Сімяон Полацкі
Шлях па навуку
Чалавек, пра якога мы пагаворым, заслужыў славу выдатнага пісьменніка, настаўніка і асветніка. Яго ведалі ў свеце далёка ад Беларусі. Але ён заўсёды з любасцю ўспамінаў яе і свой родны горад, у гонар якога ўзяў сабе прозвішча — Полацкі.
У дзяцінстве і юнацтве яго звалі Самойлам. Хлопчык нарадзіўся ў 1629 годзе ў сям'і заможных гараджанаў. Навуку ён пачаў спасцігаць у школцы пры полацкім Богаяўленскім манастыры. Тут не толькі вучылі чытаць, пісаць і лічыць, але і выкладалі лацінскую і грэцкую мовы, музыку і спевы.
Пасля школы Самойла паехаў вучыцца ў Кіеў, а потым у Вільню, дзе была акадэмія. Там чыталі лекцыі шмат якія знакамітыя вучоныя, добра вядомыя ва ўсёй Еўропе. На занятках Самойла, напрыклад, чуў, што не Сонца круціцца вакол Зямлі, як тады лічыла большасць людзей, а наадварот — Зямля з іншымі планетамі круціцца вакол Сонца.
У гэты час полацкага юнака ўжо ведалі як таленавітага паэта. Свае вершы ён, апрача роднай беларускай мовы, пісаў яшчэ на трох — польскай, лацінскай і расейскай.
У Вільні Самойла стаў прыхільнікам вуніі. Вы памятаеце, што вунія — гэта аб'яднанне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Вяртанне дадому
Якраз тады, калі Самойла быў віленскім студэнтам, пачалася вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй. Вільню захапіла расейскае войска. Царскія стральцы і казакі рабавалі дамы і храмы. Яны здымалі званы, абдзіралі з абразоў каштоўныя аправы, мучылі і забівалі манашак з манахамі. У касцёле святога Міхала захопнікі разбурылі магілу канцлера Льва Сапегі. Заадно спалілі і некалькі праваслаўных цэркваў.
У раскошнай карэце па Вільні ехаў маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч. Дарогу перад ім засцілалі крывава-чырвонай тканінаю. Апрача войска, цара ніхто не сустракаў. Палова віленцаў загінула, астатнія ратавалі жыццё хто як мог.
Трэба было ратавацца і Самойлу. Ён падаўся ў Полацак.
Родны горад сустрэў падарожніка пажарышчамі і падазронымі позіркамі маскоўскіх стральцоў, якія гаспадарылі на вуліцах. Самым надзейным прытулкам для адукаванага чалавека быў у такое ліхалецце манастыр.
Самойла пастрыгся ў манахі і атрымаў новае імя — Сімяон. Ён пачаў працаваць у той самай школцы, дзе некалі вучыўся. Полацкія хлапчукі любілі манаха Сімяона за цікавыя ўрокі, на якіх ён часта чытаў свае вершы. Вучні з захапленнем ставілі спектаклі ў школьным тэатры, які стварыў іхні настаўнік. П'есы для тэатра таксама пісаў Сімяон. Неўзабаве ў Полацак прыехаў цар Аляксей Міхайлавіч. Разам са сваімі вучнямі Сімяон выступіў перад ім з чытаннем вершаў.
Тады вучоны палачанін яшчэ не ведаў, што праз колькі гадоў ён пераселіцца ў Маскву і будзе выхоўваць царскіх дзяцей.
Ад'езд на чужыну У Беларусі па-ранейшаму лілася кроў, гінулі людзі, зарасталі лесам палі. Страшная вайна здавалася бясконцаю, і Сімяон наважыўся пераехаць у Маскву.
Да ад'езду яго змушала і нянавісць полацкага праваслаўнага епіскапа Каліста. Гэтага святара Масква паставіла на пасаду ў абыход царкоўных законаў. Сімяон быў нязгодны і ў адным сваім вершы пасмяяўся з незаконнага епіскапа.
Тады Каліст прызначыў паэту ганебнае пакаранне працаю ў манастырскім хляве. Потым Сімяона наогул кінулі ў астрог і закавалі ў кайданы. Болей паэт не мог трываць такіх здзекаў.
Ён пакідаў бацькоўскую зямлю не таму, што любіў цара і хацеў яму служыць. Ён ведаў, што маскоўскія ўладары заўсёды былі ворагамі нашай дзяржавы. Але Сімяон хацеў, не баючыся за сваё жыццё, займацца навукаю і пісаць кнігі.
Адукаваных людзей у Расейскай дзяржаве было значна меней, чым у Беларусі. Таму палачаніна прынялі гасцінна. Цар часта запрашаў Сімяона ў свой палац і даваў яму розныя адказныя даручэнні. Ён быў перакладчыкам пры высокіх замежных гасцях. Стварыў для царскіх людзей лацінскую школу.
Прыдворныя здзіўляліся і захапляліся Сімяонавымі вершамі. Да розных урачыстых выпадкаў паэт пісаў вершаваныя віншаванні, прычым рабіў іх у выглядзе крыжа, зоркі, сэрца або стужкі серпанціну.
Хутка Сімяона прызначылі выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей, сярод якіх быў і будучы цар Пётр I.
Хоць паэт і быў пад царскаю абаронаю, жылося яму ў Маскве не надта соладка. Царкоўнікі лічылі ягоныя веды і мудрасць небяспечнымі і чынілі Полацкаму ўсялякія перашкоды. Прыгняталі Сімяона і бесчалавечна жорсткія маскоўскія парадкі. У Расейскай дзяржаве нязгодным часта выразалі языкі. Пасля аднаго з маскоўскіх бунтаў сямі тысячам чалавек на царскі загад адсеклі галаву, а яшчэ пятнаццаць тысяч засталіся без рукі ці нагі.
Сімяон пісаў у лісце да сябра, што, як толькі дазволяць абставіны, ён вернецца на радзіму. Але ягоныя мары так і не здзейсніліся.
Слуга навукі і мастацтва
Сапраўднае шчасце і адпачынак для душы Полацкі знаходзіў у працы. Ён адчыніў у царскім палацы друкарню і выдаў там буквар, а потым і іншыя кнігі. У друкарні працавалі беларускія майстры, вывезеныя ў царскі палон.
Адкрыццё Сімяонавай друкарні было для адсталай Масковіі вельмі важнай падзеяй. Колькасць друкарняў адразу павялічылася ў два разы: замест адной стала дзве. Тым часам ў Рэчы Паспалітай дзейнічалі ажно 134 друкарні.
Нашы землякі-беларусы, выведзеныя на чужыну царскімі заваёўнікамі, сталі акцёрамі створанага Сімяонам у Маскве першага расейскага тэатра.
Полацкі напісаў праект першай у Расеі найвышэйшай школы.
Але галоўным захапленнем асветніка, як і раней, заставалася паэзія. Штодня ён спісваў дробным почыркам па восем старонак. З-пад пяра ў Сімяона выходзілі вершы і байкі, вершаваныя апавяданні і загадкі, п'есы і пераклады з іншых моваў. Ён шчодра дзяліўся з чытачамі сваімі глыбокімі ведамі. З Сімяонавых твораў можна было, напрыклад, даведацца пра асветніцу Еўфрасінню і пра сем цудаў свету, пра ўласцівасці магніту і крэменю або пра біблійнага асілка Самсона, які нібыта забіў аслінаю косткаю тысячу ворагаў...
У шмат якіх вершах Полацкі змагаўся з тагачаснымі расейскімі забабонамі. Як і ягоны знакаміты папярэднік Скарына, Сімяон быў добрым лекарам. Ён абураўся тымі маскоўцамі, якія мазалі дзяцей граззю, каб засцерагчы іх ад благога вока. Паэт высмейваў п'яніцаў і людзей, што верылі ў розныя кепскія прыкметы. Не баяўся Сімяон павучаць і самога цара. Палачанін раіў маскоўскаму ўладару не абкружаць сябе крывадушнымі лісліўцамі, а слухаць парады разумных людзей. Ён пісаў у вершах пра тое, што людзей нельга караць смерцю без суда. Заклікаў цара кіраваць мудрасцю, а не жорсткасцю.
У Маскве наш зямляк напісаў болей за дзесяць кніг.
Ён не шкадаваў сябе, шмат хварэў і рана памёр. У свае апошнія дні Полацкі часта думаў пра Беларусь. Ён склаў запавет, у якім падзяліў свае грошы паміж беларускімі манастырамі ў Полацку, Віцебску, Воршы, Менску і Вільні.
Пасля Сімяона засталася найбагацейшая ў Маскве бібліятэка. Ён выхаваў некалькі расейскіх паэтаў. Створаная ім друкарня выдавала новыя кнігі.
Праз колькі гадоў пасля Сімяонавай смерці запарожскія казакі папрасілі прыслаць ім з Масквы кнігі знакамітага палачаніна. Іхняе просьбы ніхто не выканаў, бо творы Полацкага ўжо былі абвешчаныя шкоднымі. Царкоўныя ўлады нават забаранілі ўспамінаць пра іх.
Магіла асветніка не захавалася, але ён стварыў сабе вечны помнік у людской памяці. Перавыдаюцца ягоныя творы. Вучоныя і пісьменнікі пішуць пра Сімяона кнігі.
У Полацку плануецца адчыніць помнік нашаму выдатнаму земляку. Гэты помнік будзе стаяць побач з будынкамі колішняга Богаяўленскага манастыра, які ў цяжкія часы даў прытулак маладому паэту і асветніку.
Пытанні і заданні
1. Што ты ведаеш пра дзяцінства Сімяона Полацкага?
2. Якое яго сапраўднае імя?
3. Дзе вучыўся Сімяон?
4. Чаму паэт вярнуўся з Вільні ў Полацак?
5. Чым займаўся Сімяон у родным горадзе?
6. Што прымусіла Сімяона Полацкага перасяліцца ў Маскву?
7. Раскажы, як жыў наш зямляк на чужыне.
8. Пра што пісаў Сімяон у сваіх вершах?
9.Што смелы паэт раіў маскоўскаму цару?
10. Якую спадчыну пакінуў Сімяон Полацкі?