XVII
Зноў дарэмная спроба. - Апрацоўка запасаў. - Па мёд. - Гібель гаспадаркі. - Змаганне з роспаччу. - Звярыныя недаедкі.
Цяпер ужо можна было пачынаць пошукі дарогі. Першы дзень яны бадай увесь і патрацілі на гэтую справу. След бандытаў паказаў, што праход быў недзе за суседнім востравам. Значыцца, адразу адпадала патрэба шукаць за гэтым. За першы ж дзень яны добра агледзелі трэцюю частку ўсяго берага, які ім належала абследаваць. У адным месцы яны прасунуліся досыць далёка, аднак далей усё роўна была такая дрыгва, што прайсці праз яе і думаць нельга было.
Але хлопцы і не спадзяваліся на хуткі поспех і вярнуліся дадому, задаволеныя ўжо тым, што частка задачы выканана. У дарозе яны выкарыстоўвалі кожны выпадак, каб скубануць чаго-небудзь расліннага: ці аеру, ці шчаўя, ці сыраежку, ці якую зялёненькую лісцінку.
- Дзіўная рэч, - казаў Віктар, - цяпер я ем кожную лісціну з большым смакам і ахвотай, як тады, калі два дні нічога не еў.
- Гэта таму, - растлумачыў Мірон, - што наш арганізм патрабуе змены стравы, патрабуе зеляніны ці наогул чаго-небудзь расліннага.
Паміж іншым, на галіне ліпы яны заўважылі нейкую цікавую расліну. Гэта быў нібы куст з доўгімі сцябламі, дробным светленькім лісцем і дробненькімі жоўценькімі кветкамі. Прыладзіўся ён на галіне стажком і, здаецца, з зямлёй ніякай сувязі не меў. Калі ўбачыў яго Мірон, то крыкнуў:
- Гані вон гэтага драпежніка! Гэта амела, шкодная расліна, таксама паўднёвы госць. Яна жыве выключна на чужым карку. Птушкі ласуюцца яе ягадамі, а потым чысцяць свой нос на галіне другога дрэва. Ліпкі сок прыклейваецца, і гэтага досыць, каб расліна пачала расці.
Віктар ахвотна здзёр і скінуў драпежніка.
- Але ж і ўчапілася! - заўважыў ён. - Мусіць, зноў пачне расці.
- Пэўна, бо свае тонкія карэньчыкі яна запускае глыбока ў дрэва. Нават можна па глыбіні пазнаць, колькі часу яна тут жыве. Але ўсё-такі лягчэй будзе беднаму дрэву.
Дома ім сапсавала настрой дымарня. Ім здавалася, што шынкі пачнуць падсыхаць і набываць такі выгляд, у якім звычайна ўсе мы прывыклі іх бачыць, а тым часам адбывалася нібы наадварот: яны рабіліся больш мяккімі, разлезлымі і, здавалася, псаваліся хутчэй, як без акурвання.
- Відаць, нічога не выйдзе, - журыўся Мірон. - Іх трэба і саліць, і сушыць доўга, а потым ужо акурваць. Апрача таго, вецер адносіць дым. Выходзіць, што мы самі толькі псуём іх. Лепш ужо спячы - даўжэй захаваюцца.
- І высушыць, - дадаў Віктар.
Знялі мяса і ўзяліся за новую справу. Адразу выявілася, што сушыць нельга, бо не было чым парэзаць на тонкія лусты. Пачалі кавалкамі пячы. Да ночы ў шалашы было ўжо шмат печаных кавалкаў.
Мірон дадумаўся нават да рацыяналізацыі. Таму што солі, якая ў іх была, не хапала, каб пасаліць мяса, ён засаліў крыху вады і памачыў у ёй кавалкі мяса.
- Гэта пойдзе ў лік пайка, - звярнуўся ён да Віктара. - Дадаваць да такога кавалка яшчэ солі ты не будзеш мець права.
- Я і не думаю, абы толькі захаваць на лішні дзень.
- Але ў адну кучу іх усе класці нельга, каб не загніліся, - прамовіў Мірон і азірнуўся навакол.
- Тады паложым іх у хлеў, - сказаў Віктар. - Пакуль што ён у нас пусты.
Там на сухіх галінках і расклалі кавалкі паасобку. Гаршкі пакінулі сушыцца над агнём.
- Мы ж забыліся пра нашых пчол, - сказаў Віктар, калі яны паляглі ўжо спаць.
- Туды пойдзем заўтра раніцою, - адказаў Мірон.
Назаўтра ўзялі з сабой адзін з гаршкоў, палажылі туды вугольчыкаў і пайшлі па мёд. Пад дрэвам расклалі агонь. Але як выкурыць пчол там, наверсе?
- Я палезу туды, а ты мне падасі тычку запаленага моху, - прапанаваў Віктар.
- Каб знайсці добрую жэрдку, дык лепш было б з зямлі прасунуць, - сказаў Мірон. - Спакайней, ды і табе не прыйшлося б цярпець.
Вышыня была такая, што адпаведную жэрдку можна было знайсці. Знайшлі добрую арэшыну, запалілі камяк моху і прасунулі ў дзірку. Як загуло там! Хлопцы зараз жа адбегліся, але зноў падысці не маглі: раз'юшаныя пчолы лёталі навакол і, відаць, зусім не думалі адлятаць. Нарэшце хлопцы вымушаны былі пакінуць іх, каб прыйсці ў другі раз. Перад адыходам Мірон яшчэ запхнуў камяк, хоць і пацярпеў за гэта: два гузакі ўсхапіліся на твары.
Пакінулі гаршчок каля дрэва, а самі пайшлі на сваё абследаванне. Зноў пачалася такая ж пакутная і бескарысная праца. Гадзіны чатыры яны бадзяліся каля балота і вярнуліся без нічога, як заўсёды. Па дарозе яшчэ раз наведалі пчол. На гэты раз там было ўжо ціха. Толькі дзе-нідзе жаласна звінела адзінокая пчала.
Насілу Віктар выцягнуў з дупла соты. Але здабыча была вельмі малая: усё чарва.
- Ды гэтага і чакаць трэба было, - сказаў Мірон. - Новага мёду не маглі яшчэ назбіраць. Засталіся толькі леташнія рэшткі.
- Дзякуй і за гэта. Шклянка добрая набярэцца, - казаў Віктар, аблізваючы пальцы.
- Цяпер мы жывём! - разважаў Мірон, калі ішлі назад. - Калі ўзяць, напрыклад, ды змяшаць з мёдам ліпавае лісце, дык будзе такая страва, ад якой ніхто і дома не адмовіўся б. Пасля мяса гэта будзе вельмі дарэчы.
- Пачакай цешыцца, - усміхнуўся Віктар. - Можа, звар'яцееш яшчэ. - Чаму так? - прыпыніўся Мірон.
- Забыўся? А можа, гэта мёд з той цудоўнай азаліі?
- Ну, не. Столькі не набяруць.
- Калі не зусім, дык крыху ашалееш.
З гэткімі гутаркамі яны весела ішлі дадому і не думалі пра тое, што іх там магло чакаць.
А калі прыйшлі, то ўбачылі такую карціну, ад якой аж уваччу пацямнела: абгрызеныя косці, разбураны хлеў і сляды звяроў...
У Мірона ледзь гаршчок не вываліўся з рук, а Віктар забегаў і закрычаў, нібы хто яго ўкусіў.
- Ах, праклятыя! Хто гэта? Як гэта здарылася? - Мы забыліся, што апрача нас у лесе яшчэ ёсць насельнікі: лісы, ваўкі, дзікі, - панура сказаў Мірон. - Вось хто-небудзь з іх і паквапіўся.
Віктар пачаў прыглядацца да слядоў.
- Ды тут іх шмат было! - сказаў ён.
- Вось сляды нібы ваўка, вось - нібы кошкі. А тут вунь яшчэ нейкія. Адкуль яны ўсе разам сабраліся?
- А навошта было ім збірацца ўсім разам. Спачатку хто-небудзь адзін прыйшоў, разбурыў, наеўся, а там маглі пачуць і падысці іншыя. Але нам ад гэтага не лепш.
- Што ж мы цяпер будзем рабіць? - схапіўся за галаву Віктар.
- Тое, што і да гэтага часу, - спакойна адказаў Мірон. - Трэба думаць, што не загінем, як і дагэтуль.
Спакойны тон Мірона крыху суцешыў і Віктара. Выбух роспачы сцішыўся, а там яны ўзялі сябе ў рукі і сталі глядзець на справу цвяроза. Усё роўна назад не вернеш. Калі забыліся, дзе знаходзяцца, зрабілі памылку, дык трэба прыняць яе пад увагу і другі раз быць разумнейшымі.
- Вось ужо колькі памылак мы нарабілі, - разважаў Віктар, - кожны раз абяцаем быць разумнейшымі і ўсё аніяк не можам паразумнець.
Мірон нават засмяяўся.
- Ці ведаеш, што мы і так разумныя? - сказаў ён.
- Не відаць гэтага, - паківаў галавой Віктар.
- Добра відаць. Калі яшчэ не памерлі, значыцца, не дурныя. А калі пажывём у гэткіх умовах год, то я абяцаю табе, што памылак у нас амаль не будзе.
- А калі дзесяць год, дык аніводнай не будзе! - сказаў панура Віктар.
- Пэўна, - сур'ёзна адказаў Мірон. - На ўсё трэба практыка, а ты адразу хочаш зрабіцца чалавекам без хібаў.
- Але дзе ж мы цяпер другога такога мядзведзя знойдзем? - ужо жартам прамовіў Віктар.
- На наш век дурняў хопіць, - засмяяўся Мірон. - Пратрымаемся як-небудзь тыдзень, а там прыйдуць нашы «збаўцы».
- Ты іх лічыш дурнямі?
- Калі мы іх перахітрым, - так.
- А калі яны?
- Тады мы будзем дурнямі.
Паступова вастрыня ўражання змяншалася. Забыцца на няшчасце, не шкадаваць яны, вядома, не маглі, але будучыня ўжо не здавалася ім безнадзейнай.
- Давай падбяром хоць агрызкі, - сказаў Мірон.
- А можа, яшчэ якую хваробу схопіш ад іх?
- Я думаю, тутэйшыя звяры адчуваюць сябе лепш, як мы.
Такіх недаедкаў навакол набралася столькі, што хлопцам магло хапіць на ўвесь заўтрашні дзень. А потым яны пачалі суцяшаць сябе тым, што, можа, паслязаўтра мяса і само сапсавалася б. А калі ўбачылі, што рэштка солі засталася некранутай, то яшчэ лягчэй зрабілася на сэрцы.