×

Używamy ciasteczek, aby ulepszyć LingQ. Odwiedzając stronę wyrażasz zgodę na nasze polityka Cookie.

image

Адкуль наш род, Пётр I і Беларусь

Пётр I і Беларусь

Кожны з вас, вядома, чуў пра расейскага цара Пятра I. Ён шмат зрабіў, каб умацаваць сваю дзяржаву. Клапаціўся пра войска, пабудаваў флот. Далучыў да сваёй краіны новыя землі. Пятроўская дзяржава пачала называцца Расейскай імперыяй, а сам ён імператарам. У Расеі шануюць гэтага цара і лічаць яго выдатным дзяржаўным дзеячам. Але ці варта захапляцца Пятром I нам, беларусам? Што зрабіў ён для нашай зямлі?

Паўночная вайна

Сеўшы на расейскі трон, цар Пётр вырашыў, як ён сам казаў, прасекчы вакно ў Еўропу. Гэта значыць, ён хацеў адваяваць сабе бераг Балтыйскага мора і пабудаваць там свае крэпасці-фартэцы і порты для ваенных і гандлёвых караблёў. Дзеля гэтага ён пачаў вайну са Швецыяй, якой тады належалі прыбалтыйскія землі. Вайна атрымала назву Паўночная.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аўгуст II быў хаўруснікам Пятра. Але частка беларускіх магнатаў на чале з Сапегамі падтрымала шведскага караля Карла і дапамагла яму войскам. Пётр I паслаў на Беларусь 70-тысячную армію.

Так на пачатку XVIII стагоддзя нашу Бацькаўшчыну зноў напаткала вайна. Тут адбылося некалькі жорсткіх бітваў паміж расейцамі і шведамі. Самая вялікая з іх — бітва каля вёскі Лясная на Магілеўшчыне, дзе войскам Пятра ўдалося здабыць важную перамогу.

Цар у Полацку

Калі вы прыедзеце ў Полацак, вам пакажуць старадаўні мураваны дом, дзе ў гады Паўночнай вайны спыняўся расейскі цар. Ён пражыў у горадзе ўсяго месяц, але назаўсёды пакінуў па сабе страшную памяць, бо ўчыніў там крывавае злачынства. Прычым зрабіў гэта не дзе-небудзь, а ў святым для кожнага беларуса месцы — Сафійскім саборы.

Пётр ніколі не быў набожным. Заходзячы ў храм, ён, праўда, здымаў з галавы парык, але нават са сваімі расейскімі папамі ніколі не цырымоніўся. Вуніятаў жа ён проста ненавідзеў, бо яны не падпарадкоўваліся маскоўскім царкоўным уладам. У Віцебску цар загадаў, напрыклад, пасекчы і спаліць вуніяцкія абразы.

Аднойчы Пётр з некалькімі прыдворнымі, перад тым добра выпіўшы, зайшоў у вуніяцкі Сафійскі сабор. Простых вернікаў такой парою не было, маліліся толькі шэсць святароў і манахаў. Цар гучна запатрабаваў зрабіць яму па храме экскурсію. Немалады святар айцец Канстанцін мусіў падпарадкавацца і пачаў апавядаць няпрошаным гасцям пра галоўны сабор беларускіх вуніятаў. Адзін з абразоў не спадабаўся цару, і ён ударыў святара сваім пудовым кулаком. Айцец Канстанцін упаў, і Пётр цяжка параніў яго шабляй. Беручы прыклад з раз'юшанага гаспадара, прыдворныя таксама выхапілі шаблі і распраўляліся з бяззбройнымі людзьмі. Па храме паплылі крывавыя ручаі. Уратавацца ад п'яных катаў удалося толькі аднаму святару, якога палічылі забітым. Старэнькага айца Якуба царовы служкі забралі з сабой і ўсю ноч катавалі, патрабуючы выдаць, дзе схаванае саборнае золата. Уранні айца Якуба і айца Канстанціна павесілі. Целы пяці забітых беларускіх святароў Пётр загадаў спаліць, а попел развеяць над Дзвіной, каб на іхняй магіле не маглі збірацца людзі.

Пра гэтае злачынства даведаліся ў іншых краінах. Каб спыніць непажаданыя размовы, цар Пётр I выдаў адмысловы загад. Там гаварылася, што полацкія святары самі напалі ў Сафійскім саборы на гасцей і тыя, каб адбараніцца, мусілі іх забіць. У Расейскай імперыі заўсёды ўмелі з чорнага рабіць белае.

Царская помста

За незалежнасць Пётр I жорстка пакараў не толькі полацкіх вуніятаў, але і іхні сабор. Спачатку храм святой Сафіі аддалі салдатам на рабаванне, а потым зрабілі на загад цара вайсковым складам. Там трымалі розныя прыпасы, а часам і коней.

У саборных сутарэннях расейцы захоўвалі порах. Досыць было іскрынкі, каб беларуская святыня ўзляцела ў паветра.

Такая іскра ўспыхнула якраз напярэдадні адыходу з Полацка царскіх войскаў. Вядома, здарылася гэта невыпадкова.

Сафійскі сабор ператварыўся ў куродымныя руіны. Трыццаць гадоў яны стаялі на высокім полацкім замчышчы, выклікаючы ў сэрцах палачанаў і тых, хто плыў па Дзвіне, глыбокі смутак, нагадваючы пра цяжкія раны роднай зямлі.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя вуніяты адбудавалі сабор.

Тады ён і набыў добра знаёмае нам сучаснае аблічча.

Саюзнікі ці захопнікі?

Расейскі імператар і ягоныя людзі трымаліся ў Беларусі не як хаўруснікі, а як захопнікі. Ад іх нашая краіна зазнала гора не меней, чым ад шведаў.

Так было не толькі ў Полацку.

Гістарычныя дакументы апавядаюць, як паводзіў сябе ў Магілеве сябар і паплечнік цара Аляксандр Меншыкаў. Заняўшы горад, ён запатрабаваў ад жыхароў карміць і паіць сваё вялікае войска. Кожны дзень магілеўцы былі абавязаныя дастаўляць “саюзнікам” некалькі бочак віна, мёду і піва, жывога вала, некалькі дзесяткаў бараноў, некалькі вазоў жывой і марожанай рыбы, цэлыя чароды гусей і курэй, сто булак і дзвесце калачоў, кадушкі масла і скрыні аліваў, а таксама цукар, разынкі, міндаль, мускатавыя арэхі ды іншыя прысмакі. Горад выконваў усе загады расейцаў, але, замест удзячнасці, быў падпалены.

Выгнаныя з горада жыхары выплакалі апошнія слёзы, бачачы, як ператвараюцца ў попел іхнія дамы і Божыя храмы. У агнявой віхуры царкоўныя званы самі пачалі званіць. Гэта быў хаўтурны звон па адным з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы.

Царскія казакі падпалілі з чатырох бакоў і Віцебск. Горкія ўспаміны засталіся ад “саюзнікаў” таксама ў Менску. Там расейская кавалерыя абчысціла жаночы манастыр святой Тройцы, ад якога пайшла назва сённяшняга Траецкага прадмесця. Шукаючы золата, зладзеі паламалі ў манастырскім саборы алтар і ўзадралі падлогу. Потым надышла чарга Святадухаўскай царквы на Высокім рынку (там, дзе цяпер плошча Свабоды) ды іншых манастыроў і храмаў.

Менчукі ўзяліся за зброю, і на Нямізе далі рабаўнікам адпор.

За гады Паўночнай вайны беларускі народ страціў 800 тысяч чалавек. Загінуў амаль кожны трэці. Гэтая вайна і жорсткі расейскі цар Пётр не прынеслі Беларусі нічога, апрача крыві, пажараў і разбурэнняў.

Пытанні і заданні

Чаму Пётр I паслаў на Беларусь сваё войска?

Якое злачынства ўчыніў цар у Полацку?

Як цар адпомсціў Сафійскаму сабору?

Раскажы, як Пётр і ягоныя людзі паводзілі сябе на нашай беларускай зямлі.

Ці ёсць у беларусаў якія-небудзь падставы шанаваць памяць Пятра I?

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE

Пётр I і Беларусь

Кожны з вас, вядома, чуў пра расейскага цара Пятра I. Ён шмат зрабіў, каб умацаваць сваю дзяржаву. Клапаціўся пра войска, пабудаваў флот. Далучыў да сваёй краіны новыя землі. Пятроўская дзяржава пачала называцца Расейскай імперыяй, а сам ён імператарам. У Расеі шануюць гэтага цара і лічаць яго выдатным дзяржаўным дзеячам. Але ці варта захапляцца Пятром I нам, беларусам? Што зрабіў ён для нашай зямлі?

Паўночная вайна

Сеўшы на расейскі трон, цар Пётр вырашыў, як ён сам казаў, прасекчы вакно ў Еўропу. Гэта значыць, ён хацеў адваяваць сабе бераг Балтыйскага мора і пабудаваць там свае крэпасці-фартэцы і порты для ваенных і гандлёвых караблёў. Дзеля гэтага ён пачаў вайну са Швецыяй, якой тады належалі прыбалтыйскія землі. Вайна атрымала назву Паўночная.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аўгуст II быў хаўруснікам Пятра. Але частка беларускіх магнатаў на чале з Сапегамі падтрымала шведскага караля Карла і дапамагла яму войскам. Пётр I паслаў на Беларусь 70-тысячную армію.

Так на пачатку XVIII стагоддзя нашу Бацькаўшчыну зноў напаткала вайна. Тут адбылося некалькі жорсткіх бітваў паміж расейцамі і шведамі. Самая вялікая з іх — бітва каля вёскі Лясная на Магілеўшчыне, дзе войскам Пятра ўдалося здабыць важную перамогу.

Цар у Полацку

Калі вы прыедзеце ў Полацак, вам пакажуць старадаўні мураваны дом, дзе ў гады Паўночнай вайны спыняўся расейскі цар. Ён пражыў у горадзе ўсяго месяц, але назаўсёды пакінуў па сабе страшную памяць, бо ўчыніў там крывавае злачынства. Прычым зрабіў гэта не дзе-небудзь, а ў святым для кожнага беларуса месцы — Сафійскім саборы.

Пётр ніколі не быў набожным. Заходзячы ў храм, ён, праўда, здымаў з галавы парык, але нават са сваімі расейскімі папамі ніколі не цырымоніўся. Вуніятаў жа ён проста ненавідзеў, бо яны не падпарадкоўваліся маскоўскім царкоўным уладам. У Віцебску цар загадаў, напрыклад, пасекчы і спаліць вуніяцкія абразы.

Аднойчы Пётр з некалькімі прыдворнымі, перад тым добра выпіўшы, зайшоў у вуніяцкі Сафійскі сабор. Простых вернікаў такой парою не было, маліліся толькі шэсць святароў і манахаў. Цар гучна запатрабаваў зрабіць яму па храме экскурсію. Немалады святар айцец Канстанцін мусіў падпарадкавацца і пачаў апавядаць няпрошаным гасцям пра галоўны сабор беларускіх вуніятаў. Адзін з абразоў не спадабаўся цару, і ён ударыў святара сваім пудовым кулаком. Айцец Канстанцін упаў, і Пётр цяжка параніў яго шабляй. Беручы прыклад з раз’юшанага гаспадара, прыдворныя таксама выхапілі шаблі і распраўляліся з бяззбройнымі людзьмі. Па храме паплылі крывавыя ручаі. Уратавацца ад п’яных катаў удалося толькі аднаму святару, якога палічылі забітым. Старэнькага айца Якуба царовы служкі забралі з сабой і ўсю ноч катавалі, патрабуючы выдаць, дзе схаванае саборнае золата. Уранні айца Якуба і айца Канстанціна павесілі. Целы пяці забітых беларускіх святароў Пётр загадаў спаліць, а попел развеяць над Дзвіной, каб на іхняй магіле не маглі збірацца людзі.