×

我們使用cookies幫助改善LingQ。通過流覽本網站,表示你同意我們的 cookie 政策.

image

Палескія рабінзоны, VIII б

VIII б

Было яшчэ рана, не пазней за поўдзень. Часу заставалася досыць для гаспадарскай працы. Паабедалі рыбай, арэхамі і журавінамі.

Скуру змяі павесілі сушыцца, а з вожыка пачалі рабіць булаву. Але ж і папакутавалі, пакуль знялі з яго скуру сваім «нажом»! Скрывавілі ўсе чатыры рукі. Затое булава выйшла на славу! Толькі Мірон усумніўся ў ёй.

- Супраць чалавека, - сказаў ён, - лепшай і не трэба. А што ты зробіш са зверам? Для яго гэтыя іглы - нішто.

- А ўсё ж такі лепш, як голая дубіна, - цешыўся Віктар.

Цяпер, калі непасрэдная пагроза голаду адсунулася, яны мацней адчулі недахват адной дробязі - пасудзіны ці якога чарапка для вады. Увесь час ім прыходзілася піць жменямі, а калі вада спала, то зусім дрэнна зрабілася: часам да чыстай вады нельга было даступіцца так, каб дастаць яе абедзвюма рукамі, і даводзілася піць брудную.

- Гэткае глупства ды так перашкаджае! - злаваў Віктар. - Пойдзем шукаць гліны, можа, злепім які чарапок.

- Хадзем на рыбу і па дарозе пашукаем, - згадзіўся Мірон. - Да захаду сонца застаецца яшчэ гадзін з пяць.

Але не так лёгка было знайсці гліну, як гэта здавалася. То пяскі, то балота - а гліны ні знаку. Усё далей і далей зварочвалі яны ўбок. Падыходзячы да аднаго балотца, здалёк заўважылі, што на беразе яго нехта капошыцца. Хлопцы прыпыніліся і пачалі ціхенька красціся. Але чым больш набліжаліся, тым болей дзівіліся: гэты «нехта» не быў падобны ні на звера, ні на птушку. Проста штосьці круглае круцілася на месцы, станавілася рубам.

- Чарапаха! - прашаптаў Віктар.

Хлопцы спыніліся і пачалі наглядаць за ёй. Чарапаха была велічынёю з шапку. Яна неяк смешна і нязграбна прыстасоўвалася, каб хвастом выкапаць у зямлі ямку, і была так занята сваёю справай, што нічога не заўважала навакол. Хлопцы падпаўзлі зусім блізка.

- Што яна робіць? - прашаптаў Мірон.

- Ямку капае, каб пакласці туды яечкі, - шэптам адказаў Віктар.

- Ці не пачакаць, пакуль яна паложыць? Кажуць, яе яечкі вельмі смачныя.

- Можа, яны і сапраўды смачныя, - сказаў Віктар, - але і яна не дурная: яна ўмее зрабіць так, каб такія ласуны, як ты, іх не елі.

- Якім чынам?

- Вельмі проста: палажыўшы яйкі, яна мочыць іх нечым вельмі непрыемным.

- Не можа быць! Хто табе казаў?

- У кніжцы чытаў.

- Тады ўперад! На чарапаху! - крыкнуў Мірон.

Хлопцы выскачылі і схапілі бездапаможную жывёліну. Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр.

- Як жа да яе даступіцца? - казаў Віктар, варочаючы яе ў руках.

- Прыйдзецца праз дзірку закалоць.

З жалем выканалі яны гэты непрыемны абавязак.

- Я думаю, не трэба нам цяпер далей ісці, - сказаў Мірон. - Адразу маем і вячэру, і пасудзіну.

Вярнуліся дадому. Нялёгка было выцягнуць чарапаху з яе панцыра, але вячэру на гэты раз хлопцы мелі выключную. Пасудзіну таксама атрымалі добрую. Толькі крыху перашкаджаў ніжні, з чэрава, панцыр. Аднак Мірон лічыў, што гэта нават і лепш.

- Набіраць ваду і піць не перашкаджае, а разам з гэтым маем міску з накрыўкай.

- А ці нельга будзе ў ёй гатаваць ваду? - запытаўся Віктар. - Вельмі хочацца якога-небудзь чаю ці юшкі.

- Мусіць, нельга, бо яна рагавая і павінна смаліцца. Пачакай! - схамянуўся Мірон. - Мы ж можам мець чай, нават салодкі!

- Адкуль?

- Ды сок бярозавы!

- І як гэта нам раней у галаву не прыйшло! - пляснуў сябе па лбе Віктар. - Нават з бяросты можна было зрабіць пасудзіну для вады. Ах мы, дурныя!..

- Гэта ўжо такі закон чалавечага развіцця, - важна сказаў Мірон. - Спачатку ўся ўвага аддаецца на самыя галоўныя, першачарговыя патрэбы, а потым ужо чалавек можа падумаць пра іншае.

Сонца схілялася на захад.

- Пойдзем, паставім нанач нашу чарапаху, каб заўтра мець чай, - сказаў Мірон.

Пайшлі, выкалупалі ў бярозе дзірку. Але як падставіць сваю пасудзіну, калі яна з накрыўкай?

Мірон уціснуў у дзірку галінку, а другі канец прасунуў у чарапаху.

- Хоць і марудна пойдзе і прападзе частка соку, але да раніцы набярэцца, - сказаў ён.

Над галавой іх нехта ціхенька праляцеў і ўчапіўся за суседнюю бярозу.

- Што гэта такое? - здзівіўся Мірон.

- Ні птушка, ні кажан, ні вавёрка. Здаецца, поўсць нейкага шызага колеру. Ну, спец, растлумач.

Жывёла нязграбна поркалася ў вілаваціне бярозы. Віктар прыгледзеўся.

- Гэта ляцяга, або лятучая вавёрка, - сказаў ён нарэшце. - Хоць яна і значна адрозніваецца ад вавёркі. Удзень яна звычайна сядзіць у сваім гняздзе.

- Колькі тут рознага звяр'я, якога нават і не ведаеш, - паціснуў плячыма Мірон. - Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, - сказаў Віктар, - тады і нам не прыйшлося б тут сядзець.

- Чаму так?

- Вельмі проста. Калі тут многа звяроў, значыць, рэдка бываюць людзі, значыць, дабрацца сюды цяжка... А таксама і выбрацца, - дадаў Віктар.

«Крэ-крэк», - пачуўся недзе голас драча.

- І ён тут! - здзівіўся Мірон.

- Да гэтага часу я чуў яго толькі ў жыце.

- Гэта, мусіць, падарожны, - аўтарытэтна сказаў Віктар. - Відаць, толькі што прыйшоў з Афрыкі.

- Як гэта «прыйшоў»? - здзівіўся Мірон.

- Ды прыпёр пехатою і ўсё.

- З Афрыкі?

- Але.

Мірон зарагатаў.

- Ты не рагачы, я кажу сур'ёзна. Сам у кнізе чытаў. Яны дрэнна лятаюць і не любяць ляцець. Таму і лічаць за лепшае ісці і тады толькі падымаюцца, калі на дарозе вада ці іншая перашкода.

Мірон павінен быў паверыць, але доўга яшчэ смяяўся з гэтага дзіўнага пешахода.

- Усё было б нішто, - казаў Віктар, калі яны паляглі ў сваёй будцы, - але накрыцца няма чым. Уначы халаднавата бывае.

- Затое гэта прымушае вылазіць і падтрымліваць агонь, - адказаў Мірон. - А іначай ён калі-небудзь можа і загаснуць.

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE