Выйсце крыніц 3-2
…Яны выехалi з двара, калi дзед залез ужо на печ, а Мiхал пайшоў спаць у адрыну. Адна Марыля цёмным высокiм ценем стаяла ля варот, быццам праводзячы хлопцаў бог ведае ў якую дарогу.
Наперадзе ехаў на мышастым Кахновым канi Андрэй. Ехаў, высока закiнуўшы галаву.
За iм на цiсавай Кахновай кабылцы, неяк бокам, па‑залiхвацку, ехаў Кандрат. Кабылка няспешна трухала i часам, быццам адчуваючы вiльготны водар далёкiх паплавоў, шумна пырхала мяккiмi ноздрамi.
За старэйшымi братамi ехалi побач, нага да нагi, Павал i Алесь. Павал на сплова‑стракатым жарэбчыку, Алесь на спакойнай белай кабыле. Конскiя капыты з мяккiм плясканнем паглыблялiся ў цёплы пыл вулiцы.
Вёска ўжо засыпала. Рэдка‑рэдка ў якiм акне свяцiў, як памiраў, ружовы агеньчык. У схаладнелым паветры гучна разлягаўся недзе далёка сабачы брэх. З дубовых шатаў на могiлках гучаў часам неўразумелы крык дрэўнага жабяняцi‑квакшы. Больш нiчога.
Хлопцы ехалi, падмасцiўшы пад сябе кажухi i сярмягi. У празрыста‑сiнiм небе гарэла на захадзе Вечарнiца. Пералiвалася, як сцюдзёная кропля.
I Алесь шырока расплюшчанымi вачыма глядзеў на ўсё гэта, быццам з заўтрашняй ранiцы яму выпадала жыць зусiм пад iншым небам, без гэтай Вечарнiцы, без гэтых скупых паўночных сузор'яў, без самотных Стажараў, якiя цесна сышлiся, каб пагаманiць аб справах нябесных i зямных. Цёмныя стрэхi вёскi засталiся за iмi. Конскiя капыты зачвякалi: табунок пераязджаў цераз вiльготны лугавы клiн каля затокi. Потым дыхнуў халаднаваты павеў з Дняпра i пачалi наблiжацца круглыя, як стагi, хмызы.
Табун спусцiўся з адхону, i конi па калена зайшлi ў ваду, а яна закалыхалася, расплылася кругамі ад iхнiх ног, зрабiла зоркi дрыготкiмi i вельмi вялiкiмi.
Цiсавая кабылка зайшла ў ваду глыбей за ўсiх i працягнула мяккую храпу да вячэрняй зоркi ў вадзе. Зорка замiтусiлася ў трывозе.
– Зараз праглыне, – шэптам сказаў Алесю Андрэй, i Алесь усмiхнуўся ўдзячна. Андрэй разумеў яго.
Конi пiлi доўга, усмак, часам адрываючыся ад вады. Чуйна слухалi вецер з зарэчных паплавоў, адпачывалi, а потым зноў прагна прыпадалi да зорак, да кругоў, якiя бясконца беглi ў змрок.
– Досыць вам, воўчае мяса, – буркнуў нарэшце Кандрат.
Падымалiся на адхон, i чуваць было, як булькоча ў пакруглелых конскiх жыватах вада.
…На лузе Алесь з Паўлам спуталi коней. Старэйшыя хлопцы нацягалi сушняку. Зыркае полымя рвалася ўжо кудысьцi ў ноч.
Яны сядзелi на шырокай касе, што ўдавалася ў Дняпро. На ёй былi там‑сям раскiданы дубы з рэдкай яшчэ лiстотай. Толькi вузкi перашыек памiж касой i высокiм мацерыковым берагам быў сухi. Астатнюю частку поймы займаў мокры луг, якi цягнуўся вярсты за дзве. За iм былi, невыразныя цяпер у цемры, шаты парку, а над шатамi гарэў яшчэ, як амаль нябачная iскра, далёкi агеньчык.
– У Раўбiчавым маёнтку нехта не спiць, – сказаў Павал.
– I наша вогнiшча бачыць, – дадаў Алесь.
– Напэўна бачыць, – сказаў Кандрат, – адсюль да Раўбiчавага дому вярсты тры якiх. Замаўчалi, гледзячы на агонь.
Полымя шугала высока. Конi даўно разышлiся ад яго па касе. Толькi страляла часам у агнi вiльготная галiнка, ды ўтрапёна сакаталi жабы ў далёкай затоцы, ды на другiм беразе, у лугах, раз‑пораз крычаў драч. Як палатно дзёр.
Хлопцы ляжалi вакол агню на кажухах i свiтках, ляжалi нерухома, з шырокiмi ад задуменнасцi вачыма. Толькi Кандрат не мог супакоiцца. Ды i той клаў бульбу ў прысак асцярожна i амаль бязгучна.
Маленькi, меншы за самую маленькую iскру, свяцiўся ў цемры далёкi‑далёкi агеньчык. Бабухнула недзе: вiдаць, абвалiўся ў ваду бераг.
– А памятаеш, Кандрат, як бацька нас упершыню на начлег узяў? – спытаў Андрэй.
– Анягож. I собiла ж яму якраз у тую ноч.
– А што такое? – спытаў Павал.
