×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел пяты I 3

Раздзел пяты I 3

У той самы час, як рыцар Данііл, парушыўшы хрэснае цалаванне, закоўваў князя Вячку ў кайданы, на адным з ліўскіх гарадзішчаў, якое цудам ацалела ў дрымучых лясах, сівы стогадовы старэйшына гадаў на агні і вадзе аб лёсе і будучыні свайго народа. «Бачу вялізную чорную курыцу, — шаптаў ён пустым бяззубым ротам. — Яна выходзіць з марскіх хваль. Яна вышэй за самую высокую сасну нашых лясоў. Вось прыпынілася, села ў пясок, закудахтала… І нясецца… Не яечкі выкочваюцца на пясок, а тэўтонскія рыцары. Іх не злічыць! Іх як пяску на марскім беразе! Гора лівам! Дзе нашы багі? Дзе нашы героі? Бачу бераг… Туман… Чайкі плачуць… Шэпчацца пясок у дзюнах… Бачу мужчыну і жанчыну… Дзяцей няма… Хто гэта? Гэта — лівы. Гэта ўсё, што засталося ад шматлікага магутнага народа. Гора лівам!» І сівы старэйшына патушыў святы агонь, выліў святую ваду і заплакаў.

Князь Вячка не ведаў пра гаданне старога ліва. Князь Вячка не плакаў. На руках і на нагах у яго былі жалезныя кайданы. Ён сядзеў у павозцы на клубку злямчанай мокрай травы. Яго везлі ў Рыгу.

Шэрае мокрае неба плыло над галавой. Блішчалі латы і мячы кнехтаў рыцара Данііла, якія ахоўвалі палоннага.

На мокрым кані пад'ехаў да Вячкі граф Пірмонт, запытаўся: — Можа, князь, хоча папіць вады?

— Браціла, твой хаўруснік, усю ваду выпіў у Дзвіне, — адказаў Вячка і замоўк да самай Рыгі.

У ланцугах яго везлі па той самай зямлі, дзе ён нядаўна з мячом у руцэ на хутканогім войскім кані імчаўся штурмаваць Гольм і Рыгу. «Чаму тут, на гэтых берагах, шмат бурштыну? — падумаў раптам зняволены князь. — Гэта слёзы людзей, якія запякліся пад ветрам і сонцам».

Зноў дзяцінства прыгадалася яму. Успамінамі пра дзяцінства ахоўваў, адгароджваў ён сваю душу ад жорсткай скрухі і знявагі палону.

…Страшныя казкі расказвала карміцелька Маланка. Нахілялася над хлапчукоўскім ложкам і пачынала, прыглушваючы голас:

Прыйдзе Кокаць —

Барада з локаць,

А вочы па яблыку.

— Хто такі Кокаць? — спалохана шаптаў Вячка, і сэрца аж разрывалася ад прадчування нечага незвычайнага, нечага жахлівага, пра што ён зараз даведаецца.

— Спі… Не ведаю, — ціха адказвала Маланка. — А заўтра з табою махалку зробім, каб ваўкалак да церама не падбягаў.

І раніцою, як толькі княжыч прачынаўся, яна знаходзіла стары біты гаршчок, насыпала ў яго гарачага вуголля, Вячка прывязаў гаршчок да вяроўкі. Яны, маленькі княжыч і старая карміцелька, чакалі, як змоўшчыкі, вечара, цемры, і потым Вячка, уздрыгваючы ад нецярплівасці і хвалявання, выходзіў на цёмны пустынны двор, моцна сціскаў у руцэ вяроўку і пачынаў шырока размахваць сваёй махалкай-жароўняй. Здавалася ў змроку, над зямлёй са свістам праносіцца вогненны іскрысты твар страшыдлы. Аднойчы гэтую іхнюю забаўку высачыў князь Барыс.

— Церам спаліць хочаце? — грозна закрычаў ён, моцнай бацькоўскай рукою схапіўшы Вячку за вуха.

— Мы ваўкалака адганяем, — зморшчыўся ад болю Вячка.

