Раздзел пяты I 4
Будзе Соф'я той, якую ён ляпіў у сваіх штодзённых справах і марах, забудзе мову крывічоў, павернецца ўсёй душой, усім сэрцам да рымскай царквы, як кветка да сонца, будзе шчаслівы ён, Генрых з Лэціі, і будзе гэта апраўданнем ягонага жыцця, няпростага і нялёгкага. Увялі Соф'ю. Манашка Эльза і абаціса Марта стаялі побач з дзяўчынкай.
— Дочачка мая, — парывіста ўзняўся Вячка. Соф'я паглядзела на яго, потым на абацісу Марту, потым на Генрыха. — Я твой бацька, — падышоў да яе, пагладзіў доччыны светлыя валасы Вячка. — Хіба ты не пазнала мяне? Хіба не помніш?
Ён з такой надзеяю, з такім болем пазіраў на дачку, што ў абацісы Марты нечакана павільгатнелі вочы. Генрых нешта шапнуў Соф'і, і маленькая князёўна, гледзячы паўз бацьку ў вузкае, асветленае жоўтым сонцам акно, сказала некалькі незразумелых слоў. Голас быў роўны і сухі, быццам драўляны.
— Што яна гаворыць? — разгублена глянуў на тэўтона Вячка.
— Князёўна Соф'я сказала, што яна дачка апостальскай рымскай царквы, — растлумачыў Фрэдэрык. — Рымскай царквы? — здзівіўся, пабляднеў Вячка і аж зрабіў крок назад. — Але ж яна мая дачка. Мая! І княгіні-нябожчыцы Звеніславы. Можа, яна хворая? Соф'я, Соф'ечка! Я прыйшоў па цябе. Успомніла мяне? Успомніла Кукейнос?
Ён схапіў бледную і тонкую доччыну руку, пагладзіў яе, потым пацалаваў. Князёўна раптам заплакала, срэбныя ручайкі слёз густа і нястрымна пакаціліся з вачэй. Яна затрымцела ўсёй сваёй істотаю, сказала:
— Татачка, вось гэтая Эльза прымушае мяне гаварыць па-іхняму… Б'е мяне… — Я скручу табе шыю, чорная сава! — ірвануўся Вячка да Эльзы.
Манашка з абацісаю, быццам бура іх падхапіла, вылецелі з епіскапскіх пакояў.
— Выведзіце князёўну! — закрычаў служкам Альберт і нават нагамі затупаў. Тыя спалохана схапілі пад рукі Соф'ю, зніклі за дзвярамі. У пакоі наступіла цішыня, халодная, гняўлівая. Генрых раптам весела засмяяўся. Епіскап здзіўлена паглядзеў на яго, запытаўся:
— Што з табой, сын мой?
Але Генрых не мог стрымацца, смяяўся і смяяўся, падбег да акна, абапёрся на свінцовы падаконнік, і было відно, як ходзяць плечы, як закідваецца галава. Ужо хваравітасць, пакутлівасць адчувалася ва ўсім гэтым.
— Імануіл, прынясі вады! — ушчэнт разгубіўся епіскап.
Другую сядміцу быў Вячка ў Рызе… На вялікдзень Альберт шчодра частаваў кукейноскага князя. Праз дзень да Вячкі прыводзілі дачку, але толькі на некалькі імгненняў і адразу ж зноў забіралі ў манастыр. Часцей сустракаўся з князем Генрых. Прыходзіў, шнураваў няспынна па пакоі, гаварыў пра любоў да бліжняга, пра вялікія міласці, якімі асыпае бог сваіх верных сыноў. Вячка маўчаў.
«Як я мог паверыць ім? — думаў Вячка бяссоннымі начамі.— Трапіў, як пчала ў дзюбу да жаўны».