– Ноч была, – цiха сказаў ён, – такая ж, як сёння, цёмная. I якраз на пачатку мая. Берагi ў такi час заўсёды бурацца. Мы, малыя, ляжалi на кажусе. I раптам бабухнула. Далёка, глуха, страшна. Зусiм не як бераг… I потым звон аднекуль здалёк. Узгоркi i дрэвы яго глытаюць, i таму звон рэдкi. Як на хаўтурах.
Памаўчаў.
– У тую ноч старэйшая дачка Раўбiчава нарадзiлася. Дык гэта Раўбiч з гарматы стрэлiў. Там, пэўна, весела было, а тут страшна. Надта ўжо цёмная ноч была.
Маўчалi. Вадкая барва трапятала на тварах, i тварам было горача, а патылiцы ласкава сцiскаў начны халадок.
– А цi праўду гэта кажуць, Андрэйка, што Раўбiч той – чараўнiк? – спытаў Кандрат.
– Чаму гэта? – упершыню за ўвесь вечар спытаў Алесь.
– Не ведаю, – сказаў Кандрат.
– I я чуў, – упэўнена сказаў Павал. – Бо ён вунiятам быў.
– Цю на цябе, – сказаў Кандрат. – Гэтак выходзiць, што i наша мацi чарадзейка. Яна ж таксама з вунiятаў была, аж пакуль iх ад вунii не адвялi. Сiлком адводзiлi. Каб гэта яшчэ поп убачыў, што яна дагэтуль смуткуючага[1] ў каморы хавае, дык звону было б, як на сабачае вяселле.
– Наша мацi – iншае, – сказаў Андрэй. – Ну забаранiлi малiцца як хочацца, дык яна i кiнула.
– А Раўбiч, кажуць, сапраўды чараўнiк. Бо нi з чым не змiрыўся, як унiю знiшчылi, i, кажуць, у першую ж ноч прадаў д'яблу душу, абы толькi не па‑iхняму выйшла… – Хто гэта бачыў? – вальнадумна спытаў Алесь.
– Я‑то не бачыў, – уздыхнуў Андрэй. – Магчыма, i брэшуць… Але нешта ўсё ж ёсць. Начамi ён, кажуць, не спiць. I агнёў ужо нiдзе няма, а iскра ўсё свецiць. Аднойчы наш Кастусь Боўда праходзiў апоўначы паўз ягоныя клецi, дык так, казаў, серай з подпалу цягне! I потым, ноччу раптам у яго людзi. Толькi поначы. Невядома як з'яўляюцца, невядома, куды знiкаюць. Дый цi людзi яшчэ?
– А можа, яны там фальшывыя грошы робяць? – засмяяўся Кандрат.
– Не, – памаўчаўшы, упэўнена сказаў Андрэй. – Нешта там усё ж няладна. Во i зараз, глядзi, агонь.
Усе мiмаволi павярнулiся i доўга глядзелi ў змрок, на далёкую iскрачку, амаль нябачную адсюль i такую кволую, што нават камар мог загасiць яе.
Агонь трохi сцiшыўся, стаў нiжэйшы, цемра з‑за купiн усё часцей лiзала цёмнымi языкамі пляму святла ля вогнiшча, а гэты далёкi агонь, вельмi самотны ў цемры, усё гарэў i гарэў.
Кандрат падкiнуў у цяпло сушняку. Сядзеў нерухома. Усе астатнiя таксама як анямелi. Алесь глядзеў на iх i адчуваў, што любiць iх, што няма для яго цяпер на зямлi даражэйшых твараў, чым грубавата‑суровы твар Паўлюка, чым мяккае і пяшчотнае аблiчча Андрэя, чым твар Кандрата, на якiм цяпер блукала хiтраватая ўсмешка, быццам ён успамiнаў нешта вясёлае.
– З чараўнiкамi гэтымi, наогул, бяда, – сказаў Андрэй. – Ведаеце хутар Памярэч?
– Ведаю, – сказаў Павал. – Ля Недабылiхi. Нiчога там няма. Толькi некалькi камянёў на балоце ды здзiчэлыя слiвы… А што?
– Там усе людзi ў чорны год паўмiралi. Ды iм нiчога, усе хрышчоныя. А вось у малодшай нявесткi толькi што дзiця нарадзiлася. Так i не паспелi ахрысцiць.
– Чым жа яно вiннае? – сурова спытаў Павал.
– Не ведаю, – сказаў Андрэй. – Вiдаць, i сам бог разумее, што тут нешта не да ладу i справядлiвасцi тут няма, прымушаць бязвiннага пакутаваць. Таму такая душа i лётае над блiжэйшым раздарожжам i плача, просiць прахожага, каб ахрысцiў.
– Што ж ён, спаймае яе, у царкву панясе? – усмiхнуўся Павал. – Нашто, – сказаў Андрэй. – Проста роўна ў поўнач, калi iдзеш раздарожжам i яна пачне над тваёю галавою лётаць, – назавi першае лепшае iмя, мужчынскае цi жаночае.
– А адкуль гэта ведаць? – спытаў Павал.
– А тут ужо ўгадаць трэба. Бо як не ўгадаеш – так душа i будзе лётаць. Сем год будзе лётаць, а потым заплача i паляцiць у пекла з вечнаю крыўдаю на людзей.
_
[1] Смуткуючы – статуэтка Хрыста ў паставе роздуму.