— Ваўкалака? Якога ваўкалака? Гэта ты, трухлявая калода, падвучваеш малога? І князь, не раздумваючы, адважыў старой карміцельцы звонкую аплявуху. Усю ноч Маланка праплакала, потым з невялічкай карчагі выпіла хмельнага мёду з макам, заружовілася, павесялела, даверліва сказала Вячку:

— Добры мёд. Выпіла, і быццам святы божачка басанож па душы прабег…

— Ніякага ваўкалака няма, — назаўтра, палагаднеўшы, навучаў князь Барыс маленькага сына. — Не княжая справа слухаць казкі смердаў. Яны, цёмныя смерды, выдумалі ваўкалака.

Але Вячка цвёрда ведаў — ваўкалак ёсць! Гэта князь Усяслаў Полацкі, Усяслаў Чарадзей, які некалі жыў і ваяваў на тутэйшай зямлі, прымае воблік ваўкалака, бегае ўсю ноч ад Полацка да Кіева, ад Дзвіны да Варажскага мора, ахоўвае ад чужынцаў сваю дзяржаву. Пакуль бегае, пакуль не спіць, пакуль крычыць пад небам ваўкалак — будуць стаяць і Полацк, і Друцеск, і Менск.

Аднойчы старэйшы Вячкаў брат княжыч Васілька пачаў усім казаць, што яго, Васільку, укусіў у лесе ваўкалак. Выскачыў з-за куста, зваліў з ног і хапануў зубамі за левую пятку.

— Не верыце? — пытаўся Васілька у баярскіх дочак Васіліны і Дабраславы. — Зараз я вам пакажу.

Ён паказаў дзяўчынкам пятку — на ёй і сапраўды была невялікая крывавая ранка. Васіліна з Дабраславаю бляднелі ад страху.

— На мяне цяпер іншы раз нешта находзіць, — таямніча шаптаў Васілька. — Іду ці ў цераме, ці ў лесе і раптам адчуваю, нібы іклы ў мяне ў роце вырастаюць, нібы даўжэзныя кіпцюры на пальцах праклёўваюцца, і так хочацца завыць, закрычаць, некага ўкусіць.

Яны ішлі лугавой сцяжынкаю непадалёку ад гарадскога вала. Звінелі чмялі… Пырхалі стракозы… Пасля нядаўняга дажджу былі рассыпаны па лузе невялікія лужынкі, быццам кавалачкі блакітнага шкла…

Раптам Васілька грозна ашчэрыў зубы, упаў на зямлю і, стаўшы на чацвярэнькі, загаўкаў, завыў. Васіліна з Дабраславаю абамлелі. Потым іх адлівалі вадою, а князь Барыс уласнаручна сек Васільку па голай скуры лазою і прыгаворваў:

— Будзеш хлусіць? Будзеш баярскіх дочак палохаць? Кажы — хто цябе ўкусіў?

— Ой, татачка, ніхто мяне не кусаў,— прасіўся вішчаў Васілька. — Гэта я пятою на драўляны калок наступіў.

Ішло лета за летам, падрастаў Вячка і больш не баяўся ваўкалака. Наадварот — шукаў з ім сустрэчы. Любіў ускочыць на каня і, без сядла, імчаўся ў лугі, на лясныя паляны. Змрок стукаўся ў грудзі. Кажаны віліся над галавою. Спалоханыя зайцы і казулі ратаваліся, хто як мог. Кіпеў над галавой нябесны блакіт. Уздрыгвала зямля. Чулася бушаванне ветру ў далёкіх лясах. А ён імчаўся, імчаўся…

Ён рос і пачынаў разумець сваю зямлю, свой край, людзей гэтага краю. Працавіты, мужны, цвёрды народ бачыў ён вакол сябе. Чалавек да чалавека падбіраўся тут, як каменьчык да каменьчыка. Нязломнай сцяною ўставаў полацкі люд на шляху прыблудаў-тэўтонаў, хцівых ненажэрцаў, якія чорнымі вужакамі хацелі прапаўзці на Усход па берагах Дзвіны. І калі споўнілася Вячку шаснаццаць сонцаваротаў, пакляўся ён у Полацку, у святой Сафіі, што да апошняга дыхання будзе бараніць сваю зямлю.

