×

Mes naudojame slapukus, kad padėtume pagerinti LingQ. Apsilankę avetainėje Jūs sutinkate su mūsų slapukų politika.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел пяты II 1

Раздзел пяты II 1

Мінуў не адзін сонцаварот… Шмат разоў мяняўся лёд на Дзвіне і ляцелі вясною гусі на далёкія лясныя азёры. Нарадзіліся немаўляты. Памерлі дзяды. Цякло жыццё — кароткі агеньчык існавання між начных берагоў вечнасці.

У спякотным Рыме аддаў богу душу папа Інакенцій IIІ, і адразу ж кардыналы ўсчалі між сабой грызню за папскую тыяру, за права быць «рабом рабоў божых». Ліў Каўпа, адданейшы Каўпа, як называў яго ў сваёй хроніцы Генрых, быў прабіты навылёт кап'ём эста, прыняў тайны цела божага, са шчырай споведдзю выпусціў дух і ўсё сваё дабро завяшчаў рыжскай царкве. Літоўскі князь Даўгерут памёр на халоднай саломе ў тэўтонскай турме. Яго высачылі і схапілі ў той час, калі ён вяртаўся з невялічкай дружынаю з Ноўгарада ў свае лясы.

Тэўтоны прывабілі вялікага князя полацкага Уладзіміра Валадаравіча «вечным мірам». Так бортнікі прывабліваюць пчалу на талерку з мёдам. Пад час размоў аб міры Альберт прымусіў Уладзіміра адмовіцца ад збору даніны з ліваў. Лівы пачалі плаціць даніну рыжскай царкве. Хоць запозна, але Уладзімір зразумеў сваю памылку, і калі да яго прыйшлі Вячка са старэйшынам эстаў Лембіту і прапанавалі аб'яднанай сілаю выступіць супроць Рыгі, згадзіўся, пачаў збіраць войска. Цёплай зеленатраўнай вясною войска сышлося ў стольным Полацку. Уладзімір, вясёлы і рашучы, надзеў баявую кальчугу, шлем, абпаясаўся мячом, узбег на багаты княжацкі струг пад крыкі ўсяго войска, і раптам з горла хлынула кроў. Князь упаў і памёр. Войска, якое ўжо ішло, расцягвалася ў чырвона-сінюю вужаку на правым беразе Дзвіны, спынілася, анямела. Вялікае Біла загрымела ў Полацку. Усіх тэўтонаў і лацінян, якія былі ў той час у Полацку, забілі. Баярына Доўбню схапілі ў Пятніцкай царкве і пасадзілі на палю. Але ў смерці князя ўбачылі нядобры знак нябёсаў, і войска разышлося, растала, як сакавіцкі снег.

Вячку нечаканая смерць князя таксама надоўга выбіла з сядла. Ніколі не сябравалі яны з Уладзімірам Валадаравічам, варагавалі. Уладзімір скінуў з полацкага стальца ягонага бацьку, пастрыг у чарняцы старэйшага брата Васільку. Дзе ўжо было сябраваць? І вось упершыню за доўгія гады зразумелі яны, што павінны стаць пад адзін сцяг, біць агульнага ворага, а вялікі князь узяў ды памёр. Здавалася, нават і цяпер не захацеў стаць саюзнікам Вячкі.

За час, што праляцеў з таго дня, як Вячка спаліў Кукейнос і зрабіўся князем-ізгоем, сівізна прабілася ў яго на скронях, рэзкія маршчыны ляглі на лоб. З дружынаю ў дзве сотні вояў, з княгіняй Дабранегай і трыма яе чалядніцамі, з Клімятам Аднарукам і Мірошкам, якога ўжо даўно звалі Міронам, з Якавам Палачанінам і Кулінай, у якіх ужо нарадзілася двое хлопчыкаў, вандраваў князь па лясах і балотах, то ў Літву знікаў, то на Дзвіну выходзіў і ў тэўтонскіх лоддзях днішчы прасякаў, то ішоў да земгалаў і разам з імі паляваў на рыцараў-мечаносцаў.

Тэўтоны пачалі зваць Вячку шалёным каралём і таксама стараліся ўпаляваць яго, некалькі разоў падсылалі забойцаў. Аднойчы ў гнілым балоце на левым беразе Дзвіны Халадок з воямі выцягнуў з багны страшэнна худога знясіленага чалавека, які ледзьве дыхаў. Па сівой барадзе ў незнаёмца жвава бегалі сінія балотныя жучкі. Ён ляжаў, заплюшчыўшы вочы, калаціўся ад холаду пад яркім гарачым сонцам. «Жывыя мошчы», — сказаў пра яго Халадок. І вось калі Вячка прыйшоў глянуць на няшчаснага, нахіліўся над ім, гэтыя «мошчы» раптам выхапілі з-пад бруднай закарэлай кашулі нож, і толькі крыж-складзень, што вісеў на грудзях, выртаваў князя ад немінучай смерці.

— Хто паслаў цябе? — запытаўся Вячка ў незнаёмца, калі таго вялі, каб утапіць у балоце.

— Усё роўна паміраць, — спыніўся, раўнадушна глянуўшы на князя, незнаёмец. — Скажу. Мяне паслаў клірык Генрых з Рыгі. Ведаеш такога? Ён чамусьці вельмі ненавідзіць цябе.

Генрых… Зноў Генрых… Вячка не забыўся пра яго, добра помніў Рыгу, напружаныя вочы маладога светлавалосага свяшчэнніка, якія чагосьці страсна чакалі, помніў дачку Соф'ю, што загаварыла раптам на чужой мове. Як узрадаваўся тады Генрых, якім шчасцем заззяў ягоны твар!

Цяпер Вячка разумеў, што самы галоўны і самы люты ў яго праціўнік — Генрых. Мечаносцы і Альберт хочуць узяць у скораных тубыльцаў зямлю і волю, Генрыху ж гэтага мала — ён хоча забраць душу. «Душу я табе не аддам, — з халоднай рашучасцю думаў Вячка. — Душа ў мяне адна і да скону будзе належаць зямлі, якая мяне ўзгадавала. Я ведаю, чаму ты так ненавідзіш мяне і ўсіх падобных на мяне. Таму, што ты выракся свайго кораня, сваёй веры і мовы і хацеў жыць спакойна і шчасліва, але раптам убачыў, што ёсць на свеце людзі — і такіх людзей нямала! — якім даражэй за жыццё, даражэй за ўсе зямныя багацці вернасць бацькоўскаму краю. Хай гэты край бедны, хай туманы і дажджы часта засланяюць у ім сонца, але ён родны — і гэтым сказана ўсё. У цябе няма такога краю, ты страціў яго, ты хацеў назаўсёды забыцца пра яго, але ёсць няўмольны голас памяці, голас продкаў, голас крыві. І ён будзіць цябе ўначы, прымушае глядзець на цёмнае неба, на няясныя абрысы воблакаў, што плывуць і плывуць, як маўклівыя караблі, над соннай зямлёй. Што гэта? Хто гэта? Воблакі? Душы продкаў? Душа тваёй маці, пра якую ты забыўся, стараўся забыцца? Няшчасны чалавек! Ты сам аслеп і хочаш, каб усе аслеплі. Але такога не бывае, бо вочы дадзены людзям, каб глядзець і бачыць. Бачыць сваю маці, сваю зямлю, бачыць сцяжынку, што праз гора і радасць нязменна вядзе да сваёй маці і да сваёй зямлі».

Пасля раптоўнай смерці Уладзіміра Валадаравіча Вячка з дружынаю канчаткова перайшоў на землі эстаў. Было некалькі прычын, каб зрабіць такі выбар. Па-першае, тэўтоны, з усяго маху стукнуўшыся аб жалезны полацкі шчыт, зразумелі, што на Дзвіне прайсці на ўсход ім не ўдасца, і дзякуй богу, што хоць удалося замацавацца ў нізоўі Дзвіны. Усю сілу свайго напору Альберт і мечаносцы перанеслі на эстаў, ваяўнічых, адважных, але разрозненых. Запалаў агонь крывавай жорсткай вайны ў Сакале, Унгаўніі, Віроніі, Сантагане і іншых маакондах100. А дзе былі тэўтоны, дзе была вайна, там з'яўляўся і Вячка, нездарма ж у Рызе і ў Рыме яго аб'явілі самым страшным сваім ворагам, шалёным каралём. Па-другое, вельмі блізка сышоўся, пасябраваў князь са старэйшынам эстаў Лембіту і ягоным сынам Меэлісам, якія вялі ўпартую бязлітасную барацьбу супраць тэўтонаў. Малева101 эстаў разам з дружынай Вячкі не адзін раз ушчэнт разбівала і мечаносцаў, і рыцараў епіскапа Альберта. Але яны, здавалася, былі шматгаловай гідраю — на месцы адсечанай галавы адразу ж вырастала новая, нават дзве галавы вырасталі, і няўмольныя жалезныя шчупальцы зноў лезлі ўперад, крышачы ўсё, што траплялася на дарозе.

