II
Першая ноч. - Начная дужанка. - Заяц, які дзюбаецца. - Апошнія запалкі. - Дадому.
Сонца ўжо зайшло, але яшчэ цэлую гадзіну трымаўся шэры змрок. Над возерам са свістам праляталі качкі, спяшаліся на начлег. Уверсе пачуўся жураўліны крык. Вось ён мацнее, робіцца больш выразным: відаць, жураўлі спускаюцца на адпачынак.
- Вось добра было б, каб які-небудзь журавель ці гусь сеў нам на галаву! - прамовіў Віктар.
- Што б ты з ім рабіў без агню? - уздыхнуў Мірон.
- З'еў бы сырога. Мірон перавярнуўся на спіну, зірнуў на зоркі. Яны так прыгожа зіхацелі! Ласкава шапталіся верхавіны дрэў. Мусіць, дома цешацца цяпер добрым веснавым надвор'ем, а яны... - Вось да чаго даводзіць свавольства! - нібы сам да сябе прамовіў Мірон. - Каб мы папрасілі човен у гаспадара, дык цяпер людзі ведалі б, дзе мы, і прыехалі б па нас. А так, нават калі і знойдуць дзе човен, то не будуць ведаць, якім чынам ён там апынуўся. Паслухаўся цябе...
- Ну-ну, няма чаго наракаць, - нездаволена забурчаў Віктар. - Ніхто цябе не прымушаў. Калі ты такая цаца, дык не трэба было згаджацца. А ісці за паўкіламетра шукаць гаспадара і ў цябе самога не было ахвоты. З'есці збіраліся мы гэтую душагубку, ці што? Каб не такі выпадак, вярнулі б на месца - і ўсё.
Мірон змоўк. Усё роўна справы не паправіш. А спадзявацца на дапамогу няма чаго. Ніхто іх тут не ведае. Калі і бачыў хто, што паплылі недзе нейкія два хлопцы, то нікому не прыйдзе ў галаву пацікавіцца, дзе яны дзеліся. Прыйдзецца самім шукаць дарогу.
Паветра рабілася ўсё больш сырым і халодным. Добра яшчэ, што ветру не было. Крыху дапамагала таксама тое, што, шчыльна прытуліўшыся, яны маглі грэць адзін аднаго.
Час цягнуўся марудна. Голад і холад не давалі заснуць. Хлопцы вымушаны былі варочацца з боку на бок. Задрамалі, але хутка так змерзлі, што пачалі ляскаць зубамі. Было, мусіць, пасля поўначы. Віктар не вытрымаў і ўскочыў.
- Гэй, уставай! - штурхануў ён Мірона.
- А? Чаго?..
- Выклікаю цябе на спаборніцтва!
- А? Што?..
- Уставай дужацца!
- Што? Чаго? - мармытаў Мірон. - Не лезь!
Але Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Мірон не толькі ачухаўся, але раззлаваўся.
- Ты чаго лезеш? - закрычаў ён. - Чаго спаць не даеш? Я цябе зараз...
- Ціха, ціха! - сказаў Віктар. - Я цябе не біцца выклікаю, а дужацца. Дужацца, каб сагрэцца. Разумееш?
- А!..
І сярод начной цішы пачалася дужанка... Віктару хутка ўдалося паваліць Мірона. Той пакрыўдзіўся:
- Пачакай! Пачакай! Ты ж не даў мне добра ўзяцца, адразу накінуўся. Давай яшчэ раз, вось так. Пагледзімо, як цяпер...
І дужанка зноў пачалася, ды яшчэ як заўзята!..
Змарыліся, паляглі. Паспалі крыху і зноў пачалі варушыцца. Раптам недзе побач пачуўся дзікі, прарэзлівы крык. Крык жудасны і разам з тым нейкі жаласны, нібы хто душыць малое дзіцяня...
Жах ахапіў хлопцаў. Мімаволі яны шчыльней зашыліся між каранёў.
Крык не спыняўся, і нават непадалёк, у кустах, чулася нейкая тузаніна.
Тут ускочыў Віктар і кінуўся ў кусты.
