×

우리는 LingQ를 개선하기 위해서 쿠키를 사용합니다. 사이트를 방문함으로써 당신은 동의합니다 쿠키 정책.

image

Давыд-Гарадоцкія каноны, Канон агароду

Канон агароду

Адгарадзіся ад жывёл, людзей плотам вакол хаты – дык і будзе агарод. Праца ў ім чорная, цяжкая, брудная, але агарод гарадчукоў корміць. Калі ідзе купля-продаж, менш звяртаюць увагі на хату, а больш на агарод. Ці вялікі, ці не ў нізіне, ці не топіцца вадой падчас паводкі, бо менавіта ў агародзе зарыты капіталы гарадчукоў. Агарод не толькі пад кантролем гаспадароў, але і пад законам уладаў. Асцярожныя, перажыўшыя за свой век мноства формаў улады, гарадчукі кажуць: «Не чапай уладу, пакуль улада не зачапіла цябе».

Дзіву даешся: шэрыя, непаглядныя пасля зімы грады вакол хаты, якіх-небудзь дзесяць сотак, гатовыя забраць і сцежку да хорткі, калі б не была выкладзена цэглай, вясной непазнавальна мяняюцца пад капаніцаю гаспадароў, набываюць выгляд геаметрычных фігур, мініяцюрных пірамід, якія праз тры тыдні ўпрыгожацца кветкамі ўсіх краін і ўсіх сартоў. Яны так заварожваюць цябе, што ты адчуваеш сябе калі не ў батанічным садзе, дык у індыйскім фільме, а мо нават у казцы.

– Пайду накрыю грады цэлафанам, бо па тэлевізары казалі, маразы будуць.

– Пайду паліваць гарод, бо і заўтра суша, казалі па радыё.

– Шчо рабіць? Нешчо роза не прынялася. Аж з Рыгі везла.

– Ой, Ганно, адпачні, а то і памрэш на градах, – чуецца ля магазіна ў чарзе па хлеб.

Чаму ў чарзе? Таму што акуратныя гарадчукі і гарадчанкі прыходзяць акурат у тую мінуту, як прывозяць з пякарні хлеб. Чаго прыходзіць раней, губляць час. Трэбо ў агародзе палоць грады. I вось тысяча жанчын у адзін дзень і адзін час пад спякотным сонцам у тры пагібелі твораць з агарода дасканалыя палотны, нібы ткуць з жывых кветак дываны.

Сем колераў у вясёлкі, дык памножце яшчэ на сем, і то, відаць, не будзе хапаць, каб уявіць усю гаму фарбаў. Тут баішся пахваліць якуюсь кветачку, каб, не дай Бог, не пакрыўдзіць іншую. Кветкі рэдка зразаюць у вазы, хіба на дарогу якомусь паважанаму госцю альбо школьніку на Першае верасня. А ўжо ўмеюць выхваляцца новымі сартамі і відамі адна перад адною, нібы энцыклапедыю чытаюць. У агарод ходзяць штодня, пакуль носяць ногі і слухаюцца рукі. Зеллю, якое надакучвае ўсё жыццё, знаходзяць месца:

– Кінь кралям. Альбо вымасці ямку на вуліцы, вымасці.

Увечары, калі сонца яшчэ не закацілася за раку, стомлена сядзе жанчына на ганак і не мае сілы разагнуць спіну… можа, упершыню за дзень і звярнула ўвагу на хараство свайго агарода. Аж сляза пабегла па загарэлай шчацэ… можа, успомніла, што й маці і бабуля, як і яна, у тры пагібелі гаравалі на агародзе. А пах, дзівосны пах трохі ўзнімае настрой, кружыць галаву, абуджае ўспаміны… але чамусьці ўсё горкія. Такая прыгажосць, а на сэрцы вечны неспакой: чалавек недзе затрымліваецца, дзеці далёка ў горадзе нешта не звоняць, ужо ж і тэлефон паставілі, от каб дзяды дажылі да гэтага цуду! Бярэш ў рукі трубку, ідзеш у агарод, на вуліцу, на раку… і звоніш куды хочаш, хоць касманаўтам. Трэба разагрэць боршч. Неахвота. Пасля, калі прыйдзе гаспадар. Як багата дзён у годзе, а ўсё трэба жыць у імя агарода, на агародзе, для агарода. О, Бог паслаў і час, і месца, і лёс. А каб перайначыць усё… нанова пачаць жыць… не… і жадання няма, і грэх… як-ніяк усё ж заробак ёсць. Насенне красак – у пакецікі, у пакецікі на рынкі краіны, і зноў жыві надзеямі на агарод.

