Ізяслаў і Брачыслаў
Жыццё ў разлуцы
Вы памятаеце, як князь Уладзімір адправіў Рагнеду і малога Ізяслава з Кіева на радзіму?
Для выгнаннікаў пабудавалі горад Ізяслаў, названы так на імя князевіча. Але жорсткі кіеўскі валадар разлучыў маці з сынам. Ізяслава завезлі ў Полацак, і больш Рагнеда яго ніколі не бачыла. Яна вельмі сумавала па сыне, які калісьці ўратаваў яе ад смерці, аднак Уладзімір загадаў не адпускаць Рагнеду ў родны горад.
Тым часам спалены і разрабаваны Полацак ужо ўзняўся з папялішча. На высокім беразе Дзвіны полацкія майстры зноў пабудавалі магутныя драўляныя сцены. За імі стаялі дамы багатых людзей. Там жыў і князь Ізяслаў. Ён таксама надта тужыў па сваёй маці.
З свайго вакна Ізяслаў бачыў, як па шырокай Дзвіне плывуць пад ветразямі прыгожыя купецкія караблі.
Хлопчыку хацелася стаць вольным, як людзі на гэтых караблях, ды прыстаўленыя Уладзімірам слугі мелі загад удзень і ўначы сачыць за Рагнедзіным сынам і ні на крок не адпускаць яго ад сябе.
Князя Уладзіміра ў Полацку так ненавідзелі, што ні знатныя, ні простыя людзі доўга не давалі сваім сынам гэтага імя. Не называлі Уладзімірамі і полацкіх князёў.
Першы беларускі асветнік
Рагнедзін сын рана навучыўся чытаць і пісаць. З дзяцінства ён больш за ўсё любіў бавіць час з кнігамі.
Зрабіўшыся дарослым, князь Ізяслаў пачаў клапаціцца пра тое, каб грамаце вучыліся і іншыя палачане. Пры ім у Полацку з'явілася першая школка. Настаўнікамі ў ёй былі вучоныя манахі, а падручнікамі — царкоўныя кнігі.
Грамату дзеці асвойвалі па царкоўных кнігах. Спачатку трэба было завучыць на памяць азбуку. Літары называліся больш складана, чым цяпер. Вось вы кажаце “а”, “бэ”, “вэ”, “гэ”, а тысячу гадоў назад вашыя раўналеткі ўслед за настаўнікам паўтаралі ўголас: “аз”, “букі”, “ведзі”, “глаголь”. Якраз ад старажытных назваў дзвюх першых літараў і паходзіць слова “азбука”.
Пісаць тагачасныя хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся на пакрытых воскам дошчачках або на бяросце — акуратна знятых з дрэва кавалках бярозавай кары. Літары выводзілі пісалам — палачкай, адзін канец у якой востры, а другі — тупы і шырокі. Асабліва зручна было пісаць пісалам на васкаваных дошчачках. Калі зробіш памылку, дык можна хуценька загладзіць воск тупым канцом і напісаць правільна.
Князь Ізяслаў пачаў збіраць першую ў Беларусі бібліятэку. Кніг тады было мала і каштавалі яны надта дорага. Друкаваць кнігі людзі яшчэ не ўмелі, і кожную з іх перапісвалі ад рукі. Гэта займала некалькі месяцаў, а часам і гадоў.
Нашыя продкі пісалі не на паперы, а на пергамене, які майстры выраблялі з тонкай цялячай скуры. Чарніла рабілі з адмысловых арэхаў, з адвару дубовай ці альховай кары, з жалезнае ржы. У руках перапісчык трымаў добра завостранае гусінае або лебядзінае пяро. Каб напісаныя радкі хутчэй высыхалі, іх прысыпалі пяском. Гэта была складаная і цяжкая праца, а таму перапісчыкаў вельмі паважалі і цанілі. Цудоўна сказаў пра іх наш паэт Максім Багдановіч:
На чыстым аркушы прад вузенькім вакном,
Прыгожа літары выводзіць ён пяром,
Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі
Чырвоную страку; усякімі цвятамі,
Рознакалёрнымі галоўкамі звяроў
I птах нявіданых, спляценнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь — даволі ёсць знароўкі —
Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі,
I загалоўкі ўсе,— няма куды спяшыць!
Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць
Пяро гусінае, і гляне: светла сонца
Стаўпамі падае праз вузкае ваконца,
I круціцца у іх прыгожы, лёгкі пыл;
Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл,
Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі
У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі,
Як жар гарашчымі, а тут, каля вакна,
Малінаўка пяе і стукае жаўна.
I зноў ён схіліцца, застаўку зноў выводзіць
Няяркім серабром; нячутна дзень праходзіць...
Магчыма, кнігі перапісваў і сам князь Ізяслаў.
Летапісы называюць яго кніжнікам, а мы — асветнікам. Асветнік — гэта чалавек, які дбае, каб ягоны народ быў пісьменны, любіў кніжнае слова, жыў у добрай згодзе.
Полацкі князь Ізяслаў быў першым беларускім асветнікам.
Надзея палачанаў
У князя Ізяслава падрастаў сын Брачыслаў.