Пра жаўну ўспомніў ён у палоне, пра лютага ворага працавітых бортных пчол. У хваёвых лясах, у дуплах высока над зямлёю, гнездзіцца жаўна. Пёры ў яе чорныя, і толькі верх галавы ярка-чырвоны. Яна рэзка, адрывіста крычыць у змроку хвойнікаў: «Кнай-кнай-кнай!» — і лётае, шукае дуплы даверлівых пчол. Колерам, драпежнай звычкаю і голасам жаўна заўсёды нагадвала Вячку мечаносцаў. Ён, як быў малы, блукаў у лесе з самаробным лукам, хацеў падпільнаваць жаўну, як яна будзе есці пчол, і забіць яе. «Не ўпаляваў я за сваё жыццё ніводнай жаўны», — са скрухаю думаў князь.
Мінуў вялікдзень, і Альберт, павёўшы сваё войска на поўдзень ад Рыгі, прыгнаў у горад натоўп змардаваных палонных прусаў. Гэта былі высокія светлавалосыя людзі з прамымі буйнаватымі насамі. Іх адразу ж прымусілі працаваць на будаўніцтве гарадской сцяны. Прусы пад наглядам латнікаў епіскапа капалі ямы, білі каменне, мясілі гліну, сплаўлялі па Дзвіне плыты. Адзін з прусаў упаў са сцяны і зламаў нагу. Нагу яму вылечылі, і Альберт прыставіў пруса як служку да палоннага кукейноскага князя.
Напачатку яны не разумелі адзін аднаго — палонны палачанін і палонны прус. Маўчалі, думалі кожны сваё. Але няволя збліжае самых розных людзей, і паступова яны адкрыліся адзін аднаму, і аказалася, што ў іхніх мовах нямала падобных слоў.
— Я жыў на беразе мора, — павольна, каб Вячка яго разумеў, гаварыў прус. — Імя маё табе, князь, ведаць не трэба. Заві мяне Прусам. У мяне была жонка Данутэ і трое дзяцей. Прыйшлі псы з Рыгі, і мая сям'я, як і ўсе нашы суседзі, схавалася ў земляной пячоры, пад каранямі свяшчэннага дуба. Але рыжскія псы каля ўваходу ў пячору расклалі велізарнае вогнішча, у якое кідалі яловыя лапкі, мухаморы, шышкі, мох… Дым забіў усіх. Я нават не ўбачыў трупы маіх дзяцей і маёй жонкі. Як я хачу адпомсціць тэўтонам!
— Я таксама хачу, Прус, — даверыўся Вячка. — Давай думаць разам, што нам рабіць.
— Добра, князь, — адразу ж згадзіўся Прус. — Мы не можам справіцца з тэўтонамі сілаю. Нас двое… Мы ў палоне… Толькі розум і хітрасць могуць нам памагчы. Хітрасці ж нам трэба вучыцца ў тэўтонаў.
Пасля гэтай размовы Вячка доўга не мог заснуць. Ён быў цалкам згодзен з Прусам. Так, хітрасцю бяруць тэўтоны. А яшчэ бяруць сваёй дысцыплінай, арганізаванасцю. Ужо, здаецца, так варагуюць мечаносцы з епіскапам Альбертам, гатовы зжэрці яго, як пажыраюць адзін аднаго павукі пад шклом, а ўбачылі, здагадаліся, што князь Кукейноса точыць на іх меч, і адкінулі свае крыўды, аб'ядналіся з Альбертам, і вось ён, князь Вячка, гніе ў тэўтонскай цямніцы. Як не хапае палачанам, наўгародцам, эстам, лівам, прусам такой згоды, згуртаванасці ў смяротны час. Кожны князь, кожны баярын і старэйшына далей свайго церама, сваёй сядзібы нічога не хоча бачыць, толькі пра ўладу, толькі пра скарбонку думае. «Я — князь. Ніводны лісцік у маіх лясах не скалыхнецца без майго дазволу». Вось аб чым думаюць, мараць яны ўдзень і ўначы. А трэба гуртаваць сілы. Трэба, каб тэўтонаў сустрэў на Дзвіне жалезны магутны кулак, іначай наробяць тэўтоны дудак з нашых касцей.
Як служка палоннага кукейноскага князя. Прус часам выходзіў з цямніцы ў горад, усё там выглядваў, высочваў, прыслухоўваўся, аб чым гавораць між сабой тэўтоны. Асабліва цікавілі яго гарадская сцяна, тыя месцы, дзе яна яшчэ будавалася, была не такой высокаю.
