Вялікі гетман Ян Кароль
У бацькавым палацы
Яну Каралю Хадкевiчу лёс наканаваў стаць адным з найславуцейшых беларускiх палкаводцаў. Калі ён нарадзіўся, iшла надзвычай цяжкая для нашай дзяржавы вайна з Масковiяй. Цар Iван Жахлiвы iмкнуўся захапiць i далучыць да сваiх уладанняў Полацак ды iншыя беларускiя землi да самай Вiльнi.
Бацька Яна Хадкевiча быў на вайсковай i дыпламатычнай службе i нячаста прыязджаў дадому. Янка рос пад наглядам мацi.
Ягонае маленства прайшло недалёка ад Баранавiчаў. Там, на высокiм беразе рэчкi Мышанкi, стаяў бацькаў палац-замак, абведзены стромкiм валам i глыбокiм ровам. Янка любiў гуляць з аднагодкамi ў вайну. Ўжо тады яго прызнавалi за камандзiра. Ён з драўлянай шабляю ў руцэ вадзiў хлапчукоў на штурм замкавага валу. Або загадваў сваiм малым ваярам падрыхтавацца да абароны на другiм баку Мышанкi i першы смела кiдаўся ў ваду.
У вялiкiх палацавых пакоях Янку вабiлi развешаныя на сценах старадаўнiя мячы, шаблi, шчыты, стрэльбы-рушнiцы. Хлопчык мог доўга разглядваць гербы i партрэты сваiх продкаў. Ён ведаў, што Хадкевічы займалi ў нашай дзяржаве высокiя пасады i заслужылі вялікую павагу.
Пад кiраўнiцтвам хатнiх настаўнiкаў Янка рана навучыўся пiсаць i чытаць. Ён з ахвотаю займаўся гiсторыяй i арыфметыкай. Не меншыя здольнасцi i спрыт хлопчык выявiў i ў вайсковай справе. Ён з малых гадоў добра ездзiў на канi. Крыху пазней Янка выдатна авалодаў шабляй i рапiрай, навучыўся трапна страляць з лука i з агняпальнай зброi.
Першыя перамогi
Дзецi з заможных i знатных беларускiх сем'яў у тыя часы абавязкова атрымлiвалi добрую адукацыю. Ян спачатку вучыўся ў Вiльнi — у калегiюме i акадэмii. Потым ён паглыбляў свае веды ў Нямеччыне i ў iтальянскiм горадзе Падуi, дзе некалi Францiшак Скарына стаў доктарам лекарскiх навук.
Хадкевiч атрымаў добрыя веды з гiсторыi, геаграфii, матэматыкi. Ён ведаў лацiнскую мову, на якой можна было паразумецца з жыхарамi ўсiх еўрапейскiх краiнаў.
Хадкевiч старанна вывучаў кнiгi знакамiтых палкаводцаў. У сваёй вандроўцы па Еўропе ён завiтаў на востраў Мальту. Тамтэйшыя рыцары ўдала ваявалi з туркамi. Падарожнік з Беларусі шмат чаму навучыўся ў мальтыйскіх ваяроў.
Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, ён ажанiўся з княгiняй Соф'яй Слуцкай. Яна стала любай i клапатлiвай жонкаю. Хадкевiч часта пiсаў ёй з ваенных паходаў лiсты. Ён заўсёды называў жонку “адзiнай, каханай i наймiлейшай Зосечкаю”.
Ваярскi талент прынёс Яну першыя поспехi ў ратнай справе. Камандуючы уласным аддзелам коннiцы, ён праявiў адвагу пад час паходу ў паўднёвыя землi Малдовы i Валахii. За атрыманыя там перамогi Хадкевiчу даверылі адказную вайсковую пасаду палявога гетмана.
Шведская вайна
У тым часе Рэч Паспалiтая пачала доўгую вайну са Швецыяй за панаванне на Балтыйскiм моры. Вялiкi князь i кароль Жыгiмонт Ваза прызначыў Хадкевiча намеснiкам вялiкага гетмана i накiраваў у Прыбалтыку.
Нашае войска было параўнаўча са шведскiм невялiкае i горш узброенае. Ранейшыя камандзiры i каралеўскiя чыноўнiкi думалi найперш пра сябе, а не пра сваiх падначаленых. Жаўнеры доўга не атрымлiвалi грошай i часта галадалi. Нярэдка яны мусiлi здабываць сабе ежу рабункамi або наогул уцякалi дахаты. Ян Хадкевiч хутка навёў дысцыплiну. Ён сурова караў парушальнiкаў, але клапацiўся, каб ваяры заўсёды былi накормленыя i апранутыя, каб мелi добрую зброю i сытых коней. Грошы на войска з каралеўскай скарбнiцы прыходзiлi нерэгулярна, i гетман загадаў плацiць жаўнерам заробкi i купляць зброю за свае сродкi. Дзеля гэтага ён нават заклаў за грошы ўласныя маёнткi.
Спачатку нашае войска прымусiла здацца шведскi гарнiзон у эстонскiм горадзе Дэрптце (Тарту). Потым Хадкевiч разбiў прысланы з-за мора свежы шведскi корпус. Яшчэ праз некалькi месяцаў ён разграмiў новы вялiкi аддзел ворага. У той бiтве палегла дзве тысячы шведаў i быў захоплены 21 баявы непрыяцельскi сцяг. Пасля гэтага сойм Рэчы Паспалiтай пастанавiў перадаць Хадкевiчу булаву вялiкага гетмана. Гэта значыць, ён стаў у нашай дзяржаве галоўным камандзiрам усёй армii.
Беларускiя гусары
Улюбёным войскам Яна Караля Хадкевiча былi гусары. Напачатку так называлi лёгкую кавалерыю. Але пазней зброя i рыштунак гусараў зрабiлiся больш цяжкiмi i надзейнымi. Цела i галаву гусараў прыкрывалi панцыры i шаломы-шышакi. З ворагам яны бiлiся доўгiмi дзiдамi i шаблямi, а на адлегласцi трапна паражалi працiўнiка з лукаў i пiсталетаў.
На дзiдах у беларускiх гусараў трапяталiся бел-чырвона-белыя сцяжкi. Да гусарскiх панцыраў мацавалiся вялiкiя крылы з пер'ем, якiя наводзiлi на ворага жах. Таму гэтыя воiны мелi яшчэ адну назву — крылатыя вершнiкi. У тыя часы якраз крылатыя вершнiкi прыносiлi нашаму войску найбольшую славу.
Бiтва пад Кiрхгольмам
Беларускiя гусары дапамаглi гетману Хадкевiчу атрымаць найслаўнейшую перамогу над шведамi каля вёскi Кiрхгольм (цяпер Саласпiлс) непадалёку ад Рыгi.
На досвiтку 27 верасня 1605 года там сустрэлiся армiя шведскага караля Карла IX i баявыя палкi нашай дзяржавы. Карл IX меў 7300 ваяроў. Шведская пяхота тады лiчылася найлепшай у свеце, таму i складала большасць непрыяцельскага войска. Хадкевiч прывёў на бiтву 4300 жаўнераў. Нашае войска ледзь не цалкам складалася з беларусаў. Беларусамі былі і амаль усе камандзіры.
Беларусы i шведы доўга стаялi насупроць адзiн аднаго, не пачынаючы бiтвы. Затым гетман загадаў сваёй лёгкай кавалерыi адступаць. Карл IX, паверыўшы ў блiзкую перамогу, кiнуў сваiх жаўнераў у наступ. Ягоная пяхота з гарматамi спусцiлася са зручных пазiцый на ўзвышшы. I тут шведаў нечакана заатакавалi з бакоў беларускiя гусары i лёгкая коннiца. Шведы пачалi ўцякаць, і ў пагоню за iмi кiнулiся беларускiя татары, якiя вартавалi абоз Хадкевiча.
У бiтве палегла 6 тысяч шведаў. Беларусы захапiлi ўсе непрыяцельскiя гарматы i 60 сцягоў. У нашым войску загiнула ўсяго блiзу 100 жаўнераў i некалькi сотняў былi параненыя.
Слава пра Кiрхгольмскую перамогу разнеслася па ўсiм свеце. Вiншаваннi гетману Хадкевiчу прыслалi папа рымскi i большасць еўрапейскiх валадароў.