– О, точка выпаўзла. А няхай жыве… усіх не паўбіваеш.

«Трэба такога цвета, як гэна роза, дачушцы сукенку купіць. Дзе на ўсэ грошай набрацца?» Старыя, паміраючы, казалі: «Даглядай чоловека, дзяцей і хату з гародам». Але ж божачкі, божачкі, пальцы месяцамі не ведаюць гэтага гарадскога манікюру і лаку. Агарод – удзел жанчын, іх крыж і радасць. Жанкі ўстаюць першымі і кладуцца спаць апошнімі, просячы на ноч ціхі дождж, каб усім соладка спалася. Узімку ўсім хочацца адпачыць ад агарода… і сумуюць без кветак. На градах адзін попел ды косці ад рыб. Ну, не верыцца: няўжо зноў зямелька наводзіць прыгажосць? На агародзе працу вытрымліваюць тыя, хто не баіцца адзіноты. Хто яе баіцца, ідзе працаваць у магазін, у школу. 3 краскамі не размаўляюць, але вельмі часта дакранаюцца да іх, гладзяць. Яны таксама, як чалавек, жывуць нядоўга. Глядзіш на кветкі, і абавязкова прыгадваюцца дзеці, вяселле і пацалункі. 3 агарода красак нябожчыку на труну не рвуць. А нашчо? Калі ён іх сам даглядаў, паліваў. Няхай растуць. I ў раддом не носяць. Няхай дзіцятко з маленства да жывых кветак прывыкае. Як нельга ўявіць неба без воблакаў, так і гарадок без агародаў уявіць нельга. Гарадчук не танцуе гожа, калі адзежа непрыгожа. Пры кветках не будзеш хадзіць абы-як. У горад – да царквы, да ўнівермага, па хлеб, да клуба, да бібліятэкі, да чайной-рэстарана – гарадчук не выйдзе ў будзённай адзежы, хоць ты яму вырві залаты зуб. Вакса і шчоткі для абутку заўсёды на ганку, пад рукою і на віду. Нават кветку, якую пабіў град, падвязваюць, даюць яшчэ пажыць.

– Не тапчы мне краскі! – сварыцца маці, высунуўшыся ў акно, — бяры ровар ды хлеба прывязі.

Усе дзеці ў гэтых адносінах вельмі акуратныя, дапытлівыя і разборлівыя: якія кветкі адналетнія, а якія мнагалетнія. Павязі падлетка на абласную выставу, спытай, якія кветкі растуць на Палессі, і ён на адным дыханні выдасць: астры, гваздзікі, ружы, ліліі, настурцыі, півоні, рамонкі, флёксы, касачы, гладыёлусы, пахучы гарошак, цынія, мацыёла, бальзамін, ляўконія, ільвіны зеў, мальва, павоі, вяргіні, рута мята, медуніца, эшольцыя, аксаміткі, наготкі, калы, дэльфініум, незабудкі, ландышы, хрызантэмы, маргарыткі, петунія, бяссмертнікі… Не верыцца, што на дзесяці сотках, дзе трэба і цяпліцы мець, можа такі міні батанічны сад размясціцца. Дагляд за імі надакучвае да хваробы, а паспрабуй, забяры ад гарадчанкі граду кветак – і біцца будзе, і судзіцца пацягне. Нельга ўявіць гарадчанку без яе прыязнасці да прасяной кашы, галубцоў, кампоту з вішняў, наліснікаў, халоднага, дранікаў, бульбы са смажаным у цыбулі салам, да пірагоў з вішнямі, чарніцамі, макам, карыцай. Цяжкавата ўявіць яе без залатых завушніц, каляровых хустак, паліто з каракулевым каўняром. I зусім цяжка ўявіць яе без любові да кветак. Калі гандлюе гарадчанка на рынку насеннем кветак, яна непрыступная, як бэз, які расце перад вокнамі міліцыі. Вось чаму перад сном пасля рытуальных слоў малітвы «Святы Божа, Святы крэпкі, Святы бяссмертны, памілуй нас» яна дадае: «Пашлі, Госпадзі, дожджык, коб у гародзе кветкі не згарэлі».

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE