XXI
Бясконцае чаканне. - На кухні. - Сонныя вартаўнікі.
Рашучы момант набліжаўся. Хлопцы хоць і храбрыліся, хоць і жартавалі, але кожны адчуваў, як унутры нешта дрыжыць. Ці прыйдуць яны ў гэты дзень? А можа, яны так сабе сказалі? А можа, прыйдуць праз тыдзень, праз месяц?
- Бывае ж на свеце так, што злейшых ворагаў прыходзіцца чакаць, як родных бацькоў! - злаваў Віктар.
- А можа, іх тут аж занадта набярэцца? Можа, у іх тут які бандыцкі з'езд прызначаны? - разважаў Мірон.
Як бы там ні было, а нічога не заставалася, як толькі чакаць.
На світанні пабеглі ў пушчу, падклалі ў свой запасны агонь дроў і са скурамі на плячах пайшлі на новае месца.
Ззаду застаўся асірацелы будан і халоднае вогнішча.
Забраліся ў свой арэшнік, парассцілалі скуры, натыкалі яшчэ сям-там галін, каб больш надзейна схаваць свой прытулак, і пачалі чакаць.
Спачатку ў іх было адчуванне, што бандыты вось-вось павінны з'явіцца. Але міналі гадзіна за гадзінай, усё ціха і спакойна было навакол, і хлопцам пачало ўжо здавацца, што іх «збаўцы» ніколі не прыйдуць.
Каля поўдня Віктар не вытрымаў:
- Чаго нам гэтак сядзець? Тэрмін жа яшчэ заўтра.
Не спадзяваўся і Мірон, што сёння прыйдуць, але ўсё-такі мільгала думка: а што, калі ўжо ідуць?
- Пачакаем яшчэ гадзіны са дзве і тады выйдзем.
Выседзелі гэтыя гадзіны і вылезлі. І неяк несвядома абодва адчулі задавальненне, што бандыты не прыйшлі: усё-ткі далей адсунуўся непрыемны час спаткання. Рэшту дня скарысталі, каб «папасвіцца», хоць і ўвесь час адчувалі сябе трывожна.
Назбіралі крыху грыбоў і пайшлі «на кухню», як казаў Віктар. Там згатавалі свае грыбы, павячэралі і засталіся нанач каля вогнішча.
Ледзь золак яны былі ўжо на сваім назіральным пункце. Зноў пачалося нуднае і напружанае чаканне. Зноў ішлі гадзіна за гадзінай, а ніхто не з'яўляўся. Цяпер яны ўжо не адважыліся пакінуць сваё месца сярод дня і даседзелі да вечара.
- Ах, каб хутчэй перастралялі гэтых бандытаў! - сказаў Віктар, вылазячы з засады.
- Што ты гаворыш?! - з жартаўлівым жахам крыкнуў Мірон. - Калі іх цяпер расстраляюць, то мы павінны будзем сядзець да зімы!
- Выбачай, забыўся, - засмяяўся Віктар. - Хай тады крыху пачакаюць. Але ж гэткае сядзенне горш за самую цяжкую працу! Пойдзем хоць чаю пап'ём. Вось, кажуць, бруснічнік можна ўжываць замест чаю.
- Гэта будзе вельмі дарэчы, - згадзіўся Мірон, і яны пачалі збіраць бруснічнік.
Але праз некалькі хвілін Мірон прыпыніўся і пачаў уважліва разглядаць сабраныя ім расліны.
- Слухай! - прамовіў ён нарэшце. - Гэта ж не бруснічнік!
- Чаму?
- Бачыш, вось з ніжняга боку ліста выціснута сетка, не такая, як у бруснічніку, ды і сцябло святлейшае.
- Па гэткіх дробных адзнаках судзіць нельга, - недаверліва сказаў Віктар.
- Шкада, што ён яшчэ не цвіце, тады можна было б знайсці маленькую розніцу ў кветках. А каб былі ягады, тады ўжо зусім нельга было б памыліцца. Ягады ўсярэдзіне маюць нібы муку, таму і завецца гэтая расліна мучніцай. Яна вельмі каштоўная і дае розныя лекі, чорную фарбу і дубільны матэрыял для апрацоўкі скур.
- Калі так, я цяпер гатоў шчыра шанаваць цябе і тваю батаніку. Вось каб напіліся гэткага чаю! Пэўна, здубянелі б. Давай лепш наломім малінніку. Гэта будзе карысней.
- Можна знайсці і сапраўднага бруснічніку.
- А няхай яго ліха возьме! Зноў натрапіш на якую мучніцу. Давай лепш простага малінніку.
Вярнуліся на сваю «кухню», выпілі чаю, згатаванага ў бляшанцы.
- Добры чай! - пахваліў Мірон. - Шкада толькі, што мёду болей няма.
- Гэта яшчэ паўбяды, - сказаў Віктар, - але вось мяса наша пачынае псавацца, хоць і печанае. Заўтра яшчэ сяк-так. А паслязаўтра будзе ўжо зусім дрэннае.
- А сушанае?
- Сушанае ўсярэдзіне не высахла.