У тым самым баі, дзе прабілі кап'ём Каўпа, загінуў і Лембіту. Радасныя тэўтоны адсеклі эсту галаву і ў скураным мяшку павезлі яе ў Рыгу да епіскапа Альберта. У мёртвай галавы вочы былі адкрытыя, і калі галаву паказалі ўсяму капітулу, клірыкі ўздрыгнулі — такая злосць, такая ярасць свяцілася ў мёртвым позірку. Альберт загадаў патаемна ад усіх закапаць галаву Лембіту ў манастырскім садзе.

Вячка ўжо не мог спыніцца. Дарогі да прымірэння з тэўтонамі не было, ды ён і не шукаў яе, не хацеў шукаць. А тэўтоны шукалі. Некалькі разоў ад Альберта і Генрыха прыязджалі ганцы з прапановаю заключыць ганаровы мір. Альберт абяцаў Вячку, калі той пакладзе меч у похвы, вярнуць Кукейноскае княства. Кукейнос называўся ўжо Кокенгаўзенам, і тэўтоны пабудавалі ў ім каменную цытадэль.

«Ці расце там мой дубок?» — неаднойчы думаў Вячка, калі ноч апускалася на паходны лагер, калі зоркі, як строгія неадступныя вочы, пачыналі глядзець з цёмнага неба на цёмную зямлю. Князь адчуваў і разумеў, што тэўтоны з кожным годам усё больш урастаюць у Лівонію, усё больш мацнеюць і робяцца тым каменем, які не спіхнеш, не зваліш у адзіночку. Мала аднаго пляча. І ён паехаў у Ноўгарад.

Дарога заняла амаль месяц. Князь плыў на ладдзі па нетаропкіх рэках і бурных азёрах. На волаках валачане пад наглядам волацкага цівуна выцягвалі лоддзю з вады на бераг, падклаўшы пад яе дубовыя каткі. Потым ставілі ладдзю на колы — вялізную павозку, у якую былі ўпрэжаны цяглавыя коні,— і везлі да наступнай вады. Цяжка рыпелі колы. Матаючы галовамі, павольна ішлі коні, і хмары аваднёў кружыліся над імі.

_

100 Мааконд — у старадаўніх эстонцаў — зямля.

101 Малева — войска ў старадаўніх эстонцаў.

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE

Раздзел пяты II 1

Мінуў не адзін сонцаварот… Шмат разоў мяняўся лёд на Дзвіне і ляцелі вясною гусі на далёкія лясныя азёры. Нарадзіліся немаўляты. Памерлі дзяды. Цякло жыццё — кароткі агеньчык існавання між начных берагоў вечнасці.

У спякотным Рыме аддаў богу душу папа Інакенцій IIІ, і адразу ж кардыналы ўсчалі між сабой грызню за папскую тыяру, за права быць «рабом рабоў божых». Ліў Каўпа, адданейшы Каўпа, як называў яго ў сваёй хроніцы Генрых, быў прабіты навылёт кап’ём эста, прыняў тайны цела божага, са шчырай споведдзю выпусціў дух і ўсё сваё дабро завяшчаў рыжскай царкве. Літоўскі князь Даўгерут памёр на халоднай саломе ў тэўтонскай турме. Яго высачылі і схапілі ў той час, калі ён вяртаўся з невялічкай дружынаю з Ноўгарада ў свае лясы.