У Рызе Вячку павезлі на епіскапскае падвор'е. Выйшлі з капэлы Альберт з Генрыхам, і Альберт, наліваючыся жорсткай чырванню, закрычаў кнехтам:

— Раскаваць!

Падбег да князя, сам паспрабаваў зняць з яго ланцугі, але жалеза ёсць жалеза, і давялося чакаць каваля. Тоўсты нетаропкі каваль прыйшоў з усім сваім інструментам, выцер мяккім кулаком бліскучы ад поту лоб, ні разу не глянуўшы Вячку ў твар, раскаваў яго.

Кукейноскага князя павялі ў пакоі епіскапа. Вячка расціраў знямелыя ад халоднага жалеза рукі, у якіх, здавалася, спынілася кроў. Ён быў як у нейкім сне, ішоў, дыхаў, бачыў людзей і бачыў вінтавую лесвіцу перад сабою, бачыў высокія дзверы, на якіх былі выразаны крыжы і анёлы. Ён бачыў, як нямы служка епіскапа нялоўка спатыкнуўся на парозе, ледзьве не ўпаў, і епіскап так глянуў на служку, што той пабялеў, змізарнеў ростам.

Вячка сеў на мяккі пуф. Альберт, Генрых і тлумач Фрэдэрык стаялі насупраць. Свечак не палілі, бо яркае дзённае святло шырокімі струменямі ўрывалася ў пакой праз вокны, зашклёныя каляровым венецыянскім шклом. Толькі там, дзе на глухой сцяне вісела распяцце Хрыста ў цярновым вянку, было змрачнавата, бо промні сонца не даляталі датуль, расквечвалі бліскуча нацёртую воскам дубовую падлогу.

— Рыцар Данііл горш за язычніка, — сказаў епіскап. — Парушыў клятву, дадзеную на святым крыжы. Наш капітул пакарае яго. Мы адбяром яго лен96, які ўручыла яму рыжская царква.

Генрых і Фрэдэрык згодна кіўнулі галовамі. Вячка маўчаў.

— Кароль Кукейноса, пэўна, стаміўся? — падышоў да Вячкі Альберт і паклікаў: — Імануіл!

На парозе з'явіўся нямы служка. — Дзе мая дачка? — глянуў у шэра-сталёвыя вочы епіскапу Вячка. Гэта былі першыя ягоныя словы за доўгі час палону.

— Няхай манашка Эльза прывядзе князёўну, — загадаў Альберт Імануілу.

Цяпер ужо Генрых адчуў, як падступае да сэрца нясцерпнае хваляванне. Хутка павінны былі прывесці Соф'ю. Як сустрэне яна бацьку? Як гляне на яго? Што скажа?

Больш года выкарчоўваў ён, Генрых, з дзіцячай няспелай душы валуны язычніцтва, святым словам здзіраў, выпальваў з яе каросту крывіцкай мовы. Не толькі пра Соф'ю думаў, аддаючы ёй столькі сіл, часу, крыві. Пра сябе думаў. Думаў пра таго маленькага дурненькага лэта, якога калісьці завезлі ў Тэўтонію і кінулі, як у мора, у інакшае жыццё, у інакшую мову. Ён, дзякуй богу, не ўтапіўся, выплыў на паверхню, хоць і наглытаўся напачатку горкай вады. Але ці трэба было ратавацца тады, у тым моры? Ці трэба было выплываць? Вось якія думкі праколвалі душу апошнім часам. Галасы мёртвых лэтаў крычалі ў ім па начах. Голас юнай Убеле, што загінула ад ягонага мяча, голас Вардэке. Ці трэба было тады выплываць? А ці не лепей было б пайсці на дно, назаўсёды застаўшыся маленькім лэтам?

«Ёсць адзін бог, адна дзева Марыя, адна мова — латынь, — горача маліўся ён, калі бяссонніца халоднымі пальцамі хапалася за горла. — Усё іншае — непатрэбнае. Усё іншае — ад нячысціка. Род людскі толькі аслабляе сябе, разбіваючыся на плямёны, народы, мовы. Толькі рымскі народ павінен жыць пад сонцам, вялікі, недзялімы рымскі народ».

_

96 Лен — зямельнае ўладанне, якое пажыццёва ўручалася васалу за ягоную службу.

