне і таксама без перашкод. Яны ўжо зусім супакоіліся і толькі вылічвалі дні, калі прыйдуць іх таварышы.
Настала чацвёртая ноч. Гуд адчуваў сябе вельмі дрэнна. Моцны прыступ ліхаманкі прымусіў яго ляжаць. Сіпай увіхаўся каля яго.
Раптам нешта штурханула катэр так, што ўсё задрыжала, а сіпай нават паваліўся на падлогу. Ускочыўшы на ногі, ён выбег і стрэльнуў, каб даць знак Бруку.
Той трывожна крыкнуў: «Што там такое?» — і асвятліў катэр.
Але нічога асаблівага не было: нейкае зламанае дрэва імчала па рацэ і з разбегу стукнулася аб катэр. Дрэва адапхнулі, яно паплыло далей, — і зноў стала спакойна.
Праз паўгадзіны зноў штурханула.
— Што за д'ябал! — закрычаў унізе сіпай. — Зноў два бервяны!
Адапхнуў і гэтыя, але праз некаторы час іх наплыло яшчэ больш. Ад хуткага бегу ракі бярвенні несліся з страшэннай сілай і кожны раз так стукалі ў катэр, што ён ледзь трымаўся. Ужо недзе трэснула, пад падлогай забулькала вада. А бярвенні ўсё прыбывалі ды прыбывалі.
Зверху прыбег на дапамогу другі сіпай. Але нельга было даць ніякай рады. Дрэвы чапляліся адно за адно, згрудзіліся перад катэрам у грэблю. Уся гэта грэбля ўпіралася ў катэр, ён адзін стрымліваў яе. Вада ж напірала з страшэннай сілай. Вось-вось адарве і панясе катэр разам з бярвеннямі. Сіпаі напружвалі ўсе свае сілы, каб раскідаць гэту грэблю, а Гуд не мог дапамагчы. Тады пабег быў на дапамогу Брук, але на паўдарозе спыніўся і закрычаў:
— Гэта ж яны, праклятыя, нарабілі! Гэта ж зроблена наўмысля! — і пабег назад да кулямёта.
Пачаў свяціць навакол, прыглядацца, — нікога не відаць.
— Калі нельга раскідаць, пускайце катэр, а там вызваліцеся! — крыкнуў ён уніз.
Але Гуд ляжаў хворы і не мог пусціць машыну. Сіпаі ўзялі яго пад рукі, падвялі да машыны…
І вось раздаўся грукат! Пад напорам вады грэбля кранулася з месца і пацягнула за сабой катэр. Як шалёныя, панесліся бярвенні, грукаючы і штурхаючыся адно аб другое, і сярод іх — бездапаможны катэр. Ён нёсся то задам, то бокам і ўрэшце наляцеў на камень…
Брук пачуў, як затрашчала абшыўка, і ўбачыў, як катэр крута нахіліўся набок; яшчэ хвіліна, другая, — і ён знік за заваротам…
Тры чалавекі, што засталіся на катэры, ні аб чым больш не маглі думаць, абы толькі самім не загінуць сярод гэтага пекла. Тым болей, што сіпаі павінны былі яшчэ ратаваць хворага механіка.
Калі катэр нахіліўся і ў яго палілася вада, сіпаі з вялікім намаганнем выцягнулі Гуда з каюты і разам з ім перабраліся на высокі борт.
А калі раптам перад імі апынуліся папуасы, пацярпеўшыя не маглі даць ім ніякага адпору.
Папуасы расцягалі дрэвы, падцягнулі катэр да берага і спакойна забралі палоннікаў.
Брук жа нічога гэтага не чуў і не бачыў. Ён застаўся адзін на ўзгорку са сваім кулямётам. Ноч была ціхая і прыгожая, як і раней. Як ні прыглядаўся і ні прыслухоўваўся Брук, ён не мог заўважыць нічога асаблівага. Усё было спакойна.
І ў сэрцы Брука зацяплілася надзея: а можа, гэта быў натуральны выпадак, можа, папуасы тут ні пры чым, можа, таварышы вернуцца, а катэр яны падрамантуюць?
Але ноч прайшла — няма. Дзень прайшоў — няма. Значыцца, гэта нарабілі папуасы! Значыцца, цяпер яго чарга. Але ён жывы не дасца!..
Надыходзіла другая ноч, жудасная ноч… Яе ён чакаў з большым страхам, як тады смерці ад папуасаў. Тады, прынамсі, ён бачыў і ведаў, што яму пагражае, а цяпер…
Ён сядзеў адзін высока на ўзгорку, і яму здавалася, што з усіх бакоў на яго глядзяць тысячы вачэй. Горш за ўсё было тое, што святла ён ужо не меў, бо электрычнасць атрымліваў з катэра.
Час ад часу яму здавалася, што з гэтага ці з таго боку набліжаюцца папуасы, і ён пачынаў страляць наўздагад, каб толькі паказаць, што ён добра сочыць. Напружанасць усіх яго пачуццяў была надзвычайная. Ён не адчуваў ніякай зморанасці, хоць другую ноч не спаў і дзень не еў.
Паўночы прайшло, але ворага ён не бачыў. Зноў з'явілася надзея. Не, мабыць, гэта не папуасы! Можа, усё гэта зрабілася само сабою? Дзе-небудзь бура паламала дрэвы на беразе ракі, вось яны і паплылі. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Каб гэта былі папуасы, яны б пільнавалі, сачылі і абавязкова зрабілі б напад у крытычны момант, а цяпер за ўвесь час нідзе аніводнага не было відаць.