- Мірон! Сюды хутчэй! - зараз жа пачуўся яго крык.
Спачатку Мірон зазлаваў на Віктара, чаму гэта ён кінуўся ў бяду, але ў той жа момант сам апынуўся каля Віктара. Той нешта трымаў, і гэтае нешта білася і вырывалася.
- Трымай! Хутчэй! - зноў крыкнуў Віктар.
Мірон учапіўся рукою за поўсць нейкага звера.
- Што гэта за звер такі? - здзівіўся ён.
- Трымай, трымай мацней! Заяц! - засопшыся, казаў Віктар.
Мірон учапіўся абедзвюма рукамі за зайца, але зараз жа адну руку адхапіў, бо нехта моцна ў яе дзюбануў.
- Ай, ай, заяц дзюбаецца! - крыкнуў ён з жахам.
- Трымай мацней! А то ўцячэ! - тузаўся тым часам Віктар.
Мірон зноў ухапіўся дзвюма рукамі.
- Што гэта робіцца? - крыкнуў ён. - Ніколі не чуў, каб заяц дзюбаўся!
- Я ж пугача трымаю! Гэта ён. Трымай зайца, а я гэтаму лупатаму зараз галаву раструшчу.
І ён стукнуў птушку галавой аб дрэва. Потым гэтак жа забілі і зайца.
- Адкуль ты ведаў, што там дзеецца? - запытаўся Мірон, калі яны са здабычай вярнуліся на сваё месца.
- Жаласны піск паказваў, што гэта нейкі невялікі звярок трапіў у бяду. Тузаніна ў кустах сведчыла, што і вораг яго не надта моцны, калі яны так доўга тузаюцца. Потым пачулася нібы плясканне крылаў, і тады мне прыйшла ў галаву думка, што гэта, мусіць, якая сава напала на зайца, як гэта часта пішацца ў кнігах. Але ж і запусціла кіпцюры ў спіну! Сама хацела вырвацца, ды не магла, таму і ўдалося схапіць. А цяпер паспрабуем запалкі, можа, ужо будуць гарэць.
Тыцнуўся Віктар туды-сюды, а запалак няма.
- Згубіў у час тузаніны, - прамовіў ён у роспачы.
Хацеў быў накінуцца на яго Мірон, але раздумаў.
- Знойдзеш заўтра, - сказаў ён лагодна. - Ды, мусіць, і страта невялікая, бо, відаць, усё роўна з іх толку не было б.
- А есці хочацца... - неяк жаласна сказаў Віктар.
- Ты ж казаў, што мог бы есці сырое. Вось і еш.
- Ну, ну! Лёгка казаць. Але ўсё ж такі, што мы будзем рабіць заўтра?
- Заўтра і будзем меркаваць, - сказаў Мірон і лёг у сваё логава. - А цяпер будзем спаць. Вось палажы сабе з другога боку зайца - хай грэе, а я палажу пугача.
Нарэшце дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні гром, ні мароз. А калі яшчэ паднялося сонца ды прыгрэла іх, то яны праспалі аж да поўдня. Прачнуліся, селі, азіраюцца.
- Учора гэтай парой як пад'еў... - пачаў быў Віктар. - Давай пашукаем нашы запалкі, - перапыніў яго Мірон. - Тады і пад'ясі. Расплюснуты карабок з дзвюма запалкамі знайшлі хутка. З хваляваннем чыркнулі - запалка засіпела і больш нічога. А другая нават і не засіпела...
- Ну і ліха з імі! - раззлаваўся Віктар і ўскінуў на спіну зайца. - Хадзем лепш дахаты.
- А што рабіць з гэтай дурной савой?
- Вядома, браць. Гэта ж добры ўлоў. Зробім чучала і паставім у нашым прыродазнаўчым музеі з надпісам: «Злоўлены ў Палескай пушчы героямі-падарожнікамі і даследчыкамі Міронам Бажком і Віктарам Калягам уласнымі рукамі, без ніякай зброі». Нават і зайца я згодзен ахвяраваць для навукі і славы.
І яны пайшлі ўздоўж возера ў той бок, дзе павінен быў знаходзіцца іх дом.