Глава 3 – Дарога
Я ўстаю і прымаю душ. Замаўляю сняданне ў нумар. Пасля снядання я апранаюся, выходжу з нумару і гляджу на гадзіннік у калідоры. Ён паказвае дзевяць гадзін раніцы. На выхадзе з гасцініцы я думаю, як там мая сястра Юля. У маёй сястры вельмі нервовы характар. Я спадзяюся, што яна не хвалюецца. Калі я выходжу з гасцініцы, я бачу, як рабочыя носяць мяшкі да грузавіка. На грузавіку намаляваны лагатып з назвай фірмы. Я пачынаю гучна смяяцца, як у рэстаране. Але потым разумею, што гэта непрыгожа, і змаўкаю. На кузаве грузавіка малюнак дранікаў з надпісам: «Шалёны дранік»! Я падыходжу да аднаго з рабочых.
– Прывітанне, – кажа ён.
– Добрай раніцы, – адказваю я.
– Табе нешта трэба?
– Вы працуеце ў рэстаране «Шалёны дранік» у Мінску?
– Не, я шафёр.
– А Вы ведаеце гэты рэстаран?
– Так, мы возім туды бульбу на дранікі кожны дзень, але я там не працую.
Шафёр садзіцца ў кабіну грузавіка. Я пачынаю думаць. Як я вярнуся ў Мінск? У мяне засталося вельмі мала грошай, і на аўтобус можа не хапіць. Мне трэба знайсці рашэнне. Мне трэба вярнуцца да Юлі і Аркадзя. Яны чакаюць мяне. У мяне ёсць ідэя!
– Прабачце, калі ласка! – кажу я шафёру.
– Што, хлопец?
– А Вы не маглі б адвезці мяне ў Мінск?
– Зараз?
– Так. Шафёр разважае, а потым адказвае мне: – Добра, можаш забірацца ў грузавік паміж мяшкамі з бульбай. Але нікому не кажы.
– Дзякуй!
– Няма за што! Паехалі!
Я забіраюся ў кузаў грузавіка і саджуся паміж двумя мяшкамі з бульбай. Грузавік заводзіцца і накіроўваецца ў Мінск. Я нічога не бачу. Толькі чую матор грузавіка і шум аўтамабіляў на дарозе. Раптам нешта пачынае рухацца! Сярод мяшкоў чалавек!
– Добры дзень! – Кажу я.
Маўчанне.
– Хто тут?
Зноў маўчанне. Але я дакладна ведаю, што за мяшкамі хтосьці ёсць. Я падымаюся і іду на шум. За вялікім мяшком з бульбай я выяўляю мужыка гадоў пяцідзесяці.
– Хто Вы?
– Якая табе справа? Адчапіся ад мяне, хлопец!
– Што Вы тут робіце?
– Я таксама, як і ты, еду ў Мінск.
– А шафёр ведае, што Вы тут?
– Не ведае. Я забраўся ў грузавік, пакуль ён размаўляў з табой.
Шафёр спыняе грузавік і выходзіць. Мужчына трывожна глядзіць на мяне.
– Чаму ён спыніўся?
– Не ведаю.
Каля задніх дзвярэй грузавіка чуецца шум.
– Калі ласка, не выдавай мяне! – просіць мужчына.
Шафёр забіраецца ў кузаў і бачыць толькі мяне. Мужчына сядзіць за мяшкамі.
– Што здарылася? – пытае шафёр.
– Нічога не здарылася.
– А з кім ты размаўляў?
– Я? Ні з кім. Я тут адзін. Ці вы не бачыце?
– Мы яшчэ не прыехалі. Не шумі. Мне не трэба праблем.
– Зразумеў. Я буду маўчаць.
Шафёр зачыняе заднія дзверы грузавіка і вяртаецца за руль. У гэты момант мужчына вылязае з-за мяшкоў і глядзіць на мяне з усмешкай.
– Якое шчасце! Ён мяне не ўбачыў! – кажа ён.
– Скажыце, калі ласка, навошта Вы едзеце са Слуцка ў Мінск?
– Ты хочаш ведаць?
– Так, вядома.
– Тады я раскажу табе гісторыю майго жыцця.
– Калі ласка, раскажыце.
Мужчына расказвае мне сваю гісторыю:
– У мяне ёсць сын, але я яго не бачыў. Шмат год таму яго маці і я былі разам, але я паехаў на заробкі за мяжу. Толькі нядаўна я даведаўся, дзе яны.
– У Мінску?
– Менавіта.
– Колькі год Вашаму сыну?
– Яму 24 года.
– Таксама, як і мне!
Мужчына смяецца.
– Як цікава!
– Ага.
Пасля некалькіх хвілін маўчання я пытаюся ў мужчыны:
– Як клічуць Вашага сына?
– Яго завуць Аркадзь. У яго кватэра ў Мінску. Ён жыве непадалёку ад рэстарану «Шалёны дранік». Таму я сяджу ў гэтым грузавіку.
Я гляджу на мужчыну. Я не магу паверыць сваім вушам.