×

我们使用 cookie 帮助改善 LingQ。通过浏览本网站,表示你同意我们的 cookie 政策.

image

Палескія рабінзоны, XV б

XV б

Усё гэта было б нават смешна, каб не было гэтак небяспечна.

Не сядзелася ім на месцы. Увесь час пазіралі ў той бок, дзе былі «дабрадзеі». Нарэшце Віктар не вытрымаў:

- Не! Не магу! Ідзём схаваемся побач.

Адышліся ў балота, у зараснік, і там заселі. Адтуль была відаць і іх стаянка, і дарога, па якой маглі прыйсці ворагі. Нарэшце паказаліся і яны. Падышлі да будана і селі каля вогнішча.

- Каб канчаткова ўпэўніцца, трэба пачакаць вечара, - сказаў малады, - калі яны яшчэ жывыя, то павінны прыйсці сюды начаваць.

- Але ў такім разе мы сёння не зможам вярнуцца назад, - заўважыў чорны.

- Ну, дык пераначуем тут. Вось і будан ёсць. Нават барсучыная скура ў ім. А вунь і палова зайца, і рыба вісіць. Заяц, відаць, яшчэ свежы. Значыцца, учора яны тут жылі. Калі загінулі, дык толькі сёння.

Бандыты падклалі ў агонь дроў. Чорны выняў з торбы хлеба, сала, солі.

Калі ўбачылі гэта хлопцы, дык у іх аж сліна пацякла.

- А можа, пакаштуем іхняга зайца? - сказаў малады.

- Не варта важдацца.

- Ну, дык я маленькі кавалачак сабе спяку. - Падышоў, узяў зайца і сказаў: - Як ён скрэмзаны. Відаць, у іх нажа не было.

- А вось неяк трымаліся, чортавы дзеці! - буркнуў чорны. - І якім чынам здолелі зайца злавіць?

- Мусіць, іх там навучаюць цяпер розным такім штукам, - казаў малады, адразаючы нажом тонкую лусту мяса. Потым палажыў яе ў попел.

Хвіліну памаўчалі, глядзелі, як скварыцца мяса. Надыходзіў вечар. Навокал было так спакойна і мірна, што цяжка было падумаць пра тую людскую жорсткасць, якая панавала тут у гэты час. Відаць, гэты настрой мімаволі ахапіў і малодшага.

- А можа, плюнуць на ўсю гэтую справу і пайсці дадому, пакуль не позна? - прамовіў ён.

Чорны сурова зірнуў на яго:

- Праз два тыдні нам спатрэбіцца гэта месца. Калі мы страцім яго, нам самім прыйдзецца рызыкаваць жыццём. Няўжо ж з-за гэтых шчанят ты сам згодзен пацярпець?

- Ды я гэта кажу толькі таму, што ўпэўнены ў іх смерці. Наўрад ці могуць яны столькі часу не прыходзіць.

- Каб цвёрда быць упэўненым, трэба перачакаць ноч, - сурова сказаў чорны.

Малады выняў мяса, пачысціў яго, пасыпаў соллю і са смакам пачаў есці.

- Нішто, - сказаў ён. - Раю і табе.

- Не хачу гэткага дабра, - махнуў рукой яго таварыш.

Бедныя хлопцы ледзь не плакалі, калі глядзелі, з якім смакам есць вораг іхняе мяса. Ды яшчэ з хлебам, з соллю! Хоць бы драбінку гэтага хлеба і солі пакаштаваць.

- Кладзёмся спаць, - прапанаваў стары. - Калі прыйдуць, не пакрыўдзяцца. Яны і спадзявацца не маглі ўбачыць тут людзей, якія могуць іх вывесці.

Віктар сціснуў кулакі, заскрыгатаў зубамі і ледзь не зароў ад злосці.

Стары ўлез у будку, палажыў пад сябе стрэльбу і разлёгся на скуры.

- Паглядзі, там яны чарапаху паставілі на бярозавы сок, - сказаў ён з будана. - Піць хочацца.