— Як жа ты за гарадскую сцяну вырвешся? — пытаўся Вячка. — У цябе ж крылаў няма, сцяну не пераляціш.
— Думаць трэба, князь… Думаць… — змрачнеў Прус.
Аднойчы ён запытаўся:
— Ты, князь, не збіраешся мяняць праваслаўную веру на рымскую?
— Не, — цвёрда адказаў Вячка.
— Тады ніколі не аддадуць табе тэўтоны дачку. Ніколі. Разумееш мяне? Не дачку тваю яны надумаліся ўкрасці, а душу тваю.
Князь Вячка маўчаў. Здавалася, усе пачуцці, усе страсці памерлі ў ягоным сэрцы. Тыя, хто глядзеў на князя зблізку і здалёку, так і думалі. Але калі б яны маглі сваімі позіркамі пранікнуць у самую патаемную глыбіню гэтага сэрца, яны б убачылі, што сэрца ў князя не мёртвае, не пустое. У ім засталася, у ім кіпела, яго поўніла да краёў нянавісць.
Вячка цішэў, як бы камянеў, а Прус усё болей узбуджаўся. Кулакамі грукаў аб сцены цямніцы. Ён быў з тых людзей, у каго вельмі часта, вельмі рэзка мяняецца настрой. Аднойчы за буянства, за крык латнікі Альберта доўга білі яго дрэўкамі коп'яў. Але, як толькі яны выйшлі, Прус весела засмяяўся.
— Ну й чалавек ты, — здзівіўся Вячка. — Як той крэмень, цярплівы. Няўжо не баліць?
— Адкрыю табе сваю тайну, князь, — прыцішыў голас Прус. — Я не ведаю, што такое боль, не адчуваю.
З самага маленства не адчуваю. Здаралася, пальцам так аб камень ці аб корч які стукнуся — іншы б клубком круціўся па зямлі ад болю. А я бягу далей, смяюся. Не даў бог майму целу боль. Не ведаю я, што гэта такое. Вялікую міласць аказаў мне ўсявышні.
Вячка нічога не сказаў, але падумаў: «Гэта цябе і пагубіць, Прус. І цела чалавечае, і душа павінны адчуваць боль. Без болю няма жыцця».
А праз два дні Прус пайшоў у горад, схапіў камень, якімі палонныя ўмацоўвалі падножжа сцяны, ударам у скронь забіў латніка, спрабаваў забіць рыцара Макса, каб авалодаць ягоным канём і вырвацца за гарадскую браму. Брама якраз была расчынена, бо ў Рыгу ўязджаў купецкі абоз. Але рыцар Макс не разгубіўся — жалезным чаравікам зламаў Прусу нос, саскочыў з каня, зваліў Пруса на зямлю, бічоўкаю моцна звязаў яму рукі і прыгнаў на епіскапскае падвор'е. Без літасці білі Пруса бізунамі, аж кроў свістала ва ўсе бакі. Вячка думаў, што Альберт загадае павесіць або чвартаваць палоннага. Ды епіскап вырашыў захаваць Прусу жыццё і нават адпусціць на радзіму, папярэдне выкалаўшы яму вочы.
— Цябе вецер у Прусію прывядзе, — сказаў ён няшчаснаму палоннаму, — вочы ты пакінеш у Рызе. Ідзі да супляменнікаў. Хай дрыжаць ад страху ў сваіх лясах і балотах. Хай убачаць, якімі мы бываем бязлітаснымі да ворагаў. Апошні раз паглядзі на сонца, развітайся з ім навекі.
Прус уздрыгнуў, узвёў у неба вялікія сінія вочы, потым заўважыў Вячку, крыкнуў яму:
— Бывай, кукейноскі князь! Ніколі цябе болей не ўбачу!
— Ты пра мяне пачуеш, Прус, — ціха адказаў Вячка, але і да Пруса, і да тэўтонаў даляцелі гэтыя словы.