Вайна з туркамi
На поўднi Рэч Паспалiтая суседзiла з вялiзнай i неспакойнай турэцкай дзяржавай, якая называлася Асманскай iмперыяй. Туркi захапiлi шмат якiя еўрапейскiя краiны. Неўзабаве пачалася вайна Асманскай iмперыi i з Рэччу Паспалітай. Турэцкi султан рыхтаваў вялiкi паход на поўнач. Ён хвалiўся, што разгромiць Рэч Паспалiтую i выйдзе на берагi Балтыйскага мора.
Велiзарная турэцкая армiя, якая налiчвала 150 тысяч ваяроў, рушыла ў бок Малдовы i Украiны. Камандзiрам войска Рэчы Паспалiтай прызначылi Яна Хадкевiча — найлепшага ў дзяржаве палкаводца. Беларускiя палкi iшлi на вайну з-пад нашых старажытных гарадоў — Полацка, Вiльнi, Смаленска ды іншых. Моцным iхнiм хаўруснiкам было ўкраінскае войска запарожскiх казакоў.
Хрысцiянскае i мусульманскае войскi сышлiся на беразе ракi Днястра каля замка Хацiн. Гэты замак яшчэ ў часы князя Вiтаўта збудавалi беларускiя майстры.
Хацiнская бiтва доўжылася не адзiн тыдзень. Найцяжэйшым стаў той дзень, калі туркам удалося захапiць галоўны вал нашых умацаванняў i ўварвацца ў лагер. Казакi-запарожцы выбiлi ворагаў за вал, але султан кiнуў у тое самае месца свежыя сiлы. Тады Хадкевiч выкарыстаў сваiх найбольш надзейных i загартаваных ваяроў. У турэцкiя шэрагi ўрэзалiся палкi беларускiх гусараў. Крылатымi вершнiкамi кiраваў сам гетман. Туркi не вытрымалi магутнага напору беларусаў i пабеглi. Некалькi тысяч ворагаў палеглi ад шабляў, дзiдаў i куляў нашых гусараў.
Султан Асман ужо i не ўспамiнаў пра свой намер захапiць Балтыйскае ўзбярэжжа. Побач з ягоным шатром паныла стаялі пахудзелыя, змерзлыя пад халодным восеньскім дажджом сланы. Нястача цёплай вопраткі і дрэннае харчаванне вельмі аслабілі турэцкае войска.
У цяжкiм становiшчы апынулiся i нашы ваяры. У лагеры было шмат параненых i хворых, канчаўся порах i запасы харчу. Ян Кароль Хадкевiч смяротна захварэў i ўжо не падымаўся з ложка. Аднак на яго апошняй нарадзе з камандзiрамi была прынятая аднадушная пастанова — не адступаць.
Праз колькi дзён гетман Хадкевiч памёр. Вестка пра гэта даляцела да туркаў, i яны кiнулiся на штурм. Але сiлаў у iх ужо не ставала. Неўзабаве памiж туркамi i нашым камандаваннем пачалiся перамовы.
Паводле мiрнай дамовы мяжа Рэчы Паспалiтай з Асманскай iмперыяй не мянялася. Гэта азначала перамогу. Туркi не ведалi, што ў дзень замірэння ў войску Хадкевіча заставалася апошняя бочка пораху.
Пераможцы горка шкадавалi, што з iмi ўжо няма ўлюбёнага камандзiра. “Пан гетман памёр, а з iм вялiкае шчасце Айчыны мiлай”, — з болем запiсаў у тыя днi адзiн з нашых суайчыннікаў.
Пытаннi i заданнi
Раскажы пра дзяцiнства Яна Караля Хадкевiча.
Дзе вучыўся будучы гетман? Якiя навукi ён вывучаў?
Як Ян Кароль Хадкевiч ваяваў са шведамi?
Што ты даведаўся пра беларускiх гусараў?
Як беларусы атрымалi перамогу пад Кiрхгольмам?
Якія планы былі ў турэцкага султана?
Якая бiтва вырашыла лёс вайны з туркамi? Раскажы пра гэтую бiтву.