Тэўтоны прывабілі вялікага князя полацкага Уладзіміра Валадаравіча «вечным мірам». Так бортнікі прывабліваюць пчалу на талерку з мёдам. Пад час размоў аб міры Альберт прымусіў Уладзіміра адмовіцца ад збору даніны з ліваў. Лівы пачалі плаціць даніну рыжскай царкве. Хоць запозна, але Уладзімір зразумеў сваю памылку, і калі да яго прыйшлі Вячка са старэйшынам эстаў Лембіту і прапанавалі аб’яднанай сілаю выступіць супроць Рыгі, згадзіўся, пачаў збіраць войска. Цёплай зеленатраўнай вясною войска сышлося ў стольным Полацку. Уладзімір, вясёлы і рашучы, надзеў баявую кальчугу, шлем, абпаясаўся мячом, узбег на багаты княжацкі струг пад крыкі ўсяго войска, і раптам з горла хлынула кроў. Князь упаў і памёр. Войска, якое ўжо ішло, расцягвалася ў чырвона-сінюю вужаку на правым беразе Дзвіны, спынілася, анямела. Вялікае Біла загрымела ў Полацку. Усіх тэўтонаў і лацінян, якія былі ў той час у Полацку, забілі. Баярына Доўбню схапілі ў Пятніцкай царкве і пасадзілі на палю. Але ў смерці князя ўбачылі нядобры знак нябёсаў, і войска разышлося, растала, як сакавіцкі снег.

Вячку нечаканая смерць князя таксама надоўга выбіла з сядла. Ніколі не сябравалі яны з Уладзімірам Валадаравічам, варагавалі. Уладзімір скінуў з полацкага стальца ягонага бацьку, пастрыг у чарняцы старэйшага брата Васільку. Дзе ўжо было сябраваць? І вось упершыню за доўгія гады зразумелі яны, што павінны стаць пад адзін сцяг, біць агульнага ворага, а вялікі князь узяў ды памёр. Здавалася, нават і цяпер не захацеў стаць саюзнікам Вячкі.

За час, што праляцеў з таго дня, як Вячка спаліў Кукейнос і зрабіўся князем-ізгоем, сівізна прабілася ў яго на скронях, рэзкія маршчыны ляглі на лоб. З дружынаю ў дзве сотні вояў, з княгіняй Дабранегай і трыма яе чалядніцамі, з Клімятам Аднарукам і Мірошкам, якога ўжо даўно звалі Міронам, з Якавам Палачанінам і Кулінай, у якіх ужо нарадзілася двое хлопчыкаў, вандраваў князь па лясах і балотах, то ў Літву знікаў, то на Дзвіну выходзіў і ў тэўтонскіх лоддзях днішчы прасякаў, то ішоў да земгалаў і разам з імі паляваў на рыцараў-мечаносцаў.

Тэўтоны пачалі зваць Вячку шалёным каралём і таксама стараліся ўпаляваць яго, некалькі разоў падсылалі забойцаў. Аднойчы ў гнілым балоце на левым беразе Дзвіны Халадок з воямі выцягнуў з багны страшэнна худога знясіленага чалавека, які ледзьве дыхаў. Па сівой барадзе ў незнаёмца жвава бегалі сінія балотныя жучкі. Ён ляжаў, заплюшчыўшы вочы, калаціўся ад холаду пад яркім гарачым сонцам. «Жывыя мошчы», — сказаў пра яго Халадок. І вось калі Вячка прыйшоў глянуць на няшчаснага, нахіліўся над ім, гэтыя «мошчы» раптам выхапілі з-пад бруднай закарэлай кашулі нож, і толькі крыж-складзень, што вісеў на грудзях, выртаваў князя ад немінучай смерці.

— Хто паслаў цябе? — запытаўся Вячка ў незнаёмца, калі таго вялі, каб утапіць у балоце.

— Усё роўна паміраць, — спыніўся, раўнадушна глянуўшы на князя, незнаёмец. — Скажу. Мяне паслаў клірык Генрых з Рыгі. Ведаеш такога? Ён чамусьці вельмі ненавідзіць цябе.

Генрых… Зноў Генрых… Вячка не забыўся пра яго, добра помніў Рыгу, напружаныя вочы маладога светлавалосага свяшчэнніка, якія чагосьці страсна чакалі, помніў дачку Соф’ю, што загаварыла раптам на чужой мове. Як узрадаваўся тады Генрых, якім шчасцем заззяў ягоны твар!

Цяпер Вячка разумеў, што самы галоўны і самы люты ў яго праціўнік — Генрых. Мечаносцы і Альберт хочуць узяць у скораных тубыльцаў зямлю і волю, Генрыху ж гэтага мала — ён хоча забраць душу. «Душу я табе не аддам, — з халоднай рашучасцю думаў Вячка. — Душа ў мяне адна і да скону будзе належаць зямлі, якая мяне ўзгадавала. Я ведаю, чаму ты так ненавідзіш мяне і ўсіх падобных на мяне. Таму, што ты выракся свайго кораня, сваёй веры і мовы і хацеў жыць спакойна і шчасліва, але раптам убачыў, што ёсць на свеце людзі — і такіх людзей нямала! — якім даражэй за жыццё, даражэй за ўсе зямныя багацці вернасць бацькоўскаму краю. Хай гэты край бедны, хай туманы і дажджы часта засланяюць у ім сонца, але ён родны — і гэтым сказана ўсё. У цябе няма такога краю, ты страціў яго, ты хацеў назаўсёды забыцца пра яго, але ёсць няўмольны голас памяці, голас продкаў, голас крыві. І ён будзіць цябе ўначы, прымушае глядзець на цёмнае неба, на няясныя абрысы воблакаў, што плывуць і плывуць, як маўклівыя караблі, над соннай зямлёй. Што гэта? Хто гэта? Воблакі? Душы продкаў? Душа тваёй маці, пра якую ты забыўся, стараўся забыцца? Няшчасны чалавек! Ты сам аслеп і хочаш, каб усе аслеплі. Але такога не бывае, бо вочы дадзены людзям, каб глядзець і бачыць. Бачыць сваю маці, сваю зямлю, бачыць сцяжынку, што праз гора і радасць нязменна вядзе да сваёй маці і да сваёй зямлі».

Пасля раптоўнай смерці Уладзіміра Валадаравіча Вячка з дружынаю канчаткова перайшоў на землі эстаў. Было некалькі прычын, каб зрабіць такі выбар. Па-першае, тэўтоны, з усяго маху стукнуўшыся аб жалезны полацкі шчыт, зразумелі, што на Дзвіне прайсці на ўсход ім не ўдасца, і дзякуй богу, што хоць удалося замацавацца ў нізоўі Дзвіны. Усю сілу свайго напору Альберт і мечаносцы перанеслі на эстаў, ваяўнічых, адважных, але разрозненых. Запалаў агонь крывавай жорсткай вайны ў Сакале, Унгаўніі, Віроніі, Сантагане і іншых маакондах100. А дзе былі тэўтоны, дзе была вайна, там з’яўляўся і Вячка, нездарма ж у Рызе і ў Рыме яго аб’явілі самым страшным сваім ворагам, шалёным каралём. Па-другое, вельмі блізка сышоўся, пасябраваў князь са старэйшынам эстаў Лембіту і ягоным сынам Меэлісам, якія вялі ўпартую бязлітасную барацьбу супраць тэўтонаў. Малева101 эстаў разам з дружынай Вячкі не адзін раз ушчэнт разбівала і мечаносцаў, і рыцараў епіскапа Альберта. Але яны, здавалася, былі шматгаловай гідраю — на месцы адсечанай галавы адразу ж вырастала новая, нават дзве галавы вырасталі, і няўмольныя жалезныя шчупальцы зноў лезлі ўперад, крышачы ўсё, што траплялася на дарозе.

У тым самым баі, дзе прабілі кап’ём Каўпа, загінуў і Лембіту. Радасныя тэўтоны адсеклі эсту галаву і ў скураным мяшку павезлі яе ў Рыгу да епіскапа Альберта. У мёртвай галавы вочы былі адкрытыя, і калі галаву паказалі ўсяму капітулу, клірыкі ўздрыгнулі — такая злосць, такая ярасць свяцілася ў мёртвым позірку. Альберт загадаў патаемна ад усіх закапаць галаву Лембіту ў манастырскім садзе.

_____

100 Мааконд — у старадаўніх эстонцаў — зямля.

101 Малева — войска ў старадаўніх эстонцаў.