×

LingQをより快適にするためCookieを使用しています。サイトの訪問により同意したと見なされます クッキーポリシー.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел першы II 5

Раздзел першы II 5

— Я пра царкву, князь, кажу, — прыгладзіў шырокай даланёю свае чэрмныя валасы Халадок. — Не можа праваслаўная вера адступіць перад верай рымскай. Памаліся богу, святой прачыстай багародзіцы і Міхаілу, архангелу божаму, князь. Едзь у Полацк да ўладыкі Дзяніса, а калі трэба, да кіеўскага мітрапаліта. Хай у званы ўдараць. Хай усе пачуюць пра бяду нашу: і Кіеў, і Ноўгарад, і Пскоў. Сцяною станем на Дзвіне.

— Айцец Сцяпан ужо там, у Полацку, — сказаў Вячка. — Ён будзе гаварыць з уладыкам.

— Едзь ты, князь. Сам едзь.

Халадок вымаўляў гэтыя словы з такой рашучасцю, з такой настойлівасцю, так натхнёна гарэлі ягоныя вочы, што Вячка разгубіўся. Не чакаў ён такога спрыту ад старшага дружынніка. Халадок мячом умее гаварыць, а не словамі, а тут…

— Хочаш мяне ў Полацк адправіць, а сам Кукейноскі сталец узяць? — пранізліва, ранячы позіркам душу, глянуў ён на Халадка. Халадок пабляднеў, потым пачырванеў, пакутліва прыкусіў губу, рухнуў на калені, пакорліва схіліўшы рыжавалосую галаву. Шырокія, абвітыя кальчугай плечы дрыжалі. У святліцы наступіла цішыня, і гэта гнятлівая цішыня, адчуваў Вячка, з кожным імгненнем аддаляла яго ад вернага воя.

— Устань, Халадок, — сказаў ён, — не да твару палачаніну стаяць на каленях. Толькі перад богам мы на каленях стаім.

— Князь, адпусці ў Полацк, — хрыпла папрасіў Халадок, не ўзнімаючы галавы. — У манастыр пайду. Чарняцом стану. За цябе і за Кукейнос буду маліцца.

— Устань, — быццам не пачуў ягоных слоў Вячка. — Не гожа князю раба свайго прасіць, але я прашу. Забудзь мае словы. Не падумаў я, што сказаць. Як верабей, вылецела слова, і не зловіш яго. Я ведаю — ты верны мне.

Халадок павольна ўзняўся. На твары не было ні крывінкі. Ён усё яшчэ не адважваўся глянуць у вочы князю.

— Пайшлі драць пер'е з тэўтонскіх гусей, — рашуча і нават, падалося, весела выгукнуў Вячка, шырока расчыніўшы дзверы святліцы. Яны спусціліся на першы ярус церама, прайшлі па доўгім вузкім калідоры, дзе на сценах дзень і ноч гарэлі паходні. На падлогу ад іхніх фігур клаліся чорныя пачварныя цені, зломленыя якраз пасярэдзіне. Гулкае рэха ляскатала пад змрочнымі скляпеннямі. У самым канцы калідора Вячка выцягнуў з туравага рога, што быў прыбіты да сцяны, паходню, пачаў свяціць ёю, бо па няроўных каменных сходах трэба было спускацца ў падзямелле. Паветра тут было спёртае і вельмі халоднае. Адчувалася блізкасць ракі — вада буйнымі бліскучымі кроплямі сачылася па сценах падземнага хода. Вячку думалася, што так жалобна блішчаць вочы людзей, якія шмат летаў назад сустрэлі смерць у гэтым аспідным змроку. Вячка ўдарыў нагою ў нізенькія тоўстыя дзверцы і разам з Халадком увайшоў у катавальню.

