III в
— Мне пачынае ўжо здавацца, — сказаў Скот, — што пры такіх умовах наша экспедыцыя будзе простай пагулянкай.
— Добра казаць, калі мы цяпер сядзім «дома» і ў нас пад рукою ёсць шмат зброі, нават кулямёт, бомбы і газы. А на зямлі не так лёгка будзе, — сказаў Кандаракі.
Другі раз усіх узварушыў крык боцмана Старка:
— Глядзіце, глядзіце: на левым беразе чалавек на кані!
Каб у нас закрычалі: «Глядзіце, слон на самалёце!», то менш здзівілі б людзей, чым тут словы: «Чалавек на кані».
Справа ў тым, што на Новай Гвінеі зусім няма коней. Толькі еўрапейцы па берагах прывезлі сабе іх некалькі. А каб тут, у сярэдзіне, сярод папуасаў, з'явіўся конь, то людзі перапалохаліся б больш, як мы, убачыўшы якога-небудзь неіснуючага звера. Усе кінуліся глядзець у той бок, накіравалі біноклі, але нічога не ўбачылі.
— Гэта табе здалося, — сказалі боцману.
Але ён кляўся, што добра бачыў, як праз узгорак праехаў коннік і схаваўся за дрэвамі.
Як ні глядзелі, як ні пільнавалі,— ніхто больш не бачыў яго; усе пераканаліся, што Старк памыліўся. Той нават раззлаваўся:
— Хіба я сляпы або п'яны? — агрызаўся ён. — Пакуль што вочы служаць, і я не магу ім не верыць.
Праўда, стары марскі воўк меў вочы, не горшыя за іншы бінокль, але… усё ж такі не можа быць таго, чаго не можа быць. Адзін еўрапеец на кані не мог бы сюды трапіць, а папуас, не гаворачы аб іншым, адкуль возьме каня?
Яшчэ праз колькі дзён убачылі з правага боку другую раку, якая была не меншая за Фляй. Гэта быў прыток Стрыкленд. Уліваецца ён у раку Фляй прыблізна пасярэдзіне яе даўжыні, значыцца, засталося ехаць яшчэ паўдарогі.
Але ўжо зусім пры іншых умовах…
Тут місіянер сказаў, што ён хоча высадзіцца.
— Вы ж казалі, што вам трэба да пачатку ракі,— сказаў Скот.
— Я там і буду, — адказаў місіянер. — Напрасцень гэта не вельмі далёка. А пакуль я пашукаю маю матку. Тут жывуць тыя, хто ўзяў нас у палон.
— Можа, на кожны выпадак возьмеце рэвальвер? — прапанаваў Скот.
— Не трэба, — сказаў місіянер. — Драпежных звяроў няма, а супраць людзей я маю вось гэтую зброю, — і ён паказаў на біблію.
— Ну, жадаю вам усяго найлепшага, — сказаў Скот і першы раз у сваім жыцці працягнуў руку чорнаму.
Місіянер узяў торбу, біблію, развітаўся з усімі і знік у гушчары.
— Дзіўны чалавек, — заўважыў Кандаракі.
— Вось табе і папуас! — дадаў Брук.
За Стрыклендам рака Фляй ужо значна зменшылася, бо яна страціла блізка што палову вады, якую даваў прыток. Калі да Стрыкленда часам і даходзілі параходы, то вышэй яны ўжо не маглі падняцца. Усяго разы са два сюды дабіраліся даследцы. Нашы падарожнікі мелі толькі тую перавагу, што ехалі на маторнай лодцы, якая магла ісці і па неглыбокім месцы.
Берагі звузіліся, сталі вышэйшымі і стромкімі. Бег вады стаў мацнейшы, так што лодка пасоўвалася яшчэ цішэй. У некаторых месцах здаралася нават, што яе адносіла ўзад. Сталі сустракацца падводныя каменні, і ўжо нельга было думаць ехаць уначы.
І вось аднаго разу на катэры зноў крыкнулі:
— Глядзіце налева: коннік едзе!
На гэты раз ужо ўсе ўбачылі, як далёка на небасхіле нехта ехаў на кані. Конь ішоў ступою і накіроўваўся таксама на захад.
Брук паглядзеў у бінокль і здзіўлена крыкнуў:
— Дык іх жа ўдвух едзе на адным кані!
— Што за дзіва такое? — сказаў Скот і ўзяў бінокль, але нічога ўжо не бачыў: конь зноў знік за ўзгоркам.
Падарожнікі нават не ведалі, што і думаць. Мала таго, што давялося паверыць у сапраўднасць гэтага з'явішча, але яшчэ чамусьці і два чалавекі на адным кані. Хто яны такія? Адкуль? Як апынуліся тут? І чаму?
Але доўга разважаць аб гэтым ім не прыходзілася, бо перад імі паўстаў другі, важнейшы клопат. Каб не траціць часу, яны рэдка спыняліся і жывіліся тым запасам яды, што набралі з сабой. А запасы былі не надта вялікія, бо, перш за ўсё, лодка была малая, а затым — галоўнае месца займала зброя. Яны правільна разважалі, што, калі будзе досыць ваенных прылад, тады ўсё другое лёгка здабыць.
Яно так і павінна быць, але ўся бяда ў тым, што дзічыны было мала. Спачатку яшчэ качак знаходзілі, а потым, калі вымчалі ў больш высокую мясцовасць, яны ўжо не сустракаліся. Рыба раней была, а цяпер, у верхняй частцы ракі, яе стала куды менш і, каб злавіць рыбіну, не варта было траціць часу.
На зямлі вадзіліся казуары, але за імі ганяцца можна толькі на конях. А каб падпільнаваць, таксама трэба шмат часу.
Што датычыцца пладовых дрэў, то яны на волі толькі дзе-нідзе сустракаюцца, як і ў нашых лясах. Стала іх разводзіць толькі чалавек. Без чалавека і яго працы самая «райская» мясцовасць нічога не варта. Толькі на малюнках яна добра выглядае, а падарожнікі церпяць там ад голаду больш, як у нашай самай беднай старонцы.
Праўда, нашыя падарожнікі мелі яшчэ свае прадукты, але падарожжа толькі пачыналася, і трэба было думаць пра далейшае.
Аднаго разу з правага боку яны заўважылі вёску, якая знаходзілася за тры-чатыры кіламетры ад берага. Парашылі пайсці туды, каб выменяць што-небудзь.
Вёска стаяла на беразе невялікага возера, якое злучалася маленькаю рэчкаю з галоўнай ракой. Але як толькі жыхары ўбачылі, што набліжаюцца чужынцы, — зараз жа пачалі ўцякаць хто куды. Еўрапейцы крычалі, давалі розныя знакі, што яны маюць добрыя намеры, але ад гэтага жыхары яшчэ больш палохаліся.
Прыйшлі ў пакінутую вёску, зайшлі ў адну, другую хату. Нідзе аніводнага чалавека. У хацінах хатнія рэчы: адзенне, спрытна зробленае з травы, кінжалы і стрэлы з касцей казуара.
— Вось палюбуйцеся на гэтую цацку! — сказаў Кандаракі, паказваючы на чалавечую галаву.
«Цацка» сапраўды была цікавая. Гэта была скура, старанна знятая з чэрапа і напханая травой. Рот і вочы шырока расчынены ды яшчэ падмалёваны чырвонай фарбай. Апрача таго, былі тут і голыя чарапы, таксама размаляваныя.
— Глядзіце, колькі рубцоў на іх, — заўважыў Скот, — відаць, што яны здабыты ў бойцы.
— І з'едзены, — дадаў Брук. — Можа, і так, — сказаў Скот, — але чаму нідзе не відаць нічога спажыўнага? Чым яны жывяцца?
— Ядуць адзін аднаго, — падказаў Брук.
— Далей ад жылля, у гушчары, яны маюць агароды, — растлумачыў Кандаракі,— апрача таго, разводзяць свіней і сабак для яды.
— Ну, ці сабак есці, ці адзін аднаго, — гэта ўсё роўна! — бурчаў Брук.
На вуліцы ўбачылі парасят. Пачалася страляніна, і двух забілі.
Рэха разнеслася па ціхіх лясах, і, седзячы ў гушчары, жыхары радаваліся, што паспелі ўцячы. Яны былі ўпэўнены, што гэтыя страшныя белыя ворагі з'явіліся толькі затым, каб знішчыць іх з усёй іх маёмасцю. Хіба не чулі яны гэтага грому, які сведчыў аб намерах белых ворагаў?
Назад пайшлі па беразе ручая. На адной палянцы яны мімаволі спыніліся як зачараваныя. Нават Брук не вытрымаў і сказаў:
— Які цудоўны куток!
З усіх бакоў звешваліся дзіўныя кветкі так званай «муккуны». Гэтая расліна жыве па другіх дрэвах, і здаецца, быццам усе, самыя разнастайныя дрэвы зацвілі аднымі і тымі ж кветкамі. Даўжыня кветкі — з паўметра, шырыня — больш далоні. Вялікія чырвона-жоўтыя, яны пераліваліся на сонцы, як агонь.
І таксама, як агонь, мільгалі сярод іх славутыя райскія птушкі. Здавалася, што полымя хістаецца ад іх вогненна-жоўтых тонкіх пер'яў. Другія, яскрава-сінія птушачкі павінны былі ўцякаць ад матылёў, якія былі ў некалькі разоў большыя за птушак. А на іх усіх пакрыквалі, нібы камандавалі, какаду, сярод якіх асабліва вызначаліся вялікія чорныя папугаі.
— Чорт пабяры, як у казцы! — сказаў Кандаракі, азіраючыся навакол, але раптам спыніўся, ухапіў стрэльбу і ціхенька паказаў рукою на адно дрэва.
Праз лісце ледзь прыкметна відаць было, як нехта цёмны ціха варушыцца. Ясна, што гэта быў папуас.
Скот даў знак, каб усе маўчалі, і асцярожна стаў красціся да дрэва. Але Брук не вытрымаў і стрэліў.
— Што вы робіце? — крыкнуў Скот. — Навошта гэта?
Тым часам зашорхалі і затрашчалі галіны, мільганула цёмнае цела і грукнулася ў гушчары.
— Што вы зрабілі? — зноў сказаў Скот. — Ці была патрэба ў гэтым?
Усе стаялі, апусціўшы галовы, і нават Брук адчуваў, што зрабіў нядобра.
— Чаму ж ён сачыў за намі? — апраўдваўся ён. — Ён жа мог пусціць у нас атручаную стралу.
— Мы заўсёды маглі зняць яго, калі было б патрэбна, — сказаў Скот. — Калі мы заўважылі яго, ён быў ужо бяспечны. Гэта нават шкодна для нас, бо можа яшчэ больш раззлаваць іх, і мы будзем мець зусім непатрэбны клопат. Нядобра, вельмі нядобра, містэр Брук!
Ханубі тым часам пайшоў у кусты, дзе звалілася цела.
— Сюды! Хутчэй! — раздаўся яго вясёлы голас. Пабеглі і… зарагаталі так, што рэха пайшло па ўсёй ваколіцы. Нават Скот, можа, першы раз у сваім жыцці так рагатаў. Замест папуаса перад імі ляжаў… кенгуру, так званы «лазячы кенгуру», які водзіцца галоўным чынам на Новай Гвінеі.
— Ну і старонка! — казаў Брук. — Усё ў ёй не па-людску, людзі падобны да звяроў, а звяры да людзей. Але добра, што так здарылася: паспеем яшчэ папаляваць і на папуасаў, калі трэба будзе. А гэтага «папуаса» і самі з'ямо. Весела вярнуліся на катэр, дзе ўжо трывожыліся за іх, пачуўшы страляніну. І здабычы ім хапіла на два дні.
На трэці дзень, пад вечар, прысталі да аднаго маленькага астраўка пасярэдзіне ракі. Прыгожая расліннасць, сухі стромкі бераг і становішча сярод ракі — усё гэта было вельмі зручна для таго, каб спыніцца тут.
Расклалі вогнішча і нават спаць засталіся тут, бо ў лодцы было цесна. Толькі гаспадары пайшлі спаць у сваю каюту.
Нанач, зразумела, паставілі варту, але месца было такое спакойнае, што вартаўнік заснуў раней за іншых.
Чунг-лі ляжаў пад высокім дрэвам за дзесяць крокаў ад вогнішча, прыслухоўваўся да гурчання вады між катэрам і берагам і думаў аб тым, дзе цяпер знаходзіцца яго брат, ці сустрэнуцца яны калі-небудзь і наогул, ці жывы ён…
Усе ўжо спалі. Агонь згас. Недзе далёка завыў сабака. Можа, блізка жыллё, а мо гэта дзікі сабака, якіх шмат водзіцца на Новай Гвінеі.
Файлу павярнуўся на другі бок, і ў гэты момант яму здалося, што каля Чунг-лі мільгануў нейкі цень. Ён падняў галаву, працёр вочы — нічога. Але ён не паленаваўся нават устаць, падышоў да Чунг-лі,— той спіць як забіты; ён абышоў навакол, прыгледзеўся, прыслухаўся — нічагусенькі.
Тады ён супакоіўся. Пэўна, са сну яму нешта здалося. Падкінуў галля ў агонь, прыладзіўся і спакойна заснуў.