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE

Раздзел пяты I 3 Chapter Five I 3

У той самы час, як рыцар Данііл, парушыўшы хрэснае цалаванне, закоўваў князя Вячку ў кайданы, на адным з ліўскіх гарадзішчаў, якое цудам ацалела ў дрымучых лясах, сівы стогадовы старэйшына гадаў на агні і вадзе аб лёсе і будучыні свайго народа. «Бачу вялізную чорную курыцу, — шаптаў ён пустым бяззубым ротам. — Яна выходзіць з марскіх хваль. Яна вышэй за самую высокую сасну нашых лясоў. Вось прыпынілася, села ў пясок, закудахтала… І нясецца… Не яечкі выкочваюцца на пясок, а тэўтонскія рыцары. Іх не злічыць! Іх як пяску на марскім беразе! Гора лівам! Дзе нашы багі? Дзе нашы героі? Бачу бераг… Туман… Чайкі плачуць… Шэпчацца пясок у дзюнах… Бачу мужчыну і жанчыну… Дзяцей няма… Хто гэта? Гэта — лівы. Гэта ўсё, што засталося ад шматлікага магутнага народа. Гора лівам!» І сівы старэйшына патушыў святы агонь, выліў святую ваду і заплакаў.

Князь Вячка не ведаў пра гаданне старога ліва. Князь Вячка не плакаў. На руках і на нагах у яго былі жалезныя кайданы. Ён сядзеў у павозцы на клубку злямчанай мокрай травы. Яго везлі ў Рыгу.

Шэрае мокрае неба плыло над галавой. Блішчалі латы і мячы кнехтаў рыцара Данііла, якія ахоўвалі палоннага.

На мокрым кані пад’ехаў да Вячкі граф Пірмонт, запытаўся: — Можа, князь, хоча папіць вады?

— Браціла, твой хаўруснік, усю ваду выпіў у Дзвіне, — адказаў Вячка і замоўк да самай Рыгі.

У ланцугах яго везлі па той самай зямлі, дзе ён нядаўна з мячом у руцэ на хутканогім войскім кані імчаўся штурмаваць Гольм і Рыгу. «Чаму тут, на гэтых берагах, шмат бурштыну? — падумаў раптам зняволены князь. — Гэта слёзы людзей, якія запякліся пад ветрам і сонцам».

Зноў дзяцінства прыгадалася яму. Успамінамі пра дзяцінства ахоўваў, адгароджваў ён сваю душу ад жорсткай скрухі і знявагі палону.

…Страшныя казкі расказвала карміцелька Маланка. Нахілялася над хлапчукоўскім ложкам і пачынала, прыглушваючы голас:

Прыйдзе Кокаць —

Барада з локаць,

А вочы па яблыку.

— Хто такі Кокаць? — спалохана шаптаў Вячка, і сэрца аж разрывалася ад прадчування нечага незвычайнага, нечага жахлівага, пра што ён зараз даведаецца.

— Спі… Не ведаю, — ціха адказвала Маланка. — А заўтра з табою махалку зробім, каб ваўкалак да церама не падбягаў.

І раніцою, як толькі княжыч прачынаўся, яна знаходзіла стары біты гаршчок, насыпала ў яго гарачага вуголля, Вячка прывязаў гаршчок да вяроўкі. Яны, маленькі княжыч і старая карміцелька, чакалі, як змоўшчыкі, вечара, цемры, і потым Вячка, уздрыгваючы ад нецярплівасці і хвалявання, выходзіў на цёмны пустынны двор, моцна сціскаў у руцэ вяроўку і пачынаў шырока размахваць сваёй махалкай-жароўняй. Здавалася ў змроку, над зямлёй са свістам праносіцца вогненны іскрысты твар страшыдлы. Аднойчы гэтую іхнюю забаўку высачыў князь Барыс.

— Церам спаліць хочаце? — грозна закрычаў ён, моцнай бацькоўскай рукою схапіўшы Вячку за вуха.

— Мы ваўкалака адганяем, — зморшчыўся ад болю Вячка.