Паводле старога звычаю, крывіцкія князі ў тры гады садзілі сыноў на каня, у сем гадоў аддавалі ў навучанне грамаце, а ў дванаццаць бралі на вайну. Ізяслаў паспеў толькі навучыць хлопчыка ездзіць на кані, даў патрымацца за меч ды паслухаў, як жвава малы чытае рукапісную кнігу. Узяць князевіча ў паход ён ужо не змог.
Князь Ізяслаў памёр у маладыя гады. Шмат хто з палачанаў думаў, што яго атруцілі падасланыя Уладзімірам людзі. Магчыма, так і было. У Кіеве баяліся, што Полацкае княства зноў стане свабодным.
Брачыслаў застаўся сіратою. Ён быў адзіным жывым Рагвалодавічам — нашчадкам першага ўладара нашай старажытнай дзяржавы Рагвалода.
Полацак бярог свайго маленькага князя і глядзеў на яго з вялікай надзеяю. Выхоўваць хлопчыка даручылі самым мудрым і паважаным баярам. Яны не шкадавалі сіл на тое, каб Брачыслаў рос дужым і спрытным, разумным і справядлівым, каб больш за ўсё на свеце любіў Полацкую зямлю. Кожны дзень юны князь садзіўся на каня, займаўся практыкаваннямі з мечам, вучыўся кідаць дзіду і страляць з лука.
Палачане марылі, што Брачыслаў разаб'е ворагаў і верне іхняму княству незалежнасць. Бітва на рацэ Судоме
Князь вырас і стаў добрым палкаводцам і мудрым палітыкам.
У гэтым часе ў Кіеве валадарыў Уладзіміраў сын Яраслаў. Яму дужа не падабалася, што Полацкае княства набірае сілу і ўжо не выконвае ягоных загадаў.
Кіеў задумаў напасці на Полацак. Брачыслаў даведаўся пра гэта ад верных людзей і сабраў баяраў на раду. Палачане вырашылі не чакаць з'яўлення небяспечнага ворага на сваёй зямлі, а самім ісці ў паход на Ноўгарад, які належаў кіеўскаму князю. Аднаго разу полацкае войска быццам з-пад зямлі вырасла перад магутнымі ноўгарадскімі сценамі і ўзяло горад штурмам. Брачыслаў завалодаў усім суседнім княствам і паставіў там сваіх намеснікаў. Дачуўшыся пра ўдалы паход Брачыслававай дружыны, кіеўскі князь Яраслаў Мудры надта ўстрывожыўся і пачаў збіраць свае палкі.
Па дарозе дадому полацкія ваяры раптам убачылі наперадзе вялікую непрыяцельскую раць. Бітва паміж палачанамі і кіянамі адбылася на беразе ракі Судомы. Кіеўскія летапісцы напісалі, што Яраслаў перамог, а разбіты Брачыслаў нібыта ўцёк у родны горад. Але гэта была няпраўда. Як вельмі часта здаралася ў тыя далёкія часы, летапісец проста хацеў дагадзіць свайму князю.
Пераможцам з сечы на Судоме выйшаў Брачыслаў. А князь Яраслаў не толькі мусіў адступіць, але яшчэ і аддаў палачанам гарады Віцебск і Усвят. Гэтыя гарады стаялі на важным гандлёвым шляху. Цяпер купцы, праязджаючы праз іх, плацілі ўжо не Кіеву, а Полацку.
Бітва на рацэ Судоме была ў 1021 годзе. Пасля яе Полацкае княства зноў зрабілася незалежнай дзяржавай.
Полацкая дружына на чале з Брачыславам яшчэ няраз ваявала з ворагамі і вярталася дахаты з перамогай.
Полацак далучыў да сваіх земляў прыдняпроўскія гарады Воршу і Копысь. На поўначы Беларусі стаіць на беразе возера прыгожы горад Браслаў. У старажытнасці ён зваўся Брачыслаў — у гонар полацкага князя, які заснаваў яго ў часе аднаго з сваіх паходаў.
У той паход разам з бацькам мог хадзіць ужо і Брачыславаў сын Усяслаў. Пазней ён стаў самым славутым і магутным полацкім князем. Нашыя продкі называлі яго Чарадзеем і складалі пра свайго валадара быліны і паданні, што дайшлі дасёння.
Пра гэтага князя, якога людзі лічылі чараўніком, пойдзе гаворка ў наступным апавяданні.
Пытанні і заданні
1. Раскажы пра жыццё князя Ізяслава ў Полацку.
2. Чаму ў Полацку доўга не любілі імя Уладзімір?
3. Каго называюць асветнікам? Чаму мы лічым князя Ізяслава першым беларускім асветнікам?
4. Раскажы, як вучыліся дзеці ў старажытнай школе.
5. Адкуль пайшло слова “азбука”?
6. Паспрабуй намаляваць старажытнага перапісчыка кніг. Раскажы пра ягоную працу.
7. Вывучы і раскажы на памяць верш Максіма Багдановіча «Перапісчык».
8. Чаму палачане бераглі свайго маленькага князя Брачыслава?
9. У якіх бітвах перамог князь Брачыслаў?
10. Якія гарады Брачыслаў далучыў да сваёй дзяржавы? Які беларускі горад названы ў яго гонар?
11. Якія ты ведаеш старажытныя беларускія імёны?