Гэта быў локцяў на пятнаццаць удоўжкі і ўшыркі скляпок з каменнай слізкай падлогай, з вельмі высокай столлю. У столь быў убіты жалезны масіўны крук, праз які былі прапушчаны шматлікія рамяні і вяроўкі дыбы. Печачка, складзеная з круглага палявога камення, тулілася ў самым куце катавальні. Там на агніста-чырвоных галавешках да белага колеру награваліся абцугі, нажы, тонкія вострыя спіцы.

Спатнелы кат у высокіх чорных скураных ботах, у чырвоным фартуху адпачываў, седзячы каля печачкі, трымаючы ў руках бізун. Яго падручны, шыракаплечы светлавалосы здаравяка, круціў ручку калаўрота, нацягваючы, наструньваючы рамяні дыбы, на якой трашчалі косці Брацілы. Тэўтон са скрываўленай спінай ляжаў на ахапку жоўтай саломы і ціха стагнаў. Каты, убачыўшы Вячку з Халадком, пакланіліся ім у пояс.

Жорсткі быў век. Жорсткі і крывавы. Людзей дзесяткамі і сотнямі спальвалі ў велізарных драўляных клетках. Жанчын і грудных дзяцей саджалі на палю. Жывое чалавечае цела рвалі абцугамі, пратыкалі спіцамі, распілоўвалі піламі, расціскалі дубовымі брусамі і камянямі. У Германіі адразалі языкі прыгонным сялянам, у Візантыі вырывалі вочы парфіраносным імператарам. «Пакінем ім толькі вочы, каб аплакваць свае няшчасці!» — такі надпіс загадаў выбіць на скале пра сваіх ворагаў дахрысціянскі цар Навухаданосар. У хрысціянскі век не пакідалі і вачэй.

— Што выпыталі? — строга глянуў на катаў Вячка.

Старшы кат, кіўнуўшы галавой у бок Брацілы, які хрыпеў на дыбе, сказаў нізкім прастуджаным голасам:

— Мураль прызнаўся, што хацеў забіць цябе, князь. І князёўну Соф'ю ўкрасці. — А тэўтон?

— Маўчыць. У тэўтона моцная скура.

Вячка падышоў да палоннага, сеў перад ім на кукішкі запытаўся:

— Хто ты?

Тэўтон глянуў на яго мутнымі вачамі, ціха адказаў:

— Граф Гадзескальк Пірмонт, божы пілігрым. Служу апостальскай царкве рыжскаму епіскапу Альберту фон Буксгеўдзену.

Галава ягоная ўпала на грудзі, у горле захрыпела, заскрыгатала, і ён сказаў нібы трызнячы:

— Недасяжная мара мужчыны — памерці там, дзе нарадзіўся.

— За што ты хацеў забіць мяне? Я князь гэтага горада, кароль па-вашаму.

— Ты не кароль. Ты каралёк. Кароль Уладзімір сядзіць у Полацку. Ты — бяльмо на воку нашай царквы, а ў царквы павінен быць зрок арла, бо толькі ёй дадзена ўбачыць будучыню гэтага краю.

Вячка прыжмурыў вочы, сціснуў зубы, падышоў да дыбы, на якой канаў Браціла.

— З-за чаго, мураль, адзеўся ў сабачую шкуру? Хлеба і мёду было мала? Адказвай, пёс.

— Блуд найшоў,— прастагнаў Браціла. Крывавымі вуснамі ён пачаў шаптаць: — Божа, не пакінь мяне… Умацуй душу маю… Дай сілу…

— Ты памрэш, — сказаў яму Вячка. — Ты гэта ведаеш. Ачысці душу перад смерцю. Скажы, хто мінулым летам папярэдзіў тэўтонаў аб тым, што князь Уладзімір пойдзе на Рыгу? Хто?

Кат павольна пачаў выцягваць з печачкі распаленую вострую спіцу. Браціла глянуў на ката, на гэтую спіцу. Ён успомніў пальцы маці, пяшчотныя пальцы. Калі, зусім маленькі, ён прачынаўся, мяккія матчыны пальцы гладзілі яму шчокі. Уся ягоная знясіленая плоць затрапяталася перад новай пакутай, ён кожнай клетачкай цела адчуў, што дасягнуў мяжы, пасля якой не вытрымае, лопне, як гліняны гаршчок, сэрца. Ён глуха выдыхнуў:

— Баярын Доўбня з Полацка.

