XXIV
Апошняя ноч на востраве. - «Кармленне звяроў». - Хітрыкі палоннікаў. - Смалены бандыт. - Зварот дадому.
Хлопцы зноў засталіся ў лесе. Але цяпер перад імі сядзела пяць чалавек ды шосты ляжаў побач. І людзі гэтыя для іх былі больш небяспечныя, чым усе тутэйшыя звяры.
Калі бандыты ўбачылі, што старэйшы пайшоў, яны ажывіліся і пачалі перагаворвацца. Відаць, яны сцямілі, што той пайшоў па дапамогу і вернецца няхутка, а таму ў іх з'явілася надзея як-небудзь абдурыць гэтых хлопцаў. Калі хлопцы падышлі бліжэй да іх, палонныя змоўклі. Толькі скоса пазіралі на сваіх вартаўнікоў. А потым «стары знаёмы» бандыт спытаў:
- Скажыце, чаму вы не адгукаліся, калі мы тыдні два назад шукалі вас і нават стралялі? Ці вы не чулі?
- Чулі, ды не хацелі сустракацца з вамі, - адказалі хлопцы.
- Чаму? Мы ж маглі вам паказаць дарогу.
- Ведаем, якую дарогу вы хацелі нам паказаць.
- Адкуль жа вы маглі ведаць?
- Бабры сказалі! - засмяяўся Віктар.
- А! Дык вы падслухалі?
- Чуткі такія па лесе пайшлі.
Нарэшце хлопцы адчулі, што вельмі хочуць есці.
У трафейнай торбе прадуктаў было нямнога, асабліва хлеба: раніцою хлопцы і Саўчук добра пад'елі, не шкадуючы бандыцкіх запасаў. Вочы палонных прагна накіраваліся на ежу.
- Як тут дзяліць? - казаў Мірон, круцячы ў руках хлеб. - А есці на іхніх вачах не магу. І схавацца ад іх няма як.
Тыя два, што былі ўзяты раніцой, нарэшце не вытрымалі і папрасілі:
- Дайце хоць хлеба кавалачак, мы ўвесь дзень нічога не елі.
- Хлеба? - усклікнуў Віктар. - Мы ж яго цэлы месяц не елі. Лепш мы засмажым вам цудоўнага зубровага мяса.
Сваім вострым кінжалам яны лёгка нарэзалі тонкіх лустаў мяса і паклалі ў агонь, а самі са спакойным сумленнем узяліся за хлеб і сала. Палонныя цярпліва чакалі сваёй чаргі, аб нечым перашэптваліся. Пакуль хлопцы павячэралі, мяса сасмажылася. Можна было вячэраць і палонным, але як?..
- Вы па чарзе. Развяжыце рукі аднаму, потым другому, - прапанаваў адзін з бандытаў, відаць, абмеркаваны ўжо імі план.
- Ну, не! - сказаў Віктар.
- Лепш ужо вы пацярпіце да заўтрага без яды. Ніякай бяды з вамі не будзе. Мы тут галадалі больш - і нічога з намі не здарылася.
Палонныя паспрабавалі былі яшчэ даводзіць, што баяцца хлопцам няма чаго, што развязаны будзе толькі адзін, а супраць яго будуць двое ўзброеных, але хлопцы і слухаць не хацелі. Тады самы галодны без ніякіх хітрыкаў папрасіў:
- Дайце мне ў рот хоць кавалак.
- Гэта іншая рэч! - згадзіліся хлопцы і далі яму ў рот кавалак мяса.
Затым па просьбе далі другому, а іншыя адмовіліся. Цяжкараненаму давалі і хлеба, і сала, але ён папрасіў толькі піць.
Мірон узяў бляшанку і пабег да бабровага ручая па ваду. Калі напаіў хворага, папрасілі і здаровыя. Зноў пабег Мірон.
- Вы б узялі другую бляшанку і пабеглі абодва, - параіў адзін.
- Дзякуем за параду! - насмешліва адказаў яму Віктар.
Потым бегаў яшчэ Віктар два разы, пакуль напаілі ўсіх. Тады з'явілася новая просьба: - Дайце пакурыць. Вазьміце ў нашых кішэнях папяросы і запалкі.
Віктар дастаў папяросы і пачаў соваць усім у рот. Потым паднёс ім агонь. Мірон занепакоіўся, каб Віктар і сам не закурыў, бо спакуса для яго была надта вялікая. Ён сквапна глядзеў на папяросы, што былі ў яго руках, узяў адну, пачаў круціць яе, разглядаць...
Мірон кінуўся ратаваць свайго прыяцеля. Ціхенька ўзяў з яго рук папяросы і сказаў:
- Паслухайся мяне, Віця, пацярпі! Столькі часу прайшло, ты ўжо адвык. Ці варта зноў пачынаць.
Тон Мірона быў такі сяброўскі, такі шчыры, што Віктар усміхнуўся і сказаў:
- Добра, не буду.
Цяжкаранены вельмі часта прасіў піць, і хлопцы ахвотна насілі яму ваду. Не адмаўлялі яны і здаровым, толькі рабілі гэта неахвотна. Потым трэба было даць пакурыць. А там былі і яшчэ просьбы, у якіх нельга было адмовіць...
Адным словам, клопату было да самага цямна. А чым цямней станавілася, тым больш трывожыліся хлопцы. Хоць яны і не шкадавалі галля, але ўсё ж такі не кожны рух палоннікаў можна было заўважыць у змроку. Яны памяталі, як таварыш Саўчук сядзеў тады з жэрдкай і... зусім вольны.
«А што, калі і цяпер гэтак жа сядзіць хто-небудзь з гэтых бандытаў?» - мільгала думка ў абодвух. І яны раз-пораз правяралі палоннікаў.
- Чаго вы лезеце кожную хвіліну? - злавалі тыя. - Паспрабуйце самі вызваліцца з такіх путаў. Праўду кажуць: загадай дурню Богу маліцца, дык ён і лоб разаб'е. Непрыемна было слухаць такія словы, але хлопцы не крыўдзіліся: можа, яны і сапраўды занадта стараюцца? Але праз некаторы час пераканаліся, што ў такой справе ніякая пільнасць не можа быць залішняй.
Самым спакойным палоннікам быў ранены ў руку. У яго замест рук былі звязаны ногі. Ён сядзеў, апусціўшы галаву, і ні на што не звяртаў увагі. Нават не прасіў ні есці, ні піць. Здаровая рука яго была засунута пад сагнутыя калені. Хлопцы нават не правяралі, ці добра звязаны ў яго ногі. Цяпер Віктар неяк звярнуў увагу, што здаровая рука палоннага ўвесь час уздрыгвае. Падышоў, паглядзеў і крыкнуў:
- Эге! Гэты нумар не пройдзе!
Аказалася, што за доўгі час ён пальцамі здаровай рукі і трэсачкамі развязаў сабе вяроўкі на нагах. Прыйшлося прыкруціць яму здаровую руку да нагі.
Хлопцы яшчэ раней дагаварыліся, што ноччу вартаваць будуць разам, а не па чарзе.
- Сярод гэткай кампаніі боязна заставацца аднаму нават і тады, калі яны звязаныя, - казалі яны.
І яны абодва заставаліся на варце пасля таго, як усе бандыты паснулі. Утыркнуўшыся галовамі адзін аднаму ў спіну, яны храплі на ўвесь лес.
- Піць! - пачуўся голас раненага.
Узялі бляшанку - вады няма. Няўжо дзеля гэтага бандыта ісці ў цемру па ваду? Але ранены цяжка дыхаў, стагнаў - і ў хлопцаў не хапіла духу адмовіць яму. Схапіўшы бляшанку, Віктар пабег па ваду.
Мірон застаўся адзін. Жудасна яму зрабілася. Усё навакол стала нібы інакшым. Бандыты ўсе нібы пачалі варушыцца, трэсціся, хоць у той жа час храплі так, што рэха па лесе ішло.
Калі Віктар вярнуўся, Мірон прашаптаў:
- Больш па ваду не хадзі. Можа, гэтай хопіць, а калі не, - хай крыху пацерпяць. Мне пачало здавацца, нібы яны ўсе ўзад і ўперад торгаюцца. А спяць яны нават занадта моцна. Ніхто з іх за ўвесь час не павярнуўся на другі бок. У гэтым няёмкім становішчы дзіва так праляжаць.
- Трэба паглядзець! - сказаў Віктар.
Падышлі да адной пары, дакрануліся.
- А? Што? Хто тутака? Пайшоў к чорту! - пачуўся сонны голас.
Памацалі вяроўкі - мокрыя, лахматыя!
- Ах, каб на іх ліха! - ускрыкнуў Віктар. - Гэта ж яны грызуць адзін аднаму вяроўкі. Зараз жа рассуньцеся! Ну! А то страляць будзем! Раз... два...
Палоннікі нездаволена пачалі адсоўвацца і бурчаць:
- Вось чортавы дзеці!
Прыйшлося праверыць усіх. У двух вяроўкі былі слюнявыя і пагрызеныя. Каб яшчэ гадзіна, другая, справа была б дрэнная. Замацавалі зноў і размясцілі іх паасобку.
Ноч цягнулася доўга. Марудна. Усё здавалася, што бандыты зноў нешта надумалі. Цяпер яны ўжо так не храплі, не ляжалі спакойна, як раней. Часта варочаліся з боку на бок. Хлопцы пільна сачылі, каб яны не збліжаліся, і ўвесь час пакрыквалі:
- Адсуньцеся!.. Далей!..
Праз якую гадзіну зноў усё сцішылася.
Было ўжо далёка за поўнач, калі хлопцы пачулі нейкі смурод, нібы ад смаленага адзення.
- Што гэта? Ці не падсмаліўся хто?
- Мусіць, той, што бліжэй да вогнішча?
Падышлі да яго. Віктар схіліўся, а ў гэты момант адна рука абхапіла яго за шыю, а другая ўхапілася за рэвальвер.
- Мірон, страляй! - крыкнуў ён немым голасам.
Бандыты заварушыліся, загулі, пачалі куляцца бліжэй. Хлопцам здавалася, што яны ўсе ўжо развязаліся і зараз накінуцца на іх. І вось Віктар адчуў, як жалезная рука адабрала ў яго рэвальвер...
- Страляй! Страляй! Хутчэй! - крычаў ён у роспачы.
Але ў гэты момант пачуўся спакойны голас Мірона:
- Палажы рэвальвер на зямлю і адсоўвай руку! Раз... два...
Пальцы бандыта расшчапіліся, і рэвальвер застаўся на зямлі. Віктар схапіў яго і выпрастаўся.
Мірон стаяў за спіной бандыта, засунуўшы рэвальвер за яго каўнер. Халодная сталь прымусіла бандыта пакарыцца...
- Звязвай рукі! - сказаў Мірон.
Віктар зноў старанна звязаў іх. Рукі былі пасмаленыя, слізкія...
Зрабілі новую праверку. Размясцілі ўсіх вакол вогнішча за некалькі крокаў ад агню. Востры момант усхваляваў усіх, але было ціха, нібы нічога не здарылася. Толькі Віктар, адвёўшы Мірона ўбок, з абурэннем казаў:
- Чаму ж ты не страляў? З-за тваёй непатрэбнай літасці мы абодва ледзь не загінулі!
- Ніякай літасці тут не было, а разумнае меркаванне, - адказаў Мірон. - Каб я стрэліў адразу, то мог трапіць і ў цябе, бо вы былі сашчапіўшыся. Каб я прыставіў рэвальвер да яго галавы, ён мог бы адхіснуцца і нават выбіць у мяне рэвальвер. А калі я засунуў рэвальвер яму за каўнер, то бандыт ужо нічога не мог зрабіць, а я заўсёды паспеў бы стрэліць.
- Але ж і цярплівы, гад! - дзівіўся Віктар. - Смаліць руку разам з вяроўкай - і ні гу-гу!
Нарэшце прыйшоў канец і гэтай страшнай ночы. Сонца яшчэ не вылезла з-за лесу, як між дрэў паказаліся постаці чырвонаармейцаў. Было іх чалавек дванаццаць. Наперадзе ішоў, лепш сказаць, бег камандзір з трыма кубікамі ў пятліцах. Гэта быў Саўчук. Ён увесь час хваляваўся больш, чым самі хлопцы. Ён лепш за іх разумеў, у якім сур'ёзным, адказным і небяспечным становішчы засталіся хлопцы ў гэтую ноч. Якая ж была яго радасць, калі ён здалёк убачыў іх жывымі на сваёй варце! Хлопцы радасна махалі рукамі, шапкамі і так крычалі «ўра», што ўспудзілі зайца з-пад далёкага куста. А для бандытаў гэты радасны крык азначаў канец надзеі...
- Малайцы, хлопцы! - сказаў Саўчук, абдымаючы іх. - А цяпер давайце збірацца дадому.
...Праз дзве гадзіны ў лесе было ўжо зусім ціха. Сіратліва курэў пакінуты агонь. Каля яго валяліся непатрэбныя рэшткі разабранага зубра. Убаку бялеўся пагорачак свежага пяску - бясслаўная магіла чорнага бандыта.
Лясныя жыхары асмялелі. Залескатала ўверсе вавёрка, аглядаючы пакінутую стаянку. Зноў закаркалі вароны і паступова авалодалі рэшткамі зубра. А да іх ужо накіроўваўся воўк...
У Палескай пушчы распачыналася нармальнае жыццё, парушанае было чалавекам.