Як кот звяроў напалохаў
Жыў дзед ды баба. І быў у іх кот. Дзед кашалі плёў, баба кудзелю прала, а кот; паляваць на мышэй хадзіў.
Вось пайшоў раз кот у лес на паляванне ды і заблудзіўся. Шукаў, шукаў дарогу дадому — не знайшоў. Сеў пад ялінай і плача.
Бяжыць лісіца. Убачыла ката, заглядзелася: ніколі яшчэ такога звера ў сваім лесе не сустракала!
— Ты хто такі будзеш? — пытаецца.
— Я — Кот Мурлыковіч.
— А чаго ж ты плачаш, Кот Мурлыковіч?
Расказаў ёй кот аб сваёй прыгодзе.
— Хе, — кажа лісіца, — каб толькі тае бяды! Ідзі да мяне жыць. Будзеш у мяне за гаспадара.
— Добра, — кажа кот.
Вось прыходзіць ён да лісіцы. А ў яе курэй — і смажаных, і вараных. Наеўся кот і спаць уклаўся.
Тым часам бяжыць па лесе воўк: топ-топ, шлёп-шлёп!
Пачула лісіца, выскачыла з хаты ды як закрычыць:
— Хто гэта ў маім лесе стукоча-тупоча? Хто майму гаспадару спаць не дае?
— А хто ж у цябе гаспадар? — пытаецца воўк.
— У мяне не гаспадар, а гаспадарышча, хвост з памялішча: як махне, дык адразу заб'е.
Узяла ваўка цікавасць. Ён і кажа:
— А ці нельга было б, кумка, хоць адным вокам паглядзець на твайго гаспадара?
— Паглядзець-то можна, — адказвае лісіца, — але без падарунка лепш не прыходзь. Мой гаспадар падарункі любіць.
— Добра, будзе падарунак, — сказаў воўк і пабег далей.
Вярнулася лісіца ў хату.
А тым часам ідзе па лесе мядзведзь: трэсь-лом, трэсь-лом, трэсь-лом!
Пачула лісіца, выскачыла з хаты ды як закрычыць зноў:
— Хто гэта ў маім лесе трашчыць? Хто майму гаспадару спаць не дае?
— А хто ў цябе гаспадар? — пытаецца мядзведзь.
— У мяне не гаспадар, а гаспадарышча, хвост з памялішча: як махне, дык адразу заб'е.
І мядзведзя ўзяла цікавасць: які такі гаспадар у лісіцы, што хвастом усіх забівае? Вось ён і кажа:
— А ці нельга было б, лісічка-сястрычка, хоць паглядзець на твайго гаспадара?
— Паглядзець можна, — кажа лісіца. — Толькі без падарунка не прыходзь. Мой гаспадар падарункі любіць.
— Добра, падарунак будзе, — сказаў мядзведзь і пайшоў далей.
Прабеглі яшчэ дзік-сякач і заяц-шарак. Лісіца і іх сваім гаспадаром напалохала.
Сабраліся звяры і моцна задумаліся: якія ж ім падарункі лісіцынаму гаспадару прынесці?
Думалі-гадалі, нарэшце мядзведзь і кажа:
— Вось што, браткі, трэба смачны абед згатаваць ды ў госці яго з гаспадыняй запрасіць. Тады ўсе разам і паглядзім.
— Добра, няхай будзе так, — згадзіліся звяры.
І тут зноў яны моцна задумаліся: які абед згатаваць? Думалі-гадалі, нарэшце мядзведзь і кажа:
— Я прынясу мёду калоду.
— А я — барана, — кажа воўк.
— А я — жалудоў, — кажа дзік.
— А я — салодкай капусты, — кажа заяц.
Згатавалі абед і пачалі раіцца, каму запрашаць ісці. Мядзведзь кажа:
— Я тоўсты, мне хадзіць цяжка.
Воўк кажа:
— Я і так набегаўся, мне ногі баляць.
Дзік кажа:
— А я складна гаварыць не ўмею.
А заяц нічога не сказаў. Вось і парашылі паслаць яго, як лягчэйшага на ногі.
Прыбег заяц да лісіцынай хаты, пастукаў лапкай у шыбіну, зажмурыўся ад страху ды прапішчаў спалоханым голасам:
— Дзень добры вам, шаноўныя гаспадары! Прасілі мядзведзь, воўк і дзік, каб вы ласкавы былі, да іх у госці прыйшлі.
Сказаў так адным духам ды ходу назад.
Падрыхтаваліся звяры гасцей сустракаць. Сядзяць ля багатага стала, чакаюць, аб лісіцыным гаспадару разважаюць.
Вось заяц і кажа:
— Не, браткі, сядзець так боязна. Хто яго ведае, які там гаспадар у лісіцы? А што, калі ён абеду нашага не ўпадабае ды ўсіх нас хвастом пазабівае… Давайце лепш схаваемся і спярша здалёк на яго паглядзім.
Згадзіліся звяры з мудрай зайцавай парадай ды пачалі хавацца.
Мядзведзь на дуб узлез, дзік у мох зашыўся, воўк пад куст забраўся, а заяц у траве схаваўся.
Тым часам узяла лісіца пад руку свайго гаспадара, і пайшлі яны ў госці.
Прыходзяць на палянку. Чуе кот — мясам запахла. Бачыць — цэлы баран ляжыць. Тут ён шэрсць наставіў, вусы натапырыў ды адразу на барана накінуўся.
Есць ды ўсё бурчыць: «Мяу-у, мяу-у!»
Звяроў аж страх узяў. Ім здалося, што ён крычыць: «Мала, мала!»
— Ну і звяруга! — кажа воўк.
— Мне б і за дзень з такім рагалём не ўправіцца, а яму на раз мала…
Дзік ляжаў, ляжаў у моху ды ад страху пачаў хвастом варушыць. Кот падумаў, што мыш з норкі вылазіць. Скокнуў туды і ўчапіўся кіпцюрамі ў дзікаў хвост.
Як усхопіцца дзік, як кінецца наўцёкі! Толькі галлё трашчыць.
Кот напужаўся ды скок на дуб!
«Ну, — думае мядзведзь, — гэта ён мяне ўбачыў. Трэба ратавацца, пакуль не позна».
Грымнуўся мядзведзь з дуба проста на куст, пад якім воўк сядзеў. А таму здалося, што гэта сам лісіцын гаспадар на яго напаў. Усхапіўся воўк ды ходу далей ад бяды. А мядзведзь за ім: трэсь-лом! трэсь-лом!
Уцякалі яны так, што заяц іх ледзьве праз гадзіну дагнаў. Дагнаў і кажа:
— Каб не паслухалі мяне ды не схаваліся, ён бы нас усіх з'еў! Ну і страшэнны звер!
А кот з хітрай лісіцай нагасцяваліся ды пайшлі сабе дахаты.