— Ваўкалака? Якога ваўкалака? Гэта ты, трухлявая калода, падвучваеш малога? І князь, не раздумваючы, адважыў старой карміцельцы звонкую аплявуху. Усю ноч Маланка праплакала, потым з невялічкай карчагі выпіла хмельнага мёду з макам, заружовілася, павесялела, даверліва сказала Вячку:

— Добры мёд. Выпіла, і быццам святы божачка басанож па душы прабег…

— Ніякага ваўкалака няма, — назаўтра, палагаднеўшы, навучаў князь Барыс маленькага сына. — Не княжая справа слухаць казкі смердаў. Яны, цёмныя смерды, выдумалі ваўкалака.

Але Вячка цвёрда ведаў — ваўкалак ёсць! Гэта князь Усяслаў Полацкі, Усяслаў Чарадзей, які некалі жыў і ваяваў на тутэйшай зямлі, прымае воблік ваўкалака, бегае ўсю ноч ад Полацка да Кіева, ад Дзвіны да Варажскага мора, ахоўвае ад чужынцаў сваю дзяржаву. Пакуль бегае, пакуль не спіць, пакуль крычыць пад небам ваўкалак — будуць стаяць і Полацк, і Друцеск, і Менск.

Аднойчы старэйшы Вячкаў брат княжыч Васілька пачаў усім казаць, што яго, Васільку, укусіў у лесе ваўкалак. Выскачыў з-за куста, зваліў з ног і хапануў зубамі за левую пятку.

— Не верыце? — пытаўся Васілька у баярскіх дочак Васіліны і Дабраславы. — Зараз я вам пакажу.

Ён паказаў дзяўчынкам пятку — на ёй і сапраўды была невялікая крывавая ранка. Васіліна з Дабраславаю бляднелі ад страху.

— На мяне цяпер іншы раз нешта находзіць, — таямніча шаптаў Васілька. — Іду ці ў цераме, ці ў лесе і раптам адчуваю, нібы іклы ў мяне ў роце вырастаюць, нібы даўжэзныя кіпцюры на пальцах праклёўваюцца, і так хочацца завыць, закрычаць, некага ўкусіць.

Яны ішлі лугавой сцяжынкаю непадалёку ад гарадскога вала. Звінелі чмялі… Пырхалі стракозы… Пасля нядаўняга дажджу былі рассыпаны па лузе невялікія лужынкі, быццам кавалачкі блакітнага шкла…

Раптам Васілька грозна ашчэрыў зубы, упаў на зямлю і, стаўшы на чацвярэнькі, загаўкаў, завыў. Васіліна з Дабраславаю абамлелі. Потым іх адлівалі вадою, а князь Барыс уласнаручна сек Васільку па голай скуры лазою і прыгаворваў:

— Будзеш хлусіць? Будзеш баярскіх дочак палохаць? Кажы — хто цябе ўкусіў?

— Ой, татачка, ніхто мяне не кусаў,— прасіўся вішчаў Васілька. — Гэта я пятою на драўляны калок наступіў.

Ішло лета за летам, падрастаў Вячка і больш не баяўся ваўкалака. Наадварот — шукаў з ім сустрэчы. Любіў ускочыць на каня і, без сядла, імчаўся ў лугі, на лясныя паляны. Змрок стукаўся ў грудзі. Кажаны віліся над галавою. Спалоханыя зайцы і казулі ратаваліся, хто як мог. Кіпеў над галавой нябесны блакіт. Уздрыгвала зямля. Чулася бушаванне ветру ў далёкіх лясах. А ён імчаўся, імчаўся…

Ён рос і пачынаў разумець сваю зямлю, свой край, людзей гэтага краю. Працавіты, мужны, цвёрды народ бачыў ён вакол сябе. Чалавек да чалавека падбіраўся тут, як каменьчык да каменьчыка. Нязломнай сцяною ўставаў полацкі люд на шляху прыблудаў-тэўтонаў, хцівых ненажэрцаў, якія чорнымі вужакамі хацелі прапаўзці на Усход па берагах Дзвіны. І калі споўнілася Вячку шаснаццаць сонцаваротаў, пакляўся ён у Полацку, у святой Сафіі, што да апошняга дыхання будзе бараніць сваю зямлю.

