Вітаўт Вялікі і бітва пад Грунвальдам
Гром вайны
Самым магутным сярод уладароў старажытнай Беларускай дзяржавы быў вялікі князь Вітаўт. Ён пражыў доўгае жыццё, поўнае прыгодаў і небяспекі.
Калі Вітаўт быў яшчэ малады, ворагі запрасілі яго разам з бацькам на мірныя перамовы. Прыехалі яны без войска і без зброі. Вітаўта і ягонага бацьку схапілі, закавалі ў кайданы і пасадзілі ў турму ў моцным Крэўскім замку. Галоўны непрыяцель Вітаўта князь Ягайла падаслаў у замак нанятых забойцаў. Яны задушылі Вітаўтавага бацьку Кейстута, а ягоную верную жонку ўтапілі ў замкавым рове.
Трэба было ратавацца. Аднойчы ў турму да Вітаўта прыйшла жонка са служанкаю. Вартавыя прапусцілі дзвюх жанчын туды і дзвюх назад. Яны не ведалі, што ў адзенні служанкі з турмы выйшаў сам Вітаўт.
У зацятай барацьбе з Ягайлам Вітаўт урэшце перамог і, стаўшы вялікім князем, узяўся ўмацоўваць сваю дзяржаву. Ён далучыў да яе старажытны беларускі горад Смаленск. Тры разы Вітаўт вадзіў войска на Маскву. У тыя часы мяжа паміж нашай краінаю — Вялікім Княствам Літоўскім і Масковіяй праходзіла далёка на ўсходзе — усяго за сто вёрстаў ад Масквы.
Падданыя і іншаземцы з павагаю і страхам называлі Вітаўта Громам вайны. Князь быў мужны ваяр і добры палітык. Любіў падарожнічаць па сваёй краіне. За тры дні ён, начуючы каля лясных вогнішчаў, мог на кані прыехаць з Вільні ў Полацак.
Усе галоўныя пасады ў дзяржаве за Вітаўтам займалі беларусы. Яны кіравалі нават у тых землях, дзе жылі продкі цяперашніх летувісаў. Вы памятаеце, што дзяржаўнай моваю ў Вялікім Княстве Літоўскім была беларуская. На ёй пісаліся княскія загады, законы ды іншыя дзяржаўныя дакументы. Нямецкі пасол, які прыязджаў у сталіцу княства — Вільню, запісаў у сваім дзённіку, што Вітаўт і ўсе прыдворныя гаварылі па-беларуску.
Пад сцягам з «Пагоняй»
Найбольш небяспечным ворагам нашай радзімы быў тады Тэўтонскі ордэн. Так называлася дзяржава, створаная нямецкімі рыцарамі-крыжакамі. Гісторыкі палічылі: крыжакі нападалі на Беларусь 150 разоў. Яны разлічвалі вынішчыць нашых людзей або анямечыць — гэта значыць прымусіць забыць сваю мову ды звычаі і зрабіцца немцамі.
Вітаўт вырашыў перамагчы Тэўтонскі ордэн. Дзеля гэтага ён дамовіўся з польскім каралём Ягайлам злучыць свае сілы супраць агульнай небяспекі. Дзве дзяржавы рыхтаваліся да вялікай вайны. Кавалі кавалі зброю. Рыцары ўдасканальвалі сваё ваярскае майстэрства. У Белавежскай пушчы князеўскія паляўнічыя нарыхтоўвалі харчовыя прыпасы.
Аб'яднаныя сілы Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства сустрэліся з крыжацкім войскам каля вёскі Грунвальд, што перакладаецца з нямецкай мовы як Зялёны Гай.
Вітаўт прывёў на бітву сорак палкоў.
Трыццаць з іх прыйшлі пад баявымі сцягамі з «Пагоняй». Тут былі палкі з Полацка, Вільні, Віцебска, Амсціслава, Горадні, Наваградка, Пінска, Берасця ды іншых беларускіх гарадоў. Кожны полк складаўся з коп'яў. Кап'ём называлася баявая тройца: рыцар, ягоны збраяносец і лучнік.
З двух бакоў на грунвальдскіх пагорках сышлося болей за 200 тысяч ваяроў. Гэта была адна з найбуйнейшых бітваў у гісторыі.
...і закіпела сеча
Сеча пачалася раніцою 15 ліпеня 1410 года. Першай пайшла ў атаку лёгкая конніца Вітаўта. Супраць яе біліся закаваныя з галавы да ног у браню конныя рыцары-тэўтонцы. Пасля гадзіны бою лёгкія аддзелы Вітаўта сталі адыходзіць, завабліваючы немцаў у пагоню.
Асабліва гарачы бой кіпеў там, дзе стаялі смаленскі, амсціслаўскі і аршанскі палкі. Большасць іхніх ваяроў у той дзень загінула, але стрымала шалёны націск крыжакоў і заслужыла неўміручую славу.
Вялікую мужнасць паказалі на Грунвальдскім полі палачане і віленцы. Прыкрываючы адыход таварышаў, кожны з іх біўся супроць пяці тэўтонскіх рыцараў і амаль не меў надзеі ўратавацца. Стаялі насмерць і польскія палкі. Адважна біліся на баку Вітаўта і Ягайлы таксама ўкраінскія, татарскія, чэшскія і малдаўскія дружыны.
Сонца ўжо хілілася да захаду, поле было скрозь заваленае забітымі людзьмі і конямі, а бітва не сціхала. У пыльным паветры тонка спявалі сваю смяротную песню стрэлы. Звінелі, высякаючы іскры, мячы, чуліся перадсмяротныя крыкі і малітвы. У слядах ад конскіх капытоў застывала цёмная кроў.
Немцы яшчэ ніяк не маглі даць веры, што іхняе войска, якое ўранні лічылася непераможным, разбітае.
Разгром тэўтонскіх рыцараў
Кароль Ягайла кінуў у бой свежыя палкі, а Вітаўтава конніца вярнулася на поле бітвы і з новай сілаю абрынулася на разгубленага ворага. Крыжакоў удалося абкружыць.
Жалезныя абцугі аб'яднанага войска сціскаліся ўсё мацней. Нашы ваяры помсцілі за забітых бацькоў і братоў, за забраных крыжакамі ў вечны палон сёстраў і мацярок. Ад магутных удараў мячоў, ад сталёвых дзюбаў стрэл, ад татарскіх арканаў не маглі ўратаваць немцаў ніякія панцыры.
Адзін з Вітаўтавых вояў прабіўся да галоўнага тэўтонскага ваяводы — вялікага магістра Ульрыха і ўсадзіў яму ў горла вострую рагаціну. Убачыўшы смерць свайго правадыра, немцы пачалі адступаць.
А сёмай гадзіне вечара разгром крыжацкага войска быў скончаны. У летапісах гаворыцца пра 40 тысяч забітых і 15 тысяч палонных ворагаў. Былі захопленыя сотні тэўтонскіх сцягоў. Разам з адрэзанымі ў рыцараў бародамі пераможцы вывешвалі іх потым на вежах Вільні і Кракава.
Запомніце: бітва пад Грунвальдам — адна з найважнейшых падзеяў беларускай гісторыі. Перамога выратавала наш народ ад вынішчэння і спыніла нямецкія напады.
Памяць пра Грунвальдскую сечу захоўваецца не толькі ў летапісах і кнігах. На лясной і азёрнай віцебскай зямлі недалёка ад беларускага горада Паставы ёсць вёсачка Грунвальд. Паданне кажа, што яе заснаваў нехта з паплечнікаў князя Вітаўта, што вярнуўся з перамогаю на радзіму.
Украдзеная карона
Пад канец жыцця Вітаўт намерыўся зрабіцца каралём. Пакуль паслы везлі яму з Рыма карону, князь сабраў гасцей з усёй дзяржавы. Кожны дзень яны балявалі і весяліліся.
Летапісцы сцвярджаюць, што запрошаныя жылі ў Вітаўта сем тыдняў. Кожны дзень яны выпівалі па пяцьсот бочак хмельнага мёду і з'ядалі па пяцьсот кароў, па пяцьсот бараноў, па пяцьсот дзікоў, а таксама па сто зуброў і па сто ласёў.
Аднак гэтае вясёлае чаканне скончылася даволі сумна.
Польскае Каралеўства пабойвалася моцнага суседа і не хацела, каб Вітаўт стаў каралём.
Палякі схапілі рымскіх паслоў, адабралі ў іх карону, рассеклі яе напалам і схавалі ў адным са сваіх касцёлаў.
Нягледзячы на гэтую няўдачу, вялікі князь Вітаўт пакінуў пасля сябе велізарную краіну, што раскінулася ад Балтыйскага да Чорнага мора. Гэта была адна з найбуйнейшых краінаў у тагачаснай Еўропе і ва ўсім свеце. Пасля перамогі пад Грунвальдам дзяржава нашых продкаў — Вялікае Княства Літоўскае — набыло вялікую павагу ў сваіх блізкіх і далёкіх суседзяў.
Пытанні і заданні
Як звалі самага магутнага з уладароў старажытнай Беларускай дзяржавы?
Што вы даведаліся пра гэтага славутага князя?
Чаму Вітаўт вырашыў пачаць вайну з Тэўтонскім ордэнам?
Калі адбылася Грунвальдская бітва? Раскажы, як яна праходзіла і чым скончылася.
Чаму мы называем бітву пад Грунвальдам адной з найважнейшых падзеяў беларускай гісторыі?
Хто і чаму ўкраў Вітаўтаву карону?