Якраз у гэты момант у паветры нешта засіпела, і ля яго ўпала страла.
Брук застагнаў, быццам яго раніла. Сумнення няма! Яны тутака, навакол, сочаць за ім, набліжаюцца!.. І зноў пачаў ён сыпаць кулямі ва ўсе бакі.
Хоць бы скончылася гэтая ноч! Тады ён, прынамсі, бачыў бы і ведаў, што рабіць.
Але прайшлі, як здавалася Бруку, тыдні, пакуль яна скончылася. Ніякіх змен не прынёс дзень. Усё было па-ранейшаму ціха, спакойна, толькі сам Брук дужа змяніўся з выгляду: пахудзеў, вочы пачырванелі і глядзелі дзіка, з'явілася шмат сівых валасоў на галаве і ў барадзе. Што было рабіць? Перш за ўсё трэба пашукаць чаго паесці, бо ўсе харчы засталіся на катэры. Але як пакінуць кулямёт? Яны ж пільнуюць! Апрача таго, трэба было і адпачыць, бо столькі часу ён не спаў. Але і спаць небяспечна.
Пакуль ён разважаў, прагучаў стрэл і над галавой празвінела куля…
Гэтага толькі не хапала! Брук прыпаў да зямлі і пачаў прыглядацца. Нідзе нікога!..
Ён ужо забыўся і на голад і на сон. Значыцца, цяпер увесь дзень прыйдзецца сцерагчыся. Значыцца, гэтыя людаеды не толькі забралі катэр і таварышаў, але неяк навучыліся карыстацца стрэльбай. Гэта ўжо зусім дрэнна. Ці пратрымаецца ён да таго часу, пакуль прыйдзе Скот? Калі нічога не здарылася, яны могуць прыйсці праз чатыры-пяць дзён. Як вытрымаць, не спаўшы і не еўшы? Але, кажуць, такія выпадкі бывалі. Добра яшчэ, што ён мог спусціцца да ракі напіцца.
Ён і цяпер пачаў спускацца, але, як толькі ўстаў, зноў пачалі страляць.
Ён павінен быў спыніцца. Але смага так дапякае!.. Урэшце не вытрымаў. «Што гэта са мной здарылася? — сказаў ён сам сабе. — Хіба гэта такая незвычайная рэч — кулі? Хіба гэта першы раз?»
І ён смела пайшоў уніз. Пачаліся рэдкія стрэлы, але ён ужо не звяртаў на іх увагі. Напіўся. Потым заўважыў на беразе нейкія аб'едкі ад іх ранейшай яды і накінуўся на іх. Вярнуўшыся наверх, пастраляў крыху ў той бок, адкуль, як яму здавалася, прагучалі стрэлы. Трохі супакоіўся і адчуў, што зараз засне.
Але як быць? З аднаго боку — немагчыма пражыць столькі часу без сну, а з другога — яго ж возьмуць тады голымі рукамі!
«Лепш памерці ад кулі, чым трапіць ім у рукі», — падумаў ён, сеў так, каб відаць было, што ён сядзіць, і пачаў драмаць.
Ён меркаваў, што такім чынам папуасы будуць лічыць, што ён не спіць і пільнуе.
«Дзе там гэтым дзікунам трапіць, калі яны першы раз у сваім жыцці трымаюць стрэльбу», — супакоіў ён сам сябе і адразу заснуў.
Але праз некаторы час ён пачуў, што нехта штурхануў яго ў плячо. Ускочыў, азірнуўся — здаецца, нікога няма. Паглядзеў на плячо, на руку, — кроў. Паранілі!
Плячо пачало балець. Відаць, куля закранула косць. Кроў лілася цурком.
Доўга ён важдаўся, каб як-небудзь адной рукой і зубамі перавязаць рану. Неяк перавязаў, але кепска: кроў толькі пайшла крыху цішэй.
Цяпер ён ужо ўбачыў, што нічога не будзе, што прыйдзецца загінуць, і не ад раны, а ад слабасці наогул. Добра было б самому зрабіць сабе смерць, але з кулямёта кулі сабе ў лоб не пусціш.
Тым часам набліжалася ноч, трэцяя страшная ноч…
Пры адной думцы аб ёй Брук адчуваў, што апошнія сілы пакідаюць яго. Зноў сядзець аднаму на ўзгорку, нічога не бачыць і разам з тым ведаць, што побач у цемры сочаць за табой сотні вачэй, што адтуль дабіраюцца да цябе, каб з'есці… Як толькі ўзялося цямнецца, Брук пачаў ужо ўвесь дрыжаць як ад марозу; зубы яго так ляскаталі, што яму даводзілася прытрымліваць іх рукой. Напружанасць была такая, што яму здавалася, нібы ён бачыць і чуе за некалькі кіламетраў навакол, хоць сапраўды нічога не было відаць нават за некалькі крокаў.
А ў гэтай цемры яны, людаеды… Шмат іх… і, мабыць, блізка, блізка…
Зараз схопяць… будуць смажыць… з'ядуць… І, заплюшчыўшы вочы, пачаў ён сваёю адной рукой страляць так, нібы тут ваявала цэлае войска.
І вось — апошні патрон…
Зноў упала каля яго страла, але ён маўчаў… Потым на ўзгорку пачаўся спеў, потым дзікі рогат…
Тады падышлі папуасы і спакойна забралі страціўшага розум містэра Брука…