У Рызе Вячку павезлі на епіскапскае падвор’е. Выйшлі з капэлы Альберт з Генрыхам, і Альберт, наліваючыся жорсткай чырванню, закрычаў кнехтам:

— Раскаваць!

Падбег да князя, сам паспрабаваў зняць з яго ланцугі, але жалеза ёсць жалеза, і давялося чакаць каваля. Тоўсты нетаропкі каваль прыйшоў з усім сваім інструментам, выцер мяккім кулаком бліскучы ад поту лоб, ні разу не глянуўшы Вячку ў твар, раскаваў яго.

Кукейноскага князя павялі ў пакоі епіскапа. Вячка расціраў знямелыя ад халоднага жалеза рукі, у якіх, здавалася, спынілася кроў. Ён быў як у нейкім сне, ішоў, дыхаў, бачыў людзей і бачыў вінтавую лесвіцу перад сабою, бачыў высокія дзверы, на якіх былі выразаны крыжы і анёлы. Ён бачыў, як нямы служка епіскапа нялоўка спатыкнуўся на парозе, ледзьве не ўпаў, і епіскап так глянуў на служку, што той пабялеў, змізарнеў ростам.

Вячка сеў на мяккі пуф. Альберт, Генрых і тлумач Фрэдэрык стаялі насупраць. Свечак не палілі, бо яркае дзённае святло шырокімі струменямі ўрывалася ў пакой праз вокны, зашклёныя каляровым венецыянскім шклом. Толькі там, дзе на глухой сцяне вісела распяцце Хрыста ў цярновым вянку, было змрачнавата, бо промні сонца не даляталі датуль, расквечвалі бліскуча нацёртую воскам дубовую падлогу.

— Рыцар Данііл горш за язычніка, — сказаў епіскап. — Парушыў клятву, дадзеную на святым крыжы. Наш капітул пакарае яго. Мы адбяром яго лен96, які ўручыла яму рыжская царква.

Генрых і Фрэдэрык згодна кіўнулі галовамі. Вячка маўчаў.

— Кароль Кукейноса, пэўна, стаміўся? — падышоў да Вячкі Альберт і паклікаў: — Імануіл!

На парозе з’явіўся нямы служка. — Дзе мая дачка? — глянуў у шэра-сталёвыя вочы епіскапу Вячка. Гэта былі першыя ягоныя словы за доўгі час палону.

— Няхай манашка Эльза прывядзе князёўну, — загадаў Альберт Імануілу.

Цяпер ужо Генрых адчуў, як падступае да сэрца нясцерпнае хваляванне. Хутка павінны былі прывесці Соф’ю. Як сустрэне яна бацьку? Як гляне на яго? Што скажа?

Больш года выкарчоўваў ён, Генрых, з дзіцячай няспелай душы валуны язычніцтва, святым словам здзіраў, выпальваў з яе каросту крывіцкай мовы. Не толькі пра Соф’ю думаў, аддаючы ёй столькі сіл, часу, крыві. Пра сябе думаў. Думаў пра таго маленькага дурненькага лэта, якога калісьці завезлі ў Тэўтонію і кінулі, як у мора, у інакшае жыццё, у інакшую мову. Ён, дзякуй богу, не ўтапіўся, выплыў на паверхню, хоць і наглытаўся напачатку горкай вады. Але ці трэба было ратавацца тады, у тым моры? Ці трэба было выплываць? Вось якія думкі праколвалі душу апошнім часам. Галасы мёртвых лэтаў крычалі ў ім па начах. Голас юнай Убеле, што загінула ад ягонага мяча, голас Вардэке. Ці трэба было тады выплываць? А ці не лепей было б пайсці на дно, назаўсёды застаўшыся маленькім лэтам?

«Ёсць адзін бог, адна дзева Марыя, адна мова — латынь, — горача маліўся ён, калі бяссонніца халоднымі пальцамі хапалася за горла. — Усё іншае — непатрэбнае. Усё іншае — ад нячысціка. Род людскі толькі аслабляе сябе, разбіваючыся на плямёны, народы, мовы. Толькі рымскі народ павінен жыць пад сонцам, вялікі, недзялімы рымскі народ».

_____