×

我们使用 cookie 帮助改善 LingQ。通过浏览本网站,表示你同意我们的 cookie 政策.

image

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях, Вужовая карона

Вужовая карона

— У маіх паноў быў лоўчы, зваўся Сямён; дом яго стаяў недалёка ад маёнтка, паншчыны ён не служыў, а ўвесь яго абавязак быў — вартаваць лес, хадзіць на паляванне з панам ды прыносіць дзічыну, калі, чакаючы гасцей або перад якім вялікім святам, накажуць з маёнтка.

Аднаго дня прыходзіць да яго аканом і крычыць, стукаючы ў акно:

— Сямён, пан казаў, каб ты што там ні было прынёс да нядзелі пару глушцоў, дзве пары цецерукоў і колькі курапатак, дык не лянуйся, бяры стрэльбу, майго выжла ды ідзі на ловы.

Заспяшаўся Сямён, бо была ўжо серада. Бярэ стрэльбу, зайшоў у маёнтак і з выжлам ідзе блукаць па лесе. У нешчаслівы час выйшаў на паляванне; хадзіў дзень навылёт, а бачыў толькі дзятлаў, што дзяўблі сабе на сухіх хваінах. Начаваў у лесе, замёрз, бо была ўжо восень. На другі дзень да ўзыходу сонца туляўся па пушчы. Але дарма: нават здалёку не бачыў тых птушак, якіх шукаў, толькі вецер шумеў у дрэвах. Згаладалы сабака ўцёк да свайго гаспадара, і Сямён, змардаваны, хмурны, вяртаўся дадому, не ведаючы, што рабіць.

Сеў ён на калоду і думае сабе: «Кепска будзе; пан не дасць веры, што я шчыраваў на ўсю поўніцу; пэўна, западозрыць мяне ў гультайстве; пакланіўся б і нячысціку, абы толькі паспрыяў мне сёння».

Ледзь гэтак падумаў — выбег аднекуль велізарны чорны сабака, сеў перад лоўчым і страшнымі вачыма ўтаропіўся на чалавека. Сямён кліча яго да сябе, але сабака не рушыць з месца, а толькі глядзіць як шалёны; ахінуў лоўчага неспакой, і дрыжыкі пабеглі па целе. І тут бачыць: выходзіць з гушчару пажылы чалавек, валасы зблытаныя ў каўтун, бровы густыя, змарнелы, як быццам ад сонца і ветру, твар, вопратка да пят. Сядае на пень ля паляўнічага і гаворыць такія словы:

— Бачу, што торба твая пустая і твар хмурны; пэўна, паляванне няўдалае.

— Хадзіў два дні па лесе, змарыўся сам, і сабака, згаладаўшыся, уцёк ад мяне; не ўдалося аніводнага разу стрэліць. Дзе ж падзелася тое птаства? Загадалі мне да нядзелі прынесці дзічыны, ды адкуль яе ўзяць? Бяда будзе!

— Не журыся, — кажа незнаёмы, — паслухай мае рады. Я дапамагу табе. Заўтра 14 верасня[63], дык увечары ідзі на Ласіную гару, на цэлую ноч будзе табе дарогі, бо сам ведаеш, што гэтая гара адсюль няблізка; стаіць яна сярод цёмных лясоў; падыдзеш да яе акурат на світанні і ўбачыш, што схілы яе пакрытыя вужамі; не палохайся, яны чапаць цябе не будуць; між іх сустрэнеш Вужовага караля. Пасцялі перад ім белую хустку, укленч і пакланіся; ён кіне табе на хустку сваю Залатую Карону і з грамадою сваіх вужоў пойдзе ў зімовыя сховы. Слухай яшчэ, дам табе перасцярогу: ідучы ўначы на Ласіную гару, не палохайся нічога і нічому не дзівіся, іначай дарэмны будзе твой клопат.

Калі будзеш мець у сябе Вужовую Карону, дык гэты чорны сабака, які цяпер перад табою, заўсёды, як толькі пойдзеш на ловы, стрэне цябе і павядзе па лясных сцежках, і кожны раз настраляеш столькі, колькі захочаш. Але ніколі не палохайся нічога і не дзівіся нічому, бо калі пахіснешся сэрцам або духам — будзеш нешчаслівы; не пускай у душу такія пачуцці.

Сказаўшы гэта, ён схаваўся ў гушчары, і сабака пайшоў за ім. Сямён правёў поглядам незнаёмага, доўга стаяў задумаўшыся, пайшоў дахаты, узяў белую хустку і са стрэльбаю за плячыма скіраваў да Ласінае гары. Калі зайшоў у дзікую пушчу, дык ужо сутоньвалася, цямней і цямней рабілася сярод густых хвояў і ялін. А ён далей і далей ідзе ў глыб лесу. Усё вечарэла. Вось ужо і ноч. Глянуў угору — ледзь некалькі зорак на небе ўбачыў праз галіны. Адзін ён з людзей быў у той час у лясной пустэльні, вакол чуў толькі крыкі соваў і пугачоў ды ў гушчары тупат перапалоханага звера. Не першы раз выпала яму блукаць уначы па лесе, і дарога гэтая не страшыла яго.

Апоўначы лютыя пачвары акружылі лоўчага. Бачыць, як набліжаецца велізарны мядзведзь на задніх лапах, рыкае і ўжо хоча напасці; зграя ваўкоў, натапырыўшыся і свецячы вачыма, пагражае крывавымі пашчамі. Сямён адважна ідзе сярод хіжацкае зграі. Заступіў яму дарогу вышэйшы за лес Волат, які вырваў вялікую хваіну і гразіўся, нібы пярун. Аднак лоўчы смела мінае ўсё гэта.

Месячык паказаўся з-за воблака. Здаецца Сямёну, што выходзіць ён з лесу і бачыць удалечыні палац, які свеціцца золатам і срэбрам; падыходзіць да тае пекнае пабудовы праз чароўны сад, дзе як быццам вясна і лета сышліся разам: найпрыгажэйшыя кветкі і даспявае найвыдатнейшая садавіна. Зязюля сумным голасам абзывалася на дрэве; зацёхкаў салавей у хмызняку; чуваць дзіўныя галасы драздоў і шпакоў, і разумее Сямён іх вясёлыя спевы. Спаткалі яго дзяўчаты з вянкамі на галовах, танцуючы, вабілі да сябе. Ён мінуў усе гэтыя цуды не здзіўляючыся і не зважаючы на іх.

Зніклі чароўныя здані; падзьмуў восеньскі вецер; і Сямён убачыў на ўсходзе чырвонае неба. Хутка ўзыдзе сонца — спяшае ён да Ласінае гары.

Калі прыйшоў на прызначанае месца, убачыў чараду вужакаў. Яны, сыкаючы, саступалі з ягонае дарогі. А ўжо і сонца падымаецца. Страчае Сямён такога велізарнага вужа, якога ніколі не бачыў. Той смела паўзе, а на ягонай галаве зіхаціць золата. Сямён раскінуў белую хустку перад ім і ўкленчыў. Вуж скінуў з галавы Карону на хустку і папоўз далей, а за ім і іншыя вужы хутка схаваліся за гарою. З радасцю разглядаў Сямён залаты скарб, падобны на два бліскучыя лісцікі, што зрасліся канцамі.

Ледзь пакінуў гару, як яго спатыкае велізарны чорны сабака, які ўчора пабег за незнаёмым; пазірае ў вочы і, здаецца, кажа, каб ішоў за ім. Ідзе лоўчы за сабакам. Той спыняецца і позіркам паказвае на дрэве глушцоў. Разоў колькі стрэліў ён у тым месцы і некалькі штук забіў. Ужо нёс дадому глушцоў, цецерукоў і курапатак, а як падышоў бліжэй да хаты, сабака застаўся стаяць на полі: глядзеў услед паляўнічаму, а пасля знік з вачэй.

Паны хвалілі лоўчага, яго спрыт на паляванні, а чэлядзь і аканом дзівіліся з яго шчасця, з таго, як ён, не маючы сабакі, столькі змог упаляваць дзічыны.

З таго часу Сямён стаў найслаўнейшым паляўнічым. Той чорны сабака кожны раз сустракаў яго ў лесе, і Сямён столькі біў рознае дзічыны, што не толькі хапала панам у маёнтку, але і сялянам на продаж.

Па ўсёй ваколіцы разнеслася пагалоска, што Сямён — чараўнік, быццам некаторыя секлі дровы ў лесе ды бачылі, што ходзіць з ім нейкі чорны сабака, які ў лесе і застаецца. Акім, што некалі сябраваў з лоўчым, раз ціха падышоў пад вакно ягонае хаты, каб даведацца, што той робіць; пачуў, нібыта з кімсьці размаўляе; зірнуў у вакно: Сямён лашчыць чорнага сабаку, таго самага, што заўсёды сустракаў яго ў лесе. Сабака глянуў у вакно крывавым вокам і знік, а Акім уцёк ад страху.

Ужо колькі гадоў уся воласць гаворыць, што Сямёну дапамагае на ловах сам нячысцік, якога трымае ён за пахолка, але паны адно смяяліся з гэтага і не давалі веры. Хоць пан, будучы неяк з лоўчым на паляванні, не бачыў чорнага сабаку, аднак змеціў, што дзікае птаства само ляціць да Сямёна і той ніколі не схібіў.

Жыла ў вёсцы непадалёку Марыся, прыгожая і маладая дзяўчына, дачка набожных бацькоў. Шмат каму яна падабалася, і Сямён меў на яе вока; спадзеючыся на сваё багацце ды на панскую ласку, меў надзею, што Марыся будзе ягонай.

Аднаго дня, калі ішоў на паляванне, убачыў ён Марысю. Тая мела вянок на галаве, і кветкі так ёй пасавалі, што выглядала яна надзвычай прыгожаю. Ходзячы непадалёку ад свае нівы, збірала суніцы. Падыходзіць Сямён, просіць ягад; не адмаўляе яму дзяўчына; пытае лоўчы, ці падабаецца ён Марысі.

— Людзі кажуць, што ты чаруеш, — адказала тая, — а я баюся чараўнікоў.

— О, не, Марысю, нікога я не чараваў і не ведаю гэтага ганебства.

— Калі праўду кажаш, — я нашу на шыі пасвянцоны ў час Юбілею крыжык, які можа грахі адпускаць, — пацалуй мой крыжык.

— Ахвотна, — адказаў Сямён.

І ледзь пацалаваў крыжык, як тут з травы падняў галаву велізарны вуж, нібыта хацеў зірнуць на Марысю. Перапалоханая дзяўчына закрычала. Сямён схапіў камень і выцяў вужа. Той, сыкаючы, схаваўся ў траве. А пасля раптам з'явіўся чорны сабака, загаўкаў і знік. Марыся ад страху дрыжыць ледзь жывая.

Сямён правёў яе дадому і адтуль зноў ідзе на паляванне. Толькі ўжо не сустрэў яго ў лесе чорны сабака.

Убачыў цецерука; стрэліў, але заместа птушкі — пень гнілы ўпаў на зямлю. Спалохаўся Сямён, вяртаецца дахаты, аж там безліч вужоў, сыкаючы, паўзуць пад лаву і пад печ. Адчыніў скрыню, выняў Вужовую Карону, а яна ўжо не залатая: два пажоўклыя бярозавыя лісточкі. Стаіць, як слуп, і не ведае, што чыніць.

Доўга яшчэ дакучалі вужы небараку Сямёну. Не давалі спакою не толькі дома, але і на гасцінах. Калі завітваў да суседзяў, няраз, не баючыся людзей, з'яўляўся перад ім немаведама адкуль вуж. У гэты момант нехта загрукаў у браму, і сабакі забрахалі. Выбег парабак і, вярнуўшыся, паведамляе: прыехаў пан Марагоўскі[64]. Пан Завальня саскочыў з ложка, хуценька апранаецца, каб павітаць госця.

— Ці не дазволіш мне пераначаваць, пане Завальня, — сказаў Марагоўскі. — У такую завіруху твой дом — адзіны прытулак. І гэтыя таксама (зірнуўшы на падарожных) схаваліся ад буры і, пэўна, баюць пану казкі.

Сяляне і парабкі адзін за адным падаліся ў пакой для чэлядзі.

— Я перашкодзіў, але маю чалавека, які заменіць усіх. Мой фурман Якуш любіць расказваць прыгоды хоць бы і цэлую ноч; няхай толькі коней выпража. Ах, як я замёрз!

Пан Завальня адразу загадаў сваёй сваячніцы прыгатаваць што-небудзь на вячэру.

— А што, пане асэсар[65], можа, кроплю гарэлачкі? Яна крыху адагрэе. Пан, пэўна, едзе ў Полацак забраць сына, бо ўжо хутка Каляды; гэта добра, няхай адпачне ад вучэння і перабачыцца з роднымі.

— А пан дзетак сваіх — Стася і Юзіка — будзе забіраць дадому?

— Трэба, трэба. Паслязаўтра мушу пасылаць.

— Даручы мне, я забяру.

— Вельмі буду ўдзячны, калі пан такі ласкавы.

Пасля пан Марагоўскі, загаварыўшы да мяне, прасіў, каб на Каляды прыехаў і пабыў колькі дзён у яго: паклікаў, маўляў, ён шмат маладых гасцей, з якімі прыемна мне будзе прабавіць час.

Хутка прынеслі вячэру. Мой дзядзька, размаўляючы з госцем, усё мяне нахвальваў:

— Нябож мой, Янка, відаць, часу ў езуітаў не марнаваў: шмат цікавага з розных ксёнжак ведае.

— А ці любіць нашы беларускія казкі?

— Калі тут нядаўна колькі падарожных сялян апавядалі, што выпала ім бачыць або чуць у жыцці, дык я запрыкмеціў, што Янка толькі іх і слухаў. Ён любіць такія гісторыі, але ж, праўда, і гісторыі былі цікавыя: пра чары ды пра людзей, што пабраталіся са злым духам.

— Вось і мой фурман Якуш шмат бачыў і чуў у сваім жыцці. Пачне апавядаць — Бог ведае адкуль у яго бярэцца, а ўжо што да ваўкалакаў, дык з першага позірку іх пазнае. Вось акурат перад гэтаю бураю сустракаем мы двух ваўкоў, што спыніліся паблізу ад дарогі. Я бяру стрэльбу і хачу стрэліць. Якуш павярнуўся да мяне і закрычаў: «Не страляй, пане, бо ў іх душы чалавечыя. Калі заб'еш якога, дык душа ягоная пойдзе ў пекла, не адпакутаваўшы за грахі. А за гэта і пан адкажа перад Богам». Не скончыў ён яшчэ гаварыць, а ваўкі ўцяклі.

Пасля вячэры паклікалі Якуша.

— Ну, Якуш, — сказаў Марагоўскі, — за тое, што гаспадар быў ласкавы пусціць нас на начлег у гэтую лютую буру, раскажы што-небудзь пра ваўкалакаў, толькі глядзі, кажы праўду.

_

63 14 верасня па народным календары — Узвіжанне. Лічылася, што з гэтага дня восень рухаецца насустрач зіме, птушкі адлятаюць у вырай, усякія гады хаваюцца ў свае сховы. Забаранялася хадзіць у гэты дзень у лес, бо ўкус гадзюкі быў самы небяспечны. Апрача таго, лесавік у гэты дзень робіць агляд усіх падначаленых яму істот.

64 У творы па-рознаму (Мрагоўскі, Марагоўскі) даецца напісанне гэтага прозвішча, але, бясспрэчна, паходзіць яно ад вёскі Марогі (сённяшнія Мурагі), малое радзімы Я. Баршчэўскага.

65 Асэсар — судовая пасада ў Вялікім княстве Літоўскім. У расійскай імперыі асэсары ўтваралі земскую паліцыю павета.

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE

_____