- А ты не цягай заўсёды за сабой, а павесь тут.
Зноў правялі ноч каля вогнішча.
Трэці дзень прайшоў гэтак жа, як і папярэднія два, толькі напружанасць так змарыла іх, што абодва паснулі як забітыя. Спалі смачна да самага вечара.
Першы прачнуўся Мірон. Схамянуўся, ускочыў, нават спачатку не пазнаў, дзе ён і што з ім. Віктар хроп так, што чуваць было па ўсім лесе.
- Гэй ты, вартаўнік! - штурхануў яго пад бок Мірон.
- Га? Што? - усхапіўся той.
- Ці ведаеш ты, што хроп на ўвесь лес? Нашы госці на тым баку балота пачулі.
- А ты?
- І я таксама спаў. Гэта ж вар'яцтва! Нас маглі зарэзаць, як куранят.
- Я баюся, што яны, праклятыя, ніколі не прыйдуць, - пазяхаючы прамовіў Віктар.
- А ўсё-такі рызыкаваць нельга. Другі раз будзем спаць па чарзе.
І гэты дзень мінуў. І другі. І яшчэ адзін. І яшчэ...
Хлопцам было вельмі цяжка цярпець. Мяса псавалася ўсё болей і болей. А «пасвіцца» ўдзень не было як: трэба было сядзець і пільнаваць. Калі нават вылазілі да баброў па ваду, то ўсё здавалася, што вось зараз іх заўважаць. Адна ўцеха ды ратунак ад гнілога мяса - гарачы чай уночы.
З кожным днём напружанасць узмацнялася; ад кожнага трэску і шолаху хлопцы ўздрыгвалі, нібы ад электрычнай іскры. Гэтае безупыннае напружанне так знервавала хлопцаў, што яны зусім страцілі сон, зрабіліся панурымі і злоснымі. Усё гэта, разам з дрэнным харчаваннем і сядзеннем на месцы, аслабіла іх так, што ў іх часам кружылася галава, цямнела ў вачах, дрыжалі ногі. Папярэднія дні здаваліся ім ужо шчаслівымі ў параўнанні з цяперашнімі.
Часам хлопцам пачынала здавацца, што бандыты ўжо блізка. Яны нават чулі тупат ног і галасы. А праз хвіліну выяўляўся падман і прыходзіла перакананне, што сядзяць яны тут дарэмна, што ніхто і не думае сюды ісці.
- А можа, іх ужо злавілі і пасадзілі ў турму? - сумна казаў Віктар.
- Усё можа быць, - уздыхаў Мірон.
Мусіць, сваякі бандытаў гэтак не баяліся за іхняе жыццё, як нашы хлопцы.
- Але ж павінен хто-небудзь прыйсці па тавар? - разважаў Мірон.
- Не могуць жа яны пакінуць сваё дабро.
- Могуць прыйсці і ўзімку, і на другі год, - адказаў Віктар. - А калі іх злавілі ўсіх, дык могуць і ніколі не прыйсці.
Пачуўся хруст. Хлопцы зноў напружыліся, зноў з'явілася надзея. Але гэта праціскаўся праз зараснік дзік. Цераз палянку было відаць, як ён спакойна і павольна капашыўся ў балоце.
- Вось добра было б стрэліць у яго! - заблішчаў вачыма Віктар. - Напэўна трапілі б. І мяса свежае было б.
Засвярбелі рукі і ў Мірона. Што будзе, калі кантрабандысты не прыйдуць? Тады давядзецца яшчэ горш галадаць, а між тым яны могуць зараз назапасіць мяса.
Але нарэшце ён пачаў даводзіць Віктару, што гэта будзе надта рызыкоўна:
- Ці можам мы напэўна сказаць, што яны не прыйдуць? Не. Ну, а калі прыйдуць, то мы загінем напэўна. І стрэл могуць пачуць, і сляды не паспеем знішчыць.
Дзік тым часам схаваўся за дрэвамі.
А ўначы, каля вогнішча, як яны шкадавалі, што не выкарысталі магчымасці! Яны паспелі б ужо разабраць і схаваць дзіка, былі б забяспечаны свежым мясам. А цяпер што будзе?
- Ох, ужо гэтая разумная асцярожнасць! - са злоснай насмешкаю сказаў Віктар.
Мірон засаромеўся. Ён адчуваў, што перамудрыў. Але каб абараніць сябе, перайшоў у наступ:
- А скажы шчыра: ці мог ты паручыцца, што яны сёння ані ў якім разе не прыйдуць?
- Вядома, паручыцца ніхто не можа, але...
- Пачакай. Значыць, можна было думаць, што яны прыйдуць?
- Ну, можна.
- А ты ведаеш, чым пагражала гэтая магчымасць?
- Ну, ведаю.
- Дык вось што: маленькая магчымасць загінуць - сур'ёзней за вялікую магчымасць пад'есці. - Але ж у нас ёсць рэвальверы! - не здаваўся Віктар.
- А можа, там будзе дзесяць стрэльбаў? Рэвальверы спатрэбяцца тады, калі не будзе чаго іншага рабіць.
Віктар замаўчаў.