— Здыміце мураля з дыбы, — загадаў Вячка. — Хай ноччу дзяк паспавядае яго. Хутка мураль памрэ.

Каты замітусіліся, пачалі зматваць, скручваць, як павукі павуціну, свае смяротныя снасці.

— Што будзем рабіць з тэўтонам? — запытаўся ў Вячкі Халадок.

Пры гэтых словах граф Пірмонт устрапянуўся, расплюшчыў вочы і нечакана для ўсіх засмяяўся. Але гэта не быў смех вар'ята, калі душа ад страху ці ад болю збіваецца са светлай сцежкі. Тэўтон смяяўся весела, шырока, і вочы ззялі розумам і нязломнай сілай. Каты і Халадок разгублена глядзелі на Вячку.

— Смяешся? — прыкусіў губу Вячка. — Няўжо табе, граф, весела паміраць? Няўжо не хочаш дажыць да старасці, да белага воласу і чорнага зуба?

Тэўтон з пагардай зірнуў на маладога князя. Потым прыўзняўся, сеў на скрываўленай саломе, сасчапіўшы на каленях загарэлыя моцныя рукі.

— Я не баюся смерці,— цвёрда сказаў Пірмонт. — Забі мяне, каб я хутчэй стаў перад божым прастолам. Забі мяне, брудны палахлівы каралёк.

Ён зноў засмяяўся.

— І я не баюся болю. Я плюю на тваіх крывавых шкурадзёраў. Я з ордэна «Братоў рыцарства Хрыстовага». На сваім белым плашчы пад вышываным чырвоным крыжам я нашу чырвоны меч.

— Мечаносец, значыць? — з нянавісцю глянуў на тэўтона Халадок.

— Мечаносец. Я валодаю мячом так, як ты не валодаеш сваёй бруднай лыжкай, сёрбаючы свінячую пахлёбку.

— Князь, дазволь, і я адсяку яму галаву, — пацямнеў у твары, умольна глянуў на Вячку Халадок.

Але Вячка маўчаў. Нешта стрымлівала яго. За сваё нядоўгае суровае жыццё ён пакрысе навучыўся сцішваць свой гнеў. Так моцнай цвёрдай рукой на ўсім скаку спыняюць гарачага баявога каня, стальнымі цуглямі разрываючы яму губы. Вячка слухаў пахвальбу тэўтона і маўчаў.

_ Палахлівыя чэрві,— пляваўся крывавай слінай Пірмонт.

— Князь, дазволь, — прасіў Халадок, павольна выцягваючы з похваў меч.

— Я трапіў у пастку. Я прайграў не ў рыцарскім паядынку, не ў чыстым полі, а ў падземнай мышалоўцы, — не спыняўся тэўтон. — Мне не пашанцавала. Але я памру як герой і атрымаю нябесныя вянцы ад Хрыста.

— Твой лёс у тваіх руках, — з халоднай усмешкай сказаў нарэшце Вячка. — Калі ты не пустабрэх, калі ты адважны вой, калі ў тваіх жылах чырвоная кроў, а не тухлая балотная вада, праз тры дні я скрыжую з табой меч і кап'ё. Мы сыдземся з табой у паядынку. Хто каго стопча канём, выб'е з сядла, таго й верх. Так сказаў я, князь Кукейноса. Маліся свайму лацінскаму богу, тэўтон.

Вячка ўдарыў даланёй па рукаяці свайго мяча, упарта, як перад скачком, нахіліў галаву і, ні на кога не глянуўшы, імкліва выйшаў з катавальні.

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE

Раздзел першы II 5 Chapter one II 5 Розділ перший II 5