Малады пайшоў, узяў чарапаху і паднёс свайму таварышу.

- Добрая рэч, дай Бог ім здароўя, - засмяяўся той.

Потым і другі ўлез у будан. Пра нешта яшчэ пагутарылі там, але хлопцы не маглі разабраць.

Стаяла цішыня. Толькі нейкія вячэрнія птушкі часам парушалі яе. Надышла ноч. Хлопцы сядзелі ў сваёй засадзе, нібы скамянелыя. Ім здавалася, што ў гэткай цішыні чуваць не толькі кожны іх рух, але і дыханне, нават стук сэрцаў. Доўга не адважваліся яны паварушыцца. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а яны ўсё яшчэ баяліся крануцца з месца. Ад холаду і вільгаці пачалі дрыжаць.

- Ну, давай вылазіць, - прашаптаў Віктар.

Паварушыліся - і зараз жа храснуў леташні сухі чаротнік. Самлелі хлопцы, стаілі дыханне, прыслухаліся - нічога. Палезлі далей.

І вось тут адбылося самае жудаснае ў іхняй гісторыі: Мірон заблытаўся нагамі ў лазняку і... ляснуўся на зямлю.

У будцы зараз жа заварушыліся, і адтуль вылез чорны бандыт са стрэльбай у руках. Зірнуў ва ўсе бакі, прыслухаўся, пачакаў некалькі хвілін і схаваўся назад.

- Што там такое? Можа, яны? - пачуўся сонны голас маладога.

- Не. Мусіць, звер які.

Хлопцы прыліплі да зямлі ў самых недарэчных позах. Мірон ляжаў тварам у балоце з задранай дагары нагою. Віктар перш сядзеў на кукішках, а пасля паваліўся на бок і абапёрся адною рукою аб зямлю. І ў гэткім становішчы яны павінны былі яшчэ доўга чакаць, пакуль можна было рухацца далей. Нарэшце дачакаліся гэтага часу і папаўзлі.

Калі яны адышліся далёка, Віктар аж з кулакамі накінуўся на Мірона.

- Ах ты, мядзведзь касалапы! - сіпеў ён. - Праз цябе ледзь не загінулі!

- Ну-ну, - вінавата казаў Мірон. - Нічога дрэннага не здарылася. Не магло ж ім прыйсці ў галаву, што гэта мы.

- Ну, а калі б палічылі цябе за звера ды ўсадзілі кулю, лепш было б?

- Ды кінь ты ўжо! Усё мінула. Давай лепш памяркуем, што рабіць далей.

Віктару рупіла падкрасціся да бандытаў і сцягнуць стрэльбу, але Мірон стрымліваў яго.

- Па-першае, - казаў ён, - стрэльбу выцягнуць з-пад яго нялёгка. Бачыш, як ён чула спіць? Па-другое, нават каб і ўдалося, ці здолеем мы з імі справіцца? У малодшага, а можа, і ў старэйшага, напэўна, ёсць рэвальвер: не пойдзе бандыт на такую справу без рэвальвера. А тады ўжо будзе іншая рэч.

Думка аб рэвальверы не прыходзіла Віктару ў галаву і цяпер вельмі збянтэжыла яго.

- Нам толькі забіць гэтага старога чорта ў сне, а другому мы ўдвух далі б рады, - трымаўся яшчэ Віктар.

- Яно, можа, і так, - разважаў Мірон. - А як ты заб'еш яго адразу, калі з будкі толькі ногі яго тырчаць? А калі толькі параніш, то з рэвальверамі яны нас перамогуць.

- Ты, мусіць, баішся? - папікнуў Віктар.

- Што? - пакрыўдзіўся Мірон. - У такім разе, ты добра падумай і скажы: ці так я кажу, ці не? Калі ты шчыра скажаш, што не так, тады я пайду з табою на рызыку.

- Вось каб ведаць, што рэвальвераў няма, - нерашуча прамовіў Віктар.

- Зноў кажу: яны ішлі спецыяльна, каб загубіць нас. Няўжо ж не ўзялі з сабой рэвальвера?

Віктар павінен быў згадзіцца і з гэтым.

- Падыдзем бліжэй, паглядзім.

Падкраліся, прыслухаліся, зазірнулі ўсярэдзіну. У цемры нічога не было відаць, толькі ногі высоўваліся з будана. Тут ужо і Віктар пераканаўся, што лезці ў цемры ў цесную будку нельга.

- Якая прыкрасць, - прашаптаў ён, калі адышліся. - Вораг спіць побач, і нічога нельга яму зрабіць!

- Пакуль што добра ўжо тое, што самі выратаваліся. А ў твар іх мы не забудзем і абавязкова знойдзем з дапамогай тых, каму гэта належыць.

Гэтая думка канчаткова супакоіла Віктара.

- У такім разе пойдзем і мы спаць куды-небудзь далей, - сказаў ён.

Яны адышліся, прынамсі, на кіламетр і прытуліліся пад дрэвам.

А калі на світанні зноў падкраліся да будана, бандытаў ужо не было. Не было і барсучынай скуры.

- Затое глянь, што яны нам пакінулі, - сказаў Мірон.

На зямлі засталася паперка з соллю і некалькі агрызкаў хлеба. Як шалёныя накінуліся хлопцы на гэтыя рэшткі і праглынулі не толькі агрызкі, але падабралі і ўсе малюсенькія драбкі. Віктар нават узяў сабе ў рот каліўца солі.

- Ах, якая смачная, салодкая! - цмокнуў ён. - Смачней за ўсе цукеркі і ласункі.

Пакаштаваў і Мірон. Аднак, калі Віктар яшчэ захацеў узяць, Мірон не даў.

- Гэтак ты ўсё з'ясі! - сказаў ён і дадаў: - Цяпер я не шкадую, што яны адрэзалі сабе нашага зайца. Я і добраахвотна згадзіўся б на такі тавараабмен.

Раптам Віктар крыкнуў і пляснуў сябе па галаве.

- Як жа мы не здагадаліся прасачыць, кудой яны выходзяць? - Вось гэта дык глупства з нашага боку! - сказаў Мірон.

- І як мы маглі забыцца? Мусіць, непасрэдная небяспека ды соль зацямнілі наш розум.

- Пабяжым хоць цяпер! - крыкнуў Віктар і кінуўся наперад.

- Стой! Пачакай! - затрымаў яго Мірон. - Не забывайся, што небяспека не мінула. Можа, яны дзе па лесе ходзяць. Можа, мы ім трапім на вочы. Трэба красціся асцярожна, хавацца за кожным кустом, за кожным дрэвам.

Хоць такім спосабам і мала было надзеі дагнаць бандытаў, якія ішлі вольна, але бегчы было немагчыма.

Доўга яны ішлі такім чынам, часам і перабягалі, але бандытаў не бачылі. Калі ўжо канчаткова пераканаліся, што іх на востраве няма, пачалі шукаць сляды каля балота.

Між тым сабраліся хмары, загрукатаў гром, упалі першыя кроплі дажджу. Трэба было бегчы ратаваць агонь. І калі хлопцы непадалёк ад таго месца, дзе яны самі перабіраліся на суседні востраў, заўважылі свежыя сляды дзвюх пар ботаў, яны не адважыліся пайсці па іх. Рызыкаваць агнём было нельга.

- Цяпер мы напэўна ведаем, што шукаць пераходу на нашым востраве няма сэнсу, - сказаў Мірон, паварочваючы назад. - Гэта ўжо добра. А дагнаць мы іх наўрад ці дагонім...

- Значыць, прыйдзецца чакаць два тыдні. Яны абяцалі прыйсці па нейкай сваёй цёмнай справе. Тады падрыхтуемся ўжо і будзем